Павел Латушка таксама стварае партыю


Пратэст каля Купалаўскага тэатру. Дырэктар Павел Латушка. Менск, Беларусь. 17 жніўня 2020 года.
Фота: ТК / Vot-tak.tv / Belsat.eu

Кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення Павел Латушка абвясціў пра намер стварыць палітычную партыю. Паводле яго, «ініцыяванне стварэння партыі – гэта таксама інструмент ціску на рэжым у сучаснасці, які дэманструе нашую абсалютную веру ў перамогу».

Павел Латушка заявіў, што бачыць новую Беларусь парламенцка-прэзідэнцкай рэспублікай, «гэтая форма кіравання – найлепшы спосаб пазбегнуць паўтарэння дыктатуры». Для гэтага і патрэбная партыя.

Кіраўнік НАУ падкрэсліў важнасць стварэння палітычнай структуры «яшчэ да сыходу Лукашэнкі, каб мець магчымасць своечасова адрэагаваць на палітычны вакуум, які ўтворыцца пасля гэтай падзеі».

«Мы фактычна працуем на апярэджанне. Мы разумеем, што ў гэтых рэаліях наўрад ці магчыма зарэгістраваць партыю, але загадзя рыхтуемся да таго, каб зрабіць гэта, як толькі ў краіне зʼявяцца палітычныя і прававыя ўмовы. Хутка мы прэзентуем бяспечную платформу для абʼяднання аднадумцаў у будучую партыю», – сказаў Латушка.

На думку палітыка, таксама трэба быць гатовым «да сцэнара, калі дыктатар пад уплывам вонкавых сілаў створыць сваю партыю і кішэнныя партыі, каб прадэманстраваць псеўдадэмакратыю».

«Дэмакратычныя партыі пры падтрыманні беларусаў заблакуюць ягоныя задумы», – мяркуе палітык.

Пры гэтым Латушка падкрэсліў, што «НАУ працягне факусавацца на ціску на рэжым, прымусе яго да выканання ўмоваў беларускага грамадства і да перамоваў, а таксама на забеспячэнні стабільнасці ў пераходны перыяд і спыніць працу, як толькі краіна атрымае новага, законна абранага прэзідэнта». Партыя ж зоймецца будаўніцтвам новай Беларусі ў межах шматпартыйнай сістэмы, падкрэсліў палітык.

Hавiны
Віктар Бабарыка з вязніцы зноў заклікаў стварыць партыю «Разам»
2021.03.29 10:42

У канцы сакавіка ідэю стварыць партыю «Разам» паўторна агучыла каманда экс-прэтэндэнта на пасаду прэзідэнта Беларусі Віктара Бабарыкі. Таксама пра стварэнне іншых партыяў раней заяўлялі іншыя прадстаўнікі як з апазіцыйнага, гэтак і праўладнага лагеру.

МГ belsat.eu

Стужка навінаў