«Пакуль ёсць доблесная міліцыя – не будзе ў вас пераменаў». Гісторыя № 19 праекту «Мне яшчэ пашанцавала»

Публікуем гісторыі белсатаўскага праекту, прысвечанага пацярпелым ад дзеянняў сілавікоў.

Мянчук Мікалай Ізаітка – адзін з тых дзясяткаў людзей, якіх затрымлівалі на пустых вуліцах, калі яны проста вярталіся дадому. На руцэ ў хлопца быў закручаны белы бінт. Гэта пабачылі супрацоўнікі ўнутраных войскаў, зірнулі ды сказалі: «Усё ясна, забіраем». Пакуль сілавікі хапалі іншых, Міколу загадалі сядзець на бардзюры. У хлопца склалася ўражанне, што вайскоўцы мелі нарматыў колькасці затрыманых, бо забіралі відавочна выпадковых людзей: напрыклад, мужчыну, які выйшаў у тэпцях на запраўку набыць піва.

Мікалай Ізаітка. Фота: Белсат

У Фрунзенскім упраўленні ўнутраных справаў Менску іх сустракаў АМАП: адразу на прыступках будынку пачалі збіваць. Надзелі кайданкі, завялі ў спартовую залу, паклалі на падлогу. Хадзілі ўздоўж шэрагаў і білі. Мікалая збівалі са словамі:

«Дзе цяпер вашая Ціханоўская? Пакуль ёсць доблесная менская міліцыя – не будзе ў вас пераменаў».

На размову хлопца вывелі ў невялікі пакой побач з залай, у ім уся кафля была залітая крывёй.

На Акрэсціна Мікалай ехаў на каленях, збівалі і там. Яму перападала не столькі ад дубінак, колькі ад кулакоў і бутэлек з вадою. Выходзіў праз традыцыйны ўжо для таго часу калідор з сілавікоў.

Вартаўнік не рэагаваў на просьбы затрыманых аб медычнай дапамозе і вадзе. На пытанне, куды іх прывезлі, ён адказаў: «На Гурскага» (на гэтай вуліцы ў Менску месціцца пункт часовага ўтрымання бадзяжных жывёлінаў).

Мікалай Ізаітка намаляваў малюнак на Акрэсціна. Фота: Белсат

Праз дзесяць гадзінаў перавялі ў 5-мясцовую камеру, дзе трымалі 33 асобы. Спаць, ды проста заставацца там, было вельмі цяжка. Уначы прыйшлі супрацоўнікі і далі падпісваць пратакол затрымання са словамі: «Ну што, АМАП біў ці выхоўваў?» Суд над Мікалаем цягнуўся тры хвіліны.

«Удзельнічаў, выкрыкваў, пляскаў у далоні» – і традыцыйна ў пратаколе пададзены не той час, не тое месца затрымання. Судовая пастанова: 15 содняў арышту.

Праз некаторы час хлопца з іншымі затрыманымі вывелі ў двор чакаць перавозу ў Слуцк. У Мікалая разбалеўся каленны сустаў (ён быў пасля аперацыі), нага ацякла і кепска згіналася. Стаяць некалькі гадзінаў на каленях было нясцерпна балюча. На шчасце, медыкі хуткай дапамогі заўважылі стан Мікалаевай нагі ды вывезлі хлопца з Акрэсціна. У шпіталі наклалі гіпс, зрабілі ўколы і адпусцілі дадому.

Усе гісторыі праекту «Мне яшчэ пашанцавала» чытайце, глядзіце і слухайце тут.

Hавiны