Мікалай Казлоў распавёў пра катаванні ў зняволенні


Лідар АГП Мікалай Казлоў пасля вызвалення з ЦІП распавёў пра невыносныя ўмовы ўтрымання вязняў. Палітык заяўляе, што адказнасць за катаванні нясуць кіраўніцтва ЦІП і міністр МУС Кубракоў ды ягонае найбліжэйшае асяроддзе, піша прэсавая служба партыі на сваёй старонцы ў Facebook.

Лідара АГП Мікалая Казлова пасля адбыцця адміністратыўнага арышту вывезлі з Акрэсціна ў кайданках і заціснутаю паміж каленямі галавою, выкінулі за горадам. Гэта не адзінае катаванне, якое ён перажыў за апошнія 15 дзён.

«Гэта не проста парушэнне закону 24 гадзіны за содні, гэта робіцца дэманстратыўна-паказальна. Такое адчуванне, што працаўнік ЦІП – гэта прафесія зневажаць людзей. Вы не можаце напісаць скаргі, бо ў вас элементарна няма паперы і асадкі. Вам адмаўляюць у сустрэчы з адвакатам. І вас проста тэрарызуюць.

Абасраныя каровы на лукашэнкаўскіх фермах маюць больш правоў, чым людзі ў камерах ЦІП. І гэта не перабольшанне. Людзі спяць на падлозе. Няма матрацаў і нават парваных прасцінаў і падушак, набітых ватаю. Людзей столькі, што яны дыхаюць шматкроць перапрацаваным паветрам з мінімальным утрыманнем кіслароду.

Мікалай Казлоў, лідар АГП.
Фота: Белсат

Я прайшоў карцар, пяцідзённае галадаванне, камеру з сямю бамжамі, у якіх любімы занятак – лавіць і ціснуць вошай. Перадачу, якую ў ЦІП прынеслі для мяне ў мінулы чацвер, на рукі мне выдалі толькі ў дзень выхаду на волю. Гэта значыць учора. З такіх дробных паскудстваў вытканыя ўсе паводзіны адміністрацыі ЦІП.

Чалавека толькі за тое, што ён задаў пытанне, забралі з камеры, распранулі і голага (?!) вярнулі назад у камеру. У карцары нам залілі хлёркі столькі, што людзям стала кепска праз некалькі хвілінаў. Я сам два дні быў у такім стане, што здавалася, выплюну лёгкія. Вочы балелі, як пасля зваркі без шчытка. Гэта што? Хочацца спытаць, з якім нацызмам, фашызмам збіраецца змагацца Лукашэнка? Фашызм тут, ён адчувае сябе цалкам камфортна ў ЦІП, у СІЗА. І яго месца – беспакаранасць і ўсёдазволенасць сілавікоў.

Дарэчы, калі інфармацыя пра катаванні хлёркаю выйшла за сцены ЦІП, прыехала здымачная група БТ, і арыштаваных пачалі схіляць да заяваў, што, маўляў, усё добра. Калі нешта падобнае вы ўбачыце на экране, то ведайце, што гэта хлусня!

Hавiны
У ізалятарах часовага ўтрымання катуюць арыштантаў
2021.04.06 18:50

 

Але што мяне радуе і натхняе, дык гэта людзі. Асобы, якія трапілі ў нечалавечыя ўмовы, засталіся людзьмі. Ніхто не ныў, не шкадаваў пра зробленае. Гэта сапраўды грамадзяне з вялікай літары.

Я ўпэўнены, што праўда за намі. І ўсе адказныя за здзекі панясуць заслужанае пакаранне. Кожную раніцу я пачынаў з таго, што казаў ахоўнікам: «Вы парушаеце закон, і вам давядзецца за гэта адказваць!»

І сапраўды прыйдзецца. Не сумняюся ні секунды», – кажа Мікалай Казлоў.

Абноўлена
Старшыню АГП з Акрэсціна даставілі ў шпіталь. Кіраўніка БСДП знайшлі ў ізалятары Жодзіна
2021.03.24 10:06

СК belsat.eu

Стужка навінаў