Лукашэнка абвесціў інфармацыйную вайну. БРСМ створыць сваю сацсетку?


Аляксандр Лукашэнка прызначыў былога менеджара тэлерадыёкампаніі «Мир», якая фармальна ёсць структураю СНД, новым міністрам інфармацыі. На гэтым фоне адбываецца ўзмацненне ціску на незалежныя медыі ды пошук ворагаў унутры і звонку. Што азначае прызначэнне новага міністра, чаму незаконны прэзідэнт абвесціў інфармацыйную вайну і ці згодны ён падпарадкаваць сваю прапаганду Крамлю?

Уладзімір Пярцоў – новы міністр інфармацыі. Былы кіраўнік прадстаўніцтва тэлерадыёкампаніі «Мир» у Беларусі, вядомы правакацыйнымі выказваннямі на лукашэнкаўскім тэлебачанні, цяпер будзе «наводзіць парадак» у беларускай інфармацыйнай прасторы.

Аб’ектыў
«Каб у медыйнай прасторы адсутнічала непадкантрольная дзейнасць». У Міністэрства інфармацыі новы кіраўнік
2021.04.05 23:08

Паўлюк Быкоўскі, медыйны эксперт:

«Трэба арыентавацца на той загад, які даў Аляксандр Лукашэнка, што калі раней было інфармацыйнае супрацьстаянне, то цяпер у нас ужо інфармацыйная вайна. Ну і адпаведна перад кіраўніцтвам Міністэрства інфармацыі і ўвогуле кіраўніцтвам краіны стаіць задача зачысткі інфармацыйнай прасторы».

Раней гэтую задачу выконваў Ігар Луцкі, які цяпер адправіўся на павышэнне – намеснікам старшыні адміністрацыі Лукашэнкі. Сам нелегітымны кіраўнік Беларусі прызнае, што замену знайсці было складана: пэўна, тых, хто хоча падпісацца пад рэпрэсіямі супраць журналістаў і грамадзянскай супольнасці, не так і шмат.

Абноўлена
Не мінула і года. Лукашэнка зноў змяніў міністра інфармацыі
2021.04.05 11:32

Аляксандр Лукашэнка:

«Баюся, што далей горш будзе ў плане інфармацыйнага супрацьстаяння. І таму кожнага чалавека падбіраем ужо, выкрышталізоўваючы з грамадства з, напэўна, тысячаў чалавек аднаго».

Аднак не толькі асабістая лаяльнасць Лукашэнку магла паўплываць на прызначэнне Пярцова.

«Важна тое, што гэта асоба, якая задаволіла кіраўніцтва СНД. Адпаведна, гэта паказвае на сувязі і ўзровень адносінаў гэтай асобы з Масквою, напрыклад», – упэўнены Паўлюк Быкоўскі.

Менавіта перадачу кантролю над інфармацыйнаю палітыкай і запрашэнне лаяльных Крамлю спецыялістаў для кіравання беларускаю дзяржаўнаю прапагандай апошнім часам называюць адной з саступак, на якія Лукашэнка можа пайсці дзеля падтрымання з Расеі. Што праўда, невядома, ці гэтакі ход у прынцыпе цікавы Пуціну.

Іван Цютрын, адказны сакратар Форуму свабоднай Расеі:

«Натуральна, Лукашэнка, як дасведчаны дыктатар, выдатна разумее кропкі, якія маюць прынцыповае значэнне для Пуціна. Цяпер актуалізуецца сітуацыя з Украінай. Таму, я думаю, ён будзе намагацца максімальна трапіць у патрэбы па ўсіх ключавых пытаннях для Пуціна.

Калі раней можна было казаць пра нейкі гандаль, то цяпер сітуацыя абсалютна ў адну браму. І Пуцін як ніхто адчувае момант, калі трэба цалкам браць сітуацыю пад кантроль і цалкам кантраляваць таго ці іншага чалавека. Так што любы калідор магчымасцяў для Лукашэнкі закрыўся».

Што і пацвярджае адкрыта антызаходняя рыторыка Лукашэнкі ды паказная дэманстрацыя лаяльнасці Крамлю. Для ўнутранага карыстання дыктатар таксама карыстаецца жорсткімі выказваннямі, пастаянна падкрэсліваючы важнасць здушэння любых не залежных ад яго галасоў. Прычым нават прарасейскіх: гэтак, на расейскага палітолага беларускага паходжання Дзмітрыя Балкунца ў Беларусі завялі справу за абразу Лукашэнкі. У выніку палітолаг быў вымушаны экстранна з’ехаць з Масквы ў Варшаву, каб пазбегнуць пагрозы затрымання і экстрадыцыі ў Беларусь.

Размова
Як на расейскае тэлебачанне трапляюць эксперты па Беларусі
2021.04.08 22:20

 

Аляксандр Лукашэнка:

«Трэба быць гатовым да любых праяваў дэструктыўнай дзейнасці: ад заклікаў да незаконных забастовак, маніпулявання свядомасцю людзей з дапамогаю інтэрнэт-тэхналогіяў. На кожны падобны крок у арсенале ў нас павінны мецца адэкватныя інструменты рэагавання».

Акрамя дубінкі, рубільніка і турмы прадстаўнікі рэжыму прапаноўваюць і альтэрнатыўныя «інструменты рэагавання». Гэтак, 4 красавіка старшыня БРСМ заявіў пра планы распрацаваць сваю сацыяльную сетку.

Паўлюк Быкоўскі:

«Што тычыцца спробаў стварыць сацыяльныя сеткі лакальнага тыпу, то такія спробы, хутчэй за ўсё, не маюць будучыні. Бо сацыяльная сетка працуе тады, калі яна ахоплівае шмат людзей. І часам нават гэта не атрымліваецца зрабіць у такіх вялікіх гульцоў, як «Google». Іхная сетка «Google+» не пачала працаваць, не стала канкурэнтам «Facebook», і «Google» з ёю развітаўся».

Падобныя праекты маюць поспех хіба ў краінах, дзе цалкам блакуецца доступ да інтэрнэту: напрыклад, у Кітаі ці Іране. Але што там сацыяльныя сеткі – у «YouTube»-канале БРСМ рэдкае відэа набірае прынамсі сотню праглядаў. Таму выглядае, што нашчадкі камсамолу проста шукаюць чарговы спосаб паспяхова асвоіць бюджэт.

Крэмль жа тым часам назірае за гэтымі патугамі Лукашэнкі неяк стабілізаваць сітуацыю ў краіне і не факт, што ўсур’ёз разглядае захады афіцыйнага Менску, каб атрымаць у першую чаргу грашовае падтрыманне. У Маскве, хутчэй, заклапочаныя ўжо будучыняй Беларусі без Лукашэнкі.

ВІДЭА
Лукашэнка агучыў новы хітры план захавання ўлады. Што ён азначае?
2021.04.02 14:51

Іван Цютрын, адказны сакратар Форуму свабоднай Расеі:

«Напэўна, у гэтых сцэнарах ёсць нейкія лідары грамадскай думкі, нейкія палітычныя фігуры, з якімі выбудоўваецца палітычная камунікацыя. Натуральна, тут галоўная ўмова – абсалютная лаяльнасць і гарантыі таго, што постлукашэнкаўская Беларусь пойдзе па шляху далейшай супрацы з Расеяй і супрацьпастаўленні сябе цывілізаванаму заходняму свету».

Такім чынам, з аднаго боку маем асабістае дрэннае стаўленне Пуціна да Лукашэнкі і нежаданне яго ўтрымліваць на свой кошт. З другога – публічныя клятвы ў вернасці Крамлю беларускага дыктатара і непрымальнасць для Масквы ягонага сыходу ў выніку перамогі рэвалюцыі. Вось і даводзіцца назіраць гэтакую гібрыдную падтрымку Лукашэнкі.

Зміцер Міцкевіч для праграмы «ПраСвет»

Калаж з фота: Alexei Nikolsky / TASS / Forum; Aleksey Nikolskyi/Kremlin Pool

 

Стужка навінаў