243-і дзень пратэстаў. Новыя звесткі бязмежжа сілавікоў агучыў «ByPol», Латушка стварае партыю

Акцыі пратэсту ў Беларусі працягваюцца 243 дні. Беларусы патрабуюць адстаўкі Лукашэнкі, спынення гвалту і пакарання вінаватых у прававым бязмежжы. У адказ рэжым узмацняе рэпрэсіі. «Белсат» падводзіць вынікі дня.

«ByPol» апублікавала чарговы аўдыязапіс

Ініцыятыва «ByPol» апублікавала аўдыязапіс, на якім, як заяўляюць, палкоўнік Вайсковай акадэміі Сяргей Мазоўка заклікае курсантаў нічога не баяцца і страляць баявымі патронамі па мірных пратэстоўцах на ягоны загад.

Паводле «ByPol», начальнік агульнавайсковага факультэту ў дзясятых днях жніўня 2020 года, парушаючы вайсковую прысягу, «публічна аддаў злачынны загад сваім курсантам быць гатовымі ўжываць баявую зброю супраць беларусаў, якія выказвалі мірны пратэст супраць фальсіфікацыі вынікаў выбараў прэзідэнта Рэспублікі Беларусь».

«ByPol»: Палкоўнік Вайсковай акадэміі загадаў курсантам страляць па пратэстоўцах баявымі патронамі

Павел Латушка стварае партыю

Кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення Павел Латушка абвясціў пра намер стварыць палітычную партыю. Паводле яго, «ініцыяванне стварэння партыі – гэта таксама інструмент ціску на рэжым у сучаснасці, які дэманструе нашую абсалютную веру ў перамогу».

Павел Латушка. Фота: тэлеграм-канал @latushka

Кіраўнік НАУ падкрэсліў важнасць стварэння палітычнай структуры «яшчэ да сыходу Лукашэнкі, каб мець магчымасць своечасова адрэагаваць на палітычны вакуум, які ўтворыцца пасля гэтай падзеі».

«Мы фактычна працуем на апярэджанне. Мы разумеем, што ў гэтых рэаліях наўрад ці магчыма зарэгістраваць партыю, але загадзя рыхтуемся да таго, каб зрабіць гэта, як толькі ў краіне зʼявяцца палітычныя і прававыя ўмовы. Хутка мы прэзентуем бяспечную платформу для абʼяднання аднадумцаў у будучую партыю», – сказаў Латушка.

Павел Латушка таксама стварае партыю

Макар перадаў Украіне паказанні ў справе забойства Шарамета

Была беларускі спецназавец Ігар Макар звярнуўся з відэазваротам да прэзідэнта Украіны Уладзіміра Зяленскага. Макар заявіў, што ў СІЗА КДБ незаконна ўтрымліваюць адзіных і беспасярэдніх сведак пра «замоўцу актаў дзяржаўнага тэрарызму з боку рэжыму Лукашэнкі».

Макар паведаміў, што перадаў у амбасаду Украіны ў Кіеве відэазварот Сідаракіна пра пастаўленыя перад ім заданні ліквідацыі апанентаў Лукашэнкі і што пасля адстаўкі Зайцава гэтыя заданні не мяняліся. Таксама пасля экспертызы ён плануе перадаць яшчэ адныя «вельмі важныя доказы».

Аўтар звароту падкрэсліў, што Сідаракін і Гаркач невінаватыя і не планавалі выконваць злачынстваў. Тым не менш іх разам з Сяргеем Старчанкам трымаюць у СІЗА КДБ пад псіхатропнымі рэчывамі для «атрымання патрэбных паказанняў». Макар заклікаў прэзідэнта Украіны звярнуцца да Лукашэнкі, каб дапусціць да затрыманых незалежных дактароў і апытаць іх у справе пра забойства Шарамета.

Ігар Макар заклікаў беларусаў не выходзіць на пратэсты падчас УНС. Люты 2021 года. Крыніца: скрыншот з відэа / Радио 97 / YouTube

Катаванні палітзатрыманых

Лідар АГП Мікалай Казлоў пасля вызвалення з ЦІП распавёў пра невыносныя ўмовы ўтрымання вязняў. Палітык заяўляе, што адказнасць за катаванні нясуць кіраўніцтва ЦІП і міністр МУС Кубракоў ды ягонае найбліжэйшае асяроддзе, піша прэсавая служба партыі на сваёй старонцы ў Facebook.

Мікалай Казлоў распавёў пра катаванні ў зняволенні

Лідара АГП Мікалая Казлова пасля адбыцця адміністратыўнага арышту вывезлі з Акрэсціна ў кайданках і заціснутаю паміж каленямі галавою, выкінулі за горадам. Гэта не адзінае катаванне, якое ён перажыў за апошнія 15 дзён.

«Гэта не проста парушэнне закону 24 гадзіны за содні, гэта робіцца дэманстратыўна-паказальна. Такое адчуванне, што працаўнік ЦІП – гэта прафесія зневажаць людзей. Вы не можаце напісаць скаргі, бо ў вас элементарна няма паперы і асадкі. Вам адмаўляюць у сустрэчы з адвакатам. І вас проста тэрарызуюць.

Абасраныя каровы на лукашэнкаўскіх фермах маюць больш правоў, чым людзі ў камерах ЦІП. І гэта не перабольшанне. Людзі спяць на падлозе. Няма матрацаў і нават парваных прасцінаў і падушак, набітых ватаю. Людзей столькі, што яны дыхаюць шматкроць перапрацаваным паветрам з мінімальным утрыманнем кіслароду».

Лідар АГП Мікалай Казлоў. Фота: Белсат

Затрыманні, арышты і пераслед

У Слоніме мужчыну арыштавалі на 7 содняў і сканфіскавалі ягоны аўтамабіль з Пагоняй і бел-чырвона-белым сцягам.

Як паведамілі ва УУС Гарадзенскага аблвыканкаму, 31-гадовы мужчына аформіў сваю машыну ў «апазіцыйных тонах» – на капоце размясціў налепку з гербам Пагоняю, а на дах наклеіў дзве белыя налепкі.

З Беларусі быў вымушаны з’ехаць каталіцкі святар Дзмітрый Прыступа. Супраць яго завялі крымінальную справу.

Улады Беларусі абвясцілі ў вышук 29-гадовага ксяндза з Ляхавічаў Дзмітрыя Прыступу. У мясцовай парафіі Найсвяцейшага Сэрца Езуса ён служыў крыху больш за тры гады.

Паводле версіі дзяржаўнага тэлебачання, падчас пратэстаў у жніўні ён наўмысна наехаў на міліцыянта ў Баранавічах.

Ксёндз Дзмітрый Прыступа. Фота: Catholic.by

У судзе Цэнтральнага раёну Менску асудзілі затрыманую ўчора ў Прылуцкай Слабадзе сям’ю Міхайлавых. Міліцыянты абвінавацілі менчукоў у тым, што яны «актыўныя ўдзельнікі флэш-мобу, зарганізаванага на праспекце Пераможцаў», паведамляе Telegram-канал «Вясна» назірае».

Суддзя Вікторыя Шабуня прысудзіла Юліі Міхайлавай 25 содняў арышту. Дзяўчыну судзілі паводле ч. 3 арт. 24.23 КаАП. Такі тэрмін адміністратыўнага зняволення абумоўлены там, што дзяўчыну затрымалі шосты раз. 27-гадовага Пятра Міхайлава асудзілі паводле пратаколу за парушэнне арт. 24.3 КаАП на 6 содняў. Маці Пятра і Юліі арыштавалі на 5 содняў нібыта за тое, што адмовілася праехаць у РУУС.

За ўдзел у шпацыры з БЧБ-парасонамі дзяўчыну арыштавалі на 25 содняў

У судзе Берасцейскага раёну асудзілі шасцёх юнакоў за палітычныя надпісы на помніку Леніну. Хлопцы, якім па 17–19 гадоў, у жніўні летась у Дамачаве каля Берасця пакінулі на помніку надпісы «3 %», «Сыходзь», «Жыве Беларусь!».

Судзяць юнакоў за распісаны помнік Леніну. Фота: Белсат

Суддзя Сяргей Маручак прысудзіў 3 месяцы арышту Яраславу Бураку (цяпер ён праходзіць службу ў войску і працягне яе пасля адбыцця пакарання на гаўптвахце ў Менску, гэты тэрмін не пойдзе ў тэрмін службы), 1 месяц арышту атрымаў Дзяніс Харс, 2,5 года «хатняй хіміі» прысудзілі Кірылу Бекішу і Дзянісу Чарныгіну, 1,5 года «хатняй хіміі» Аляксандру Нікіціну і Уладзіславу Цярэшку.

Прадстаўнікі беларускай праваабарончай супольнасці прызналі палітычнымі вязнямі яшчэ пяць чалавек. У спісе – асобы, якіх затрымалі за абразу прэзідэнта, прадстаўнікоў улады (міліцыянтаў), суддзяў і знявагу дзяржаўных сімвалаў, піша праваабарончы цэнтр «Вясна».

Палітычнымі вязнямі прызналі Станіслава Паўлінковіча, Валерыя Лозу, Юрыя Карніловіча, Паўла Бераснёва, Віталя Зарадзея.

Праваабаронцы патрабуюць вызваліць усіх палітычных зняволеных і спыніць палітычныя рэпрэсіі супраць грамадзянаў краіны.

На 8 красавіка ў Беларусі прызнаныя палітычнымі вязнямі 342 асобы.

Алесь Бяляцкі: Лінія на садысцкае стаўленне да затрыманых будзе працягвацца

СК belsat.eu

Падпісвайся на telegram Белсату

Hавiны