Наталлю Хершэ прынялі ў швейцарскім парламенце


Былая палітзняволеная Наталля Хершэ стала госцяй у швейцарскім парламенце. Наталля мае грамадзянства гэтай краіны.

Наталля Хершэ на прыёме ў парламенце.
Фота: Парламент Швейцарыі / Twitter

Наталля Хершэ на волі з 18 лютага. 17 месяцаў яна правяла ў магілёўскай турме. Адразу ж пасля вызвалення яна накіравалася ў Швейцарыю, грамадзянкай якой яна з’яўляецца. Тут яе прынялі ў парламенце.

«Вы адстойвалі свае каштоўнасці. Каштоўнасці, якія таксама нашыя. Дзякуй, што паказалі нам, што такое мужнасць!» – напісала пра сустрэчу з Хершэ Ірэн Кэлін (Irène Kälin), старшыня Нацыянальнай рады.

Наталлю Хершэ затрымалі 19 верасня 2020 года падчас жаночага маршу каля Камароўскага рынку ў Менску. Супраць яе распачалі крымінальную справу за «супраціў супрацоўніку міліцыі» паводле арт. 363 КК РБ.

Да суда Наталлю трымалі ў СІЗА ў Жодзіне. 3 снежня 2020 года пачаўся разгляд ейнай крымінальнай справы. 7 снежня суддзя Савецкага раёну Менску Сяргей Шаціла агучыў вырак: 2 гады і 6 месяцаў папраўчай калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму. Менавіта столькі прасіў раней дзяржабвінаваўца.

У верасні 2021 года гомельскі суд прыняў рашэнне замяніць Наталлі рэжым на турэмны, зняволенне яна адбывала ў турме № 4 у Магілёве.

Артыкулы
«Тут няма Наталлі Хершэ, толькі жывёліна». Размова з былой палітзняволенай – пра турму і нечаканае вызваленне
2022.02.21 13:58

ЛК belsat.eu

Стужка навінаў