Чаму краіны NATO адмаўляюцца закрываць неба над Украінай?


Нягледзячы на ​​настойлівыя заклікі кіраўніцтва і грамадзянскай супольнасці Украіны, краіны NATO па чарзе заяўляюць пра адмову ўсталяваць над Украінай беспалётную зону. Чаму Альянс лічыць немагчымым закрыць неба над Украінай для расейскіх бамбавікоў і ракет? Што такое беспалётная зона і што неабходна, каб яе ўстанавіць?

Нямеччына не можа дазволіць, каб вайна ва Украіне распаўсюдзілася на Польшчу і краіны Балтыі ды перарасла ў Трэцюю сусветную – заявіла міністр замежных справаў Аналена Бербак. Краіны NATO пакуль не адгукнуліся на заклік Уладзіміра Зяленскага закрыць неба над Украінай для расейскіх самалётаў і ракет.

«Закрыйце для ўсіх расейскіх ракет, расейскай баявой авіяцыі, для ўсіх гэтых тэрарыстаў – зрабіце гуманітарную авіяцыйную зону без ракет, без авіябомбаў. Мы людзі, і гэта ваш гуманітарны абавязак – абараняць нас, абараняць людзей, і вы гэта можаце», – заявіў 6 сакавіка прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі.

Беспалётная зона – гэта тэрыторыя, над якой улады адной краіны або некалькіх краінаў забараняюць лятаць самалётам, пагражаючы збіваць парушальнікаў. Беспалётныя зоны могуць стварыць у ахопленай вайной краіне, каб не дазволіць авіяцыі агрэсара атакаваць жылыя дамы, электрастанцыі або больніцы.

Харкаў пасля чарговага бамбавання. Будынак інтэрнату, які знаходзіцца ля вайсковай часткі. Загінулі 4 асобы, паранены каля 20. Астатнія эвакуіраваліся. Харкаў, Украіна. 2 сакавіка 2022 года.
Фота: ПД / Белсат

У зонах канфлікту беспалётныя зоны ўводзілі ўсяго тры разы. Упершыню – у 1991 годзе ў Іраку. Калі войскі Садама Хусэйна былі разбітыя ў Кувейце, супраць яго паўсталі курды на Поўначы і шыіты на Поўдні. Хусэйн выкарыстаў супраць іх баявыя верталёты, забіўшы дзясяткі тысяч чалавек.

Уступаць у Ірак міжнародная кааліцыя не пажадала. Замест гэтага ЗША, Вялікая Брытанія і Францыя ўвялі беспалётныя зоны над поўначчу і поўднем краіны. Лётаць ваенным і грамадзянскім іракскім самалётам там забаранялі да 2003 года. Другі прыклад – Боснія. З 1993 па 1995 год з дазволу Рады Бяспекі ААН беспалётную зону там усталяваў блок NATO. Трэці раз, зноў пасля рэзалюцыі Рады бяспекі ААН, Альянс стварыў беспалётную зону 2011 года ў Лівіі. Там дыктатар Муамар Кадафі спрабаваў здушыць народнае паўстанне бамбардаваннямі з паветра.

А вось спробы ўвесці беспалётную зону над знішчанай вайной Сірыяй праваліліся. У 2015 годзе дыктатара Башара Асада падтрымаў Уладзімір Пуцін, выслаўшы ў Сірыю расейскую авіяцыю. Збіваць у сірыйскім небе самалёты ядравай дзяржавы ніхто з заходніх лідараў не захацеў. Гэты аргумент гучыць і зараз.

«Адзіны спосаб стварыць беспалётную зону – адправіць самалёты NATO у паветраную прастору Украіны і збіваць расейскія самалёты, а гэта можа прывесці да поўнамаштабнай вайны ў Еўропе», – лічыць дзяржсакратар ЗША Энтані Блінкен.

Збіты расейскі самалёт.
Фота: ВМС Узброеных сіл Украіны / Facebook

Беспалётную зону немагчыма ўвесці, не наносячы ўдараў па зямлі – лічыць былы камандуючы сіламі NATO у Еўропе Бэн Годжэс. Неабходныя чатыры кампаненты – растлумачыў генерал. Па-першае – самалёты-выведнікі AWACS. Па-другое – самалёты, якія будуць збіваць варожыя знішчальнікі, бамбавікі і дроны. Па-трэцяе – верталёты для выратавання сваіх пілотаў, калі іх самалёты саб’юць. У чацвёртых – патрэбныя самалёты і ракеты, якія будуць знішчаць пагрозы для самалётаў НАТА. Яны павінны біць па сістэмах СПА, у тым ліку на тэрыторыі Расеі.

«Мы ў гэтую ж секунду будзем разглядаць іх як удзельнікаў узброенага канфлікту. І ўжо ўсё роўна якімі там чальцамі яны зʼяўляюцца», – прыгразіў 5 сакавіка прэзідэнт Расеі Уладзімір Пуцін.

Можа наступіць момант, калі Альянс ужо не зможа стаяць убаку і назіраць, як забіваюць украінцаў – заўважыў генерал Годжэс. Пакуль краіны NATO абяцаюць дапамагчы Украіне зброяй. Усяго за 6 дзён у краіну перадалі 17 тысячаў супрацьтанкавых комплексаў. Вядуцца цяжкія перамовы аб перадачы Кіеву знішчальнікаў савецкай вытворчасці з Балгарыі і Польшчы.

Аляксандр Папко, «Белсат»

Стужка навінаў