«Беларус украінцу не вораг. У нас ёсць агульны агрэсар». Як аб'ядноўваюцца беларускія і ўкраінскія дыяспары ў Польшчы


Карэспандэнтка «Белсату» з’ездзіла з прадстаўніком фонду «Жыве» ў Беларускі цэнтр у Лодзі на сустрэчу з прадстаўніцай украінскай дыяспары. Паглядзелі, як працуе ўзаемадапамога паміж дыяспарамі.

На экранах на станцыі электрычак у Варшаве штохвілінна загараюцца словы падтрымкі для Украіны.
Фота: ЯП / Белсат

Два каляровыя бранзалеты, блакітны і жоўты, на ручцы спартыўнай сумкі маладога хлопца – адзіная яркая дэталь у метро раніцай. Варшава, восем раніцы, станцыя метро Млоціны (Młociny). На выхадзе з падземкі мяне накрывае хваля людзей, якія спяшаюцца на працу – руціна. Толькі сцяг Украіны на кожным аўтобусе і трамваі нагадвае, што ў суседняй краіне вайна.

– Буду яшчэ праз 20 хвілін, Святлана забылася ключы дома.

– Святлана? Не Ціханоўская ж? – жартую я.

– Не, яна б на такой маленькай машыне не паехала, – чую ў трубцы голас Дзмітрыя. Ён – прадстаўнік фонду «Жыве», які многія палітычныя ўцекачы з Беларусі ў Польшчы ведаюць па дзейнасці складу [Freeshop’a] ініцыятыўнай групы «Partyzanka».

У машыне Дзіма адкрывае энергетык. «Толькі так і выжываю, трэцяя ноч без сну», – кажа ён. У Freeshop’e ён працуе ўжо больш за тыдзень: арганізоўвае прыём і адпраўку машын з гуманітарнай дапамогай, кіруе складам з бясплатнымі прадуктамі і рэчамі для бежанцаў, актыўна супрацоўнічае з мноствам кампаній і арганізацый ў пытанні дапамогі прыезджым з Украіны, якія жывуць у нястачы. «Падарыце нам кавамашыну. Кава – гэта паліва рэвалюцыі», – смяецца, пакуль мы чакаем Святлану Мацкевіч, палітычную дзяячку і былую жонку арыштаванага беларускага філосафа Уладзіміра Мацкевіча.

Артыкулы
«Калі не выстаіць Украіна, Беларусі не будзе». Беларусы распавядаюць пра свой удзел у абароне Украіны
2022.03.06 12:17

Па дарозе Дзмітрый распавядае нам, што ў яго ўчора быў выдатны дзень, які пачаўся з пытанняў аб прыняцці аўтобуса з Нямеччыны, а скончыўся тым, што «з намі звязаліся з Грузіі, каб самалёт з гуманітарнай дапамогай выслаць».

Ініцыятыва «Partyzanka» пачала фармавацца ў жніўні 2020 года. Зміцер з сябрамі збіралі рэчы для тых, хто збег з Беларусі з палітычных прычынаў. Але хутка месца для захоўвання рэчаў у кватэрах удзельнікаў ініцыятывы хапаць перастала. Тады Беларуская актывістка і перформера Яна Шостак дамовілася з тэатрам «Komuna Warszawska», які аддаў адно з сваіх памяшканняў пад склад. У 2020 годзе дапамагаць хацелі ўсе, «Partyzanka» мела патрэбу ў дакладнай каардынацыі і плане дапамогі ўсім беларусам, якія жывуць у нястачы.

Склад рэчаў для бежанцаў з Беларусі і Украіны ў Лодзі.
Фота: ЯП / Белсат

Запасы на складзе павялічваліся, ініцыятыва разрасталася. Спачатку Варшаўская мэрыя вылучыла для фонду «Жыве» будынак у раёне Жалібож [Żoliborz], а цяпер FreeShop знаходзіцца ў раёне Макотув [Mokotów], па адрасе ul. Rzymowskiego, 36. Міністэрства адукацыі прадаставіла «Жыве» будынак адной з былых школ. Пакуль ён пустуе і чакае свайго забудоўшчыка, беларусы могуць захоўваць і збіраць там гуманітарную дапамогу. «Partyzanka» плаціць толькі за камунальныя паслугі.

Кожны дзень пачынаецца з гуманітарнага крызісу

– Уся наша дзейнасць зараз накіраваная на дапамогу ўцекачам з Украіны, – кажа Дзмітрый, пакуль мы едзем па трасе Варшава-Лодзь. – Пункты прыёму бежанцаў у Варшаве перапоўненыя. Людзі стомленыя, многія з іх праводзяць у дарозе некалькі сутак, таму па прыездзе просяць пакласці паспаць хоць куды-небудзь. Разам з Беларускім хабам вырашаем гэтую сітуацыю, шукаем, куды людзей размеркаваць, – распавядае Дзмітрый і дадае, што дапамагае ў тым ліку замежным уцекачам з Украіны.

– На склад прыйшлі афраамерыканцы. Ні на расейскай, ні на ангельскай не размаўляюць, толькі на французскай. У пярэднім пакоі склада стаялі мяшкі з адзеннем для ўтылізацыі, а яны сталі ў ім корпацца. Спрабавалі ім растлумачыць, каб зайшлі да нас, дамо ежы і знойдзем прыдатное адзенне, але яны так учапіліся ў гэтыя мяхі, што з імі і пайшлі.

Дзмітрый і Святлана Мацкевіч па дарозе ў Лодзь.
Фота: ЯП / Белсат

Днямі з «Жыве» звязаўся мэр Бярдзянска з Запарожскай вобласці ва Украіне, папрасіў выслаць машыну з гуманітарнай дапамогай, перадаў спіс неабходных рэчаў.

– Там людзі сядзяць у бомбасховішчы, прадуктаў харчавання там ніякіх няма – вядома, дапаможам, – кажа Дзмітрый. – Яшчэ мы прынялі восем бусаў з дапамогай з Нямеччыны. А потым быў званок з Лодзі: прадстаўнікі ўкраінскай дыяспары прапануюць пасябраваць!

Мы працягваем шлях. Уздоўж трасы перыядычна мільгаюць лагістычныя цэнтры. Хутка сярод іх з’явіцца і вялізны склад з гуманітарнай дапамогай для бежанцаў, арганізаваны фондамі «Жыве», «Беларусы ў Лодзі» і таварна-гандлёвай палатай у Лодзі. Гэты горад знаходзіцца практычна ў цэнтры Польшчы, таму адсюль лёгка развозіць тавар нават у далёкія куткі краіны. Гэтым карыстаецца большасць транспартных фірмаў.

– Ёсць план аб’яднацца з імі для арганізацыі лагістычнай базы ў Лодзі. Пры прыняцці машын з дапамогай на еўрапейскіх рэгістрацыйных нумарах узнікае шмат складанасцяў для іх перанакіравання на тэрыторыю Украіны. Таму добра мець «перакідачны пункт» у Лодзі, дзе валанцёры з беларускай і ўкраінскай дыяспараў будуць разгружаць і сартаваць прывезеную гуманітарку, перанакіроўваючы на мяжу, – тлумачыць Дзмітрый.

«У беларусаў ёсць валанцёры, гатовыя дапамагчы»

У Беларускім цэнтры ў Лодзі нас ужо чакае Руслана, прадстаўніца ўкраінскай дыяспары. Сімвалічна сядаем за круглы стол у кухні. Арцём [імя змененае – заўв. рэд.], працаўнік Цэнтру, ужо паспеў абмеркаваць з Русланай пару важных момантаў.

Прадстаўніца ўкраінскай дыяспары Руслана.
Фота: ЯП / Белсат

– Важна абменьвацца кантактамі і збіраць спісы тых, каму патрэбная дапамога, і тых, хто гатовы яе даць. Пасля пратэстаў у Беларусі з’явілася шмат валанцёраў, гатовых дапамагчы. У нас у Цэнтры створаная інфраструктура, ёсць сувязі па ўсёй Польшчы. Гаворка ідзе ў тым ліку і аб юрыдычнай дапамозе, – кажа Арцём і дадае, што ўкраінская дыяспара не сутыкалася з палітычнай эміграцыяй і бежанствам, таму не валодае шырокім вопытам юрыдычнай дапамогі ў гэтым плане.

– Мы хочам наладзіць паміж дыяспарамі ўзаемадзеянне, каб у тым ліку весці барацьбу з дэзінфармацыяй з боку пуцінскага рэжыму, які працуе на стварэнне канфлікту на міжнацыянальнай глебе паміж беларусамі і ўкраінцамі, – працягвае Арцём. – Беларус украінцу не вораг. У нас ёсць агульны агрэсар, і мы разам павінны змагацца з ім.

«Украінцы змагаюцца з прапагандай з 2005 года»

– Украінцы прайшлі праз інфармацыйную прапаганду яшчэ ў 2005 годзе, – кажа Руслана. – Раней не было розніцы, на якой мове ты гаворыш, у якую царкву ходзіш. Не было гэтага да моманту, пакуль вораг не пачаў рыхтавацца да маштабнага ўварвання і кровапраліцця. А ўсё гэта з-за прапаганды, якая нянавісць і распальвала. Мы хочам спыніць паток гэтай дэзінфармацыі як мага хутчэй, паказваючы розныя пазіцыі як з боку Беларусі, так і з боку Украіны. Мы павінны аб’ядноўвацца, каб данесці праўдзівую інфармацыю аб тым, што адбываецца з нашымі народамі.

Пагоня ў Беларускім цэнтры ў Лодзі.
Фота: ЯП / Белсат

– А калі нейкія сутычкі паміж беларусамі і ўкраінцамі і будуць адбывацца – будзем кожны выпадак разглядаць разам з прадстаўнікамі дзвюх дыяспараў, – падкрэслівае Арцём. – Група псіхолагаў «Нацыя Лідэраў» таксама гатовая падключыцца да гэтай працы.

– Нашы грамадскія арганізацыі, якія ўтварыліся ў эміграцыі, не разлічвалі на тое, што давядзецца ствараць юрыдычныя структуры. Ніхто не мог прадбачыць падзеі. Таму пакуль мы будзем казаць не ад асобы арганізацый, а ад асобы народа, як прадстаўнікі дыяспараў, – падагульніла Руслана.

За апошні тыдзень фонд «Беларусы ў Лодзі» актыўна ўключыўся ў дапамогу ўкраінцам. Частка валанцёраў з цэнтру працуюць на польска-ўкраінскай мяжы, частка дапамагае бежанцам з жыллём ужо ў самім горадзе.

Hавiны
Беларусы запусцілі сайт з прапановамі жытла ўкраінскім уцекачам «I Can Help Host». Як гэта працуе
2022.03.06 21:32

ЯП belsat.eu

Стужка навінаў