«Усе выратаваліся, акрамя іх». У Турцыі загінула беларуска разам з мужам і двума дзецьмі


Як стала вядома «Белсату», падчас землятрусу ў Турцыі загінула беларуска разам з мужам і дзецьмі – 11-гадовым сынам і 4-гадоваю дачкою. У доме, дзе жыла гэтая сям’я, выратаваліся ўсе, акрамя іх.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Hатавальная аперацыя ў Адане, Турцыя. 7 лютага 2023 года.
Фота: AP Photo / Francisco Seco / East News

У горадзе Кахраманмараш ля Газі’антэпу – эпіцэнтру землятрусу – загінула беларуска разам з мужам і дзецьмі. Пра гэта «Белсату» распавяла ейная знаёмая, таксама грамадзянка Беларусі, якая стала жыве ў Турцыі:

«У свой час мой і ейны муж разам вучыліся у Менску. Пасля мы ўжо тут, у Турцыі, сябравалі сем’ямі. Два дні не даходзілі паведамленні, абодва тэлефоны былі выключаныя. Мы спадзяваліся да апошняга, што жывыя, што проста села батарэя. Адзін з сяброў ейнага мужа напісаў, што яны пад завалам, іх шукаюць. А потым напісаў, што ўжо ўсё, іх няма. Пазней гэта пацвердзілі іхныя родныя. Сказалі, што ўсе выратаваліся, акрамя іх сям’і».

У сям’і выхоўвалі 11-гадовага хлопчыка і 4-гадовую дзяўчынку.

Дзе пахаваюць беларуску, пакуль не вядома.

«Зараз туды нікога не пускаюць, мы мяркуем, што праз колькасць загінулых іх будуць хаваць як мага хутчэй. Таму нават не ведаю, ці можна ў такім выпадку забраць іх. Нават мы не можам туды даехаць, бо гарады закрытыя», – кажа суразмоўца «Белсату».

Сёння ў пасольстве Беларусі ў Анкары праінфармавалі, што пасля землятрусу няма сувязі з чатырма беларусамі.

Раней паведамлялася пра лёс іншай сям’і з беларускай, Аляксандрай Акпінар з правінцыі Хатай. Жанчыну і ейнага мужа знайшлі і шпіталізавалі. У больніцы мужчына памёр. Інфармацыі пра іхнага маленькага сына пакуль няма.

На консульскім уліку ў Турцыі – больш за 400 беларусаў. 53 асобы жывуць у паўднёва-ўсходніх рэгіёнах, якія пацярпелі ад землятрусу. Працаўнікі беларускай дыпмісіі абтэлефаноўваюць людзей.

Hавiны
Час землятрусу і слабыя будынкі. Эксперт растлумачыў вялікі лік ахвяраў бедства ў Турцыі
2023.02.07 11:56

Сяргей Крот belsat.eu

Стужка навінаў