У «Маяку Менску» стварылі незаконна «перанаселены» выбарчы ўчастак? Такое ўжо бывала


Выбарчы кодэкс Беларусі забараняе ствараць участкі з больш як 3000 выбарнікаў. Але за выкананнем прапісанага ў кодэксе не надта і сочаць.

Жылы комплекс «Маяк Менску». Менск, Беларусь. 23 студзеня 2020 года.
Фота: Homoatrox / Wikimedia, CC BY-SA 3.0

Чытачка «Белсату» Любоў Кавальчук была назіральніцай на прэзідэнцкіх выбарах 2020 года. У 2022 годзе яна звярнула ўвагу на тое, што на ўчастку ў раёне метро «Усход» у Менску, за якім яна назірала, можа быць перавышаная законная колькасць выбарнікаў.

Артыкул 17 Выбарчага кодэксу дазваляе ствараць участкі для галасавання з колькасцю выбарнікаў ад 20 да 3000. «Белсат» праверыў – гэтае правіла ўжо парушалі, а пра пакаранне за парушэнне гэтага правіла не паведамлялі.

Больш за 3000 нельга, але калі вельмі хочацца, то можна

На выбарах-2020 было шэсць участкаў з больш як 3000 выбарнікаў: напрыклад, на ўчастку ў менскім Сухараве было 4053 выбарнікі, а на ўчастку ў Маскве ажно 4255. Пра пакаранні за такія парушэнні Выбарчага кодэксу не паведамлялі.

Юрыст «Народнага антыкрызіснага ўпраўлення» Арцём Праскаловіч кажа «Белсату», што не памятае выпадкаў, калі б на гэткія парушэнні звярталі ўвагу, бо ў прынцыпе «да апошняга часу ніхто так не сачыў за ўсімі нюансамі».

Hавiны
Сфармаваныя ўчастковыя камісіі для рэферэндуму. Каго ў іх уключылі?
2022.02.08 09:47

На ўчастку каля метро «Усход» можа быць яшчэ больш выбарнікаў: у яго сёлета ўключылі сорак адзін дом комплексаў «Маяк Менску» і «Магістр». Паводле Любові Кавальчук, раён амаль цалкам заселены – яна сама жыла там да снежня 2020 года. А ў дакументацыі аднаго толькі «Маяка» значыцца, што там агулам 5226 кватэраў, і гэта без уліку сямі гмахаў «Магістра».

Рэгістравацца ў кватэрах не абавязкова, але калі ў памяшканні ніхто не зарэгістраваны, то камунальныя плацяжы падвышаныя, таму ў кватэрах звычайна рэгіструюць прынамсі аднаго чалавека. Імаверна, у «Маяку» і «Магістры» ўжо зарэгістравана больш за тры тысячы чалавек.

Ды на выбарах-2020, паводле фота пратаколу з платформы «Голас» і ініцыятывы «Зубр», зарэгістраваных выбарнікаў на тым участку было 1732.

Пратакол аб выніках галасавання на прэзідэнцкіх выбарах 2020 года на ўчастку № 42 у менскіх жылых комплексах «Маяк Менску» і «Магістр». 9 жніўня 2020 года.
Фота: belarus2020.org

Пры тым на «Голасе» з таго ўчастку 2629 унікальных пацверджаных галасоў (з якіх 2570 за Святлану Ціханоўскую) і 1843 фота бюлетэняў. На тых выбарах, праўда, на ўчастку было на адзін дом больш: быў яшчэ дом на праспекце Незалежнасці, 148. Кавальчук распавядае, што на выбарах-2020 на тым участку не хапала бюлетэняў.

Чыноўнікі не каментуюць «рэферэндуму», хоць Выбарчы кодэкс абавязвае іх да галоснасці

Старшыня адміністрацыі Першамайскага раёну Менску Дзмітрый Шашок, які падпісваў сёлетняе рашэнне аб арганізацыі ўчасткаў, адмовіўся адказаць на пытанні «Белсату» па тэлефоне: сказаў, што не можа нічога адказаць, папрасіў накіраваць пісьмовы запыт і паклаў слухаўку.

Старшыня адміністрацыі Першамайскага раёну Менску Дзмітрый Шашок. 26 снежня 2020. Скрыншот:
Minsknews / Youtube

Іншыя чыноўнікі, звязаныя з арганізацыяй галасавання, кантакты якіх «Белсату» далі ў прыёмным пакоі адміністрацыі, не здымалі слухаўку. «Белсат» накіраваў пісьмовы запыт у раённую адміністрацыю – калі адказ з’явіцца, мы дадамо яго ў гэты артыкул.

Любоў Кавальчук сама спрабавала скантактавацца са шматлікімі чыноўнікамі. Адказу пра «перанаселены» ўчастак яна не атрымала. На гарачай лініі Цэнтральнай выбарчай камісіі яе перанакіравалі ў раённую адміністрацыю і пераконвалі, што на падставе колькасці кватэраў нельга рабіць выснову аб «перанаселенасці» ўчастку. Намеснік Шашка Аляксей Ванкевіч, які таксама падпісваў рашэнне аб стварэнні ўчасткаў, сказаў Кавальчук, што не мае паўнамоцтваў абмяркоўваць падпісанае ім рашэнне.

У аддзеле ідэалогіі Першамайскай раённай адміністрацыі, як высветліла Кавальчук, не ведалі, як запісацца ў «дружыннікі» на выбарчым участку і як паўдзельнічаць у канцэрце для падтрымання «рэферэндуму» (чыноўніца абуралася на кепскі гук у слухаўцы і хвалявалася, бо «мела адчуванне, што ўключаны дыктафон»).

У Першамайскай раённай камісіі, як вынікае з размоваў з Кавальчук, таксама не ведалі, куды звяртацца, каб запісацца ў «дружыннікі» на ўчастку, і не здолелі адказаць, дзе шукаць «апублікаваныя ў друку» спісы чальцоў участковых выбарчых камісіяў.

Аналітыка
Што важнага ў новым праекце Канстытуцыі, які Лукашэнка вынесе на рэферэндум
2022.01.21 13:37

Артыкул 13 Выбарчага кодэксу абавязвае ладзіць падрыхтоўку рэферэндумаў і выбараў адкрыта і галосна, а мясцовыя органы ўлады і адпаведныя камісіі абавязвае інфармаваць грамадзянаў аб сваёй працы, у тым ліку ад утварэнні выбарчых акругаў. Парушэнні заканадаўства аб выбарах могуць карацца паводле арт. 10.9 КаАП РБ штрафам да 15 базавых велічыняў (480 рублёў на момант публікацыі). Падлог дакументаў пры падрыхтоўцы выбараў і рэферэндумаў караюцца паводле арт. 192 КК РБ штрафам, пазбаўленнем права займаць пэўныя пасады, папраўчымі працамі на тэрмін да 2 гадоў, абмежаваннем або пазбаўленнем волі на тэрмін да 5 гадоў.

АА belsat.eu

Стужка навінаў