Ці не на карысць рэжыму эвакуацыя актывістаў з Беларусі? Спыталі тых, каго вывезлі


Беларусы з’язджаюць дзясяткамі тысяч. Едуць у эміграцыю ў больш спакойныя краіны ці ўцякаюць ад палітычнага пераследу. Спыталі палітычных эмігрантаў, як яны пастанавілі з’ехаць і што думаюць пра ідэю ўцёкаў.

Севярын Квяткоўскі, Ганна Галёта і Павел Батуеў. Калаж з фота: Севярын Квяткоўскі / Facebook, Белсат, Павел Батуеў / Facebook

Фонд «BySol» перыядычна расказвае, што з Беларусі эвакуявалі чарговага чалавека, якому пагражаў крымінальны пераслед ці іншая небяспека з палітычных прычынаў. Людзей вывозяць і іншыя арганізацыі, дый людзі самі ўцякаюць (а адзін чалавек нават зляцеў на параплане). Але часам кажуць: калі ўсіх актыўных вывезуць з Беларусі, хто застанецца?

Ці лёгка гэта, узяць і з’ехаць з радзімы?

Публіцыст і пісьменнік Севярын Квяткоўскі з’ехаў з Беларусі летась, але ў снежні вырашыў прыехаць назад. Праз месяц яго затрымалі за рэпост, намёкамі схілялі да супрацы, а ў няволі ён бачыў дзіўныя карцінкі – мяркуе, што ў камеры пінскага ізалятару ўключалі праектар, каб у яго «паехаў дах». Але чамусьці вызвалілі праз 72 гадзіны, пакінуўшы падазраваным у крымінальнай справе.

Ён тлумачыць «Белсату»: падумаў, што калі выпусцілі, то ненадоўга, што будуць сачыць і могуць пасадзіць, бо такія прыклады ёсць. Выехаў з дапамогай «BySol». Кажа, гэта было вельмі складана: ім апекаваліся некалькі чалавек, якія вялі праз мяжу, працэдура была вельмі напружаная і небяспечная, а падрабязнасці зможа расказаць, толькі калі Беларусь стане дэмакратычнай.

«Чаму я вяртаўся? Перад тым я правёў тры з лішкам месяцы за мяжой, і звычайна адказваў, што ў мяне былі важныя сямейныя справы, – расказвае ён. – І гэта праўда, але ў прынцыпе я мог юрыдычна аформіць дакументы ў натарыяльнай канторы Украіны ці Польшчы.

Шчыра кажучы, я не хацеў быць палітычным эмігрантам, я хацеў жыць у Беларусі».

Салігорац Павел Батуеў з канца сакавіка мінулага года не меў кантактаў з «людзьмі ў пагонах» і спадзяваўся, што пра яго ўжо забылі, дый меў неблагую працу, «адчуваў сябе камфортна ў фінансавым сэнсе». Ад’езд быў бы стрэсам для сям’і, дзяцей і яго самога, кажа Батуеў «Белсату».

«Галоўнае, што ў прынцыпе я не рабіў нічога такога, што магло б быць класіфікавана як такое звышзлачынства, за якое трэба расплаціцца некалькімі гадамі няволі ў турме», – дадае ён.

З’ехаць з дапамогай «BySol» яму давялося пасля таго, як летась у лістападзе яго затрымалі, двойчы асудзілі на 15 дзён арышту паводле адміністратыўных пратаколаў і пачалі вербаваць у КДБ. Ён пагадзіўся «супрацоўнічаць» і амаль адразу эвакуяваўся, але эвакуацыя цягнулася некалькі тыдняў.

«Фізічна гэта не зусім складана, фінансава гэта складана, бо ты рвеш свае сувязі з радзімай, – тлумачыць ён. – Нервова гэта, бо гэта абсалютная нявызначанасць: дзе ты будзеш, атрымаецца ці не атрымаецца».

Цяпер ён у бяспечным месцы разам з сям’ёй, патрэбы ў дапамозе ўжо не мае. Батуеў выказвае падзяку і фонду «BySol», і асобна адвакату Алесю Міхалевічу, без якіх не мог бы быць у бяспецы.

Эвакуявацца давялося і супрацоўнікам «Белсату». Аўтарка і вядоўца «Лукавых навінаў», рэдактарка праграмы «Шчыра кажучы» Ганна Галёта з’ехала пасля таго, як правяла 7 дзён у ізалятары на Акрэсціна і засталася падазраванай у крымінальнай справе.

Яна расказвае, што ўжо не аднойчы спрабавала з’ехаць з Беларусі: у пачатку 2021 года з’ехала, бо «нашапталі на вушка», што ёй пачалі цікавіцца сілавікі. Але яе «хапіла на тры тыдні» – пажыла ў Львове і вярнулася ў Беларусь. Другі раз спрабавала з’ехаць у траўні 2021-га, калі сілавікі прыйшлі ў менскую студыю, дзе «Белсат» здымаў праграму «Кожны з нас», і да вядоўцы Арыны Маліноўскай.

Абноўлена
Вядоўца праграмы «Шчыра кажучы» з’ехала з Беларусі з-за небяспекі. Цяпер пераследуюць яе сваякоў
2021.05.24 20:48

Галёта з калегамі зразумелі, што іх будуць шукаць і помсціць за праграму пра сілавікоў – з’ехалі ў Адэсу, зрабілі гуманітарныя візы і паехалі ў Польшчу, але Ганна Галёта вырашыла зноў вярнуцца ў Беларусь. Як толькі скончыўся 10-дзённы каранцін, да яе прыйшлі з ператрусам, затрымалі, кінулі на Акрэсціна, змусілі падпісаць паперу аб супрацы з сілавікамі, падпіскі аб неразгалошванні і нявыездзе.

Адпачыла два дні, сабрала заплечнік. Яна смяецца: у «неабходныя» рэчы трапілі шмат сукенак і туфлі на высокіх абцасах, якія яна носіць раз на год. У лесе перад мяжой давялося некаторыя рэчы скінуць. Самым складаным быў момант, калі перад ад’ездам яна сабралася з роднымі на лецішчы, там прыгатавалі шашлык, сваякі разважалі з ёй пра далейшае жыццё – а яна не магла ім сказаць, што ўжо заўтра будзе з’язджаць, не магла развітацца.

«Мне было цяжка з’язджаць, бо калі б няцяжка было, я б не вярталася, – тлумачыць Галёта. – Мае калегі кажуць, што калі б такая штука са мной не здарылася, я б кожны раз вярталася, пакуль мяне не затрымалі б».

Ці не ідзе на карысць Лукашэнку, калі эвакуююць людзей, якіх хочуць пасадзіць у Беларусі?

Квяткоўскі пакуль не называе сябе журналістам: кажа, яшчэ толькі плануе вярнуцца ў журналістыку за мяжой. Ён упэўнены, што ягоны ад’езд ніяк не дапаможа ўладам Беларусі.

«Фактычна я ўцякаў ад турмы, – кажа ён. – Я як працаваў, так і буду працаваць далей, буду я ў Грузіі, Польшчы, Нямеччыне ці Швецыі. Я сваёй медыйнай актыўнасці не спыню.

З гледзішча, што дапамагаю рэжыму пазбавіцца ад сябе – ды не, у мяне толькі рукі расправяцца яшчэ больш».

Батуеў дадае: калі хто лічыць, што эвакуацыя актыўных людзей з Беларусі пазбаўляе рэжым Лукашэнкі праблемаў, дык хай неадкладна створаць рэжыму праблемы.

Артыкулы
«Як жыць, калі пазбаўляюць радзімы»: расейскі журналіст Дудзь зняў фільм пра беларусаў за мяжой
2022.01.26 12:04

Галёта адзначае, што калі б сядзела на Акрэсціна, нічога не змагла б зрабіць для беларусаў, якія яшчэ вераць у перамены і ў тое, што ўсе вернуцца дамоў. Яна ўдзячная «BySol» і за дапамогу сабе, і за дапамогу ўсім іншым.

«Я разумела, што мне трэба выбірацца, што ў мяне вялікая каманда – думала пра тое, як яны без мяне, пра кантэнт, які я ствараю са сваёй камандай, што камандзе будзе цяжка без мяне, – расказвае яна. – І першае, што я пачула ад іх, калі выйшла: Аня, калі ласка, больш ніколі не сядай у турму».

Што думае «эвакуатар»

Сузаснавальнік фондаў «BySol» і «By_help» Андрэй Стрыжак разважае: нярэдка актыўны чалавек у Беларусі становіцца актыўным і ў турме, дапамагае іншым зняволеным, як робіць, напрыклад, Павел Вінаградаў, які прынцыпова не з’ехаў і хацеў дапамагаць там, чым можа.

«Але я як праваабаронца разумею каштоўнасць чалавечага жыцця, – дадае Стрыжак. – Калі ў чалавека ёсць магчымасць заставацца на волі і рабіць нешта на карысць сябе, сваёй сям’і і сваёй краіны, то варта гэтым скарыстацца. Зразумела, могуць быць іншыя пазіцыі, якія таксама трэба паважаць, але калі ёсць магчымасць дапамагчы чалавеку ў такой сітуацыі, мы бярэмся».

Андрэй Стрыжак, сузаснавальнік фонду салідарнасці «BySol».
Фота: Аліса Ганчар / Белсат

Ды цяпер фондам даводзіцца карыстацца прынцыпам, які прыдумаў расейскі вайскова-палявы медык Мікалай Пірагоў: выбіраць, каму можна дапамагчы, і не дапамагаць тым, каму не можаш. Рэсурсы фондаў абмежаваныя, таму дапамагчы не могуць тым, хто ўжо з’ехаў і мае патрэбу ў дапамозе на месцы ў «вольным цывілізаваным сусвеце».

«Я не думаю, што тут ёсць нейкая дапамога рэжыму, – разважае Стрыжак. – Кожнае сведчанне пра тое, што той ці іншы чалавек, які трапіў пад палітычны пераслед, здолеў пазбегнуць вялікіх тэрмінаў у турме, вельмі абуджае і дае дадатковыя пазітыўныя эмоцыі тым, хто думае, што больш добрых навінаў не будзе.

Добрая рэакцыя тых людзей, якія хочуць пераменаў, гэта наўрад ці дапамога рэжыму».

АА belsat.eu

Стужка навінаў