Вынікі пошуку для:

«Ніхто не мае права ўмешвацца ў тое, як яму паказваць футбол». Гісторыя Аляксандра Івуліна

У канцы студзеня спартоваму журналісту і футбалісту «Крумкачоў» Аляксандру Івуліну прысудзілі два гады калоніі. Перад гэтым сем месяцаў ён зставаўся пад вартай і не ведаў, у чым канкрэтна яго абвінавачваюць. Аляксандр змог развіць у беларускім грамадстве цікавасць да айчыннага футболу і зрабіць яго папулярным сярод заўзятараў праз YouTube-канал «ЧестнОК». З вядзеннем каналу яму дапамагаў Яраслаў Пісарэнка, знаёмы з Аляксандрам больш за 10 гадоў. Мы пагаварылі з Яраславам аб тым, як развіваўся праект, аб падтрымцы заўзятараў і судзе над журналістам.

Аляксандр і Яраслаў родам з аднаго горада – Воршы, яны пазнаёміліся пасля гульні ў КВЗ. Пазней аказалася, што агульных захапленняў значна больш, з’явілася супольная кампанія. Пасля разам вучыліся на журфаку БДУ і гулялі за зборную факультэту па футболе.

Аляксандр Івулін і Яраслаў Пісарэнка. Фота: pisarenko_jr / Instagram

Яраслаў распавядае, што ў жыцці Саша такі ж, як і ў відэа блогу «ЧестнОК», такі ж шчыры, і гэта, мабыць, і ёсць ягоны сакрэт поспеху»:

«У жыцці, у працы і адносінах з рознымі людзьмі ён заўсёды шчыры, заўсёды кажа тое, што думае. Яго шчырасць часам нават можа кагосьці пакрыўдзіць: калі Сашы нешта не падабаецца, то ён проста пра гэта кажа, часам можа не падбіраць словаў. Так і ў працы: калі ён у захапленні ад антуражу матчу, ад свайго суразмоўцы – то гэта, вядома, відаць. Цяпер гэтая шчырасць у краіне не каціруецца, і калі ў чалавека ёсць нейкае меркаванне, якое ён кажа шчыра, то гэта, скажам, не пра сучасную Беларусь».

Пасля вучобы на факультэце журналісткі Саша размеркаваўся на адпрацоўку ў Tribuna.com, тады яшчэ можна было праходзіць размеркаванне ў недзяржаўных выданнях, кажа Яраслаў. Праектам «ЧестнОК» ён пачаў займацца паралельна з працай у спартовым выданні. Спачатку канал развіваўся больш з цікавасці, але з яго прафесійным ростам быў і рост тэмаў, якія падымаліся. Былі не толькі спартовыя, але і сацыяльныя рэчы, і тады, напэўна, «ЧестнОК» стаў забіраць больш часу, больш сілаў, больш трэба было над ім працаваць. Але з «Трыбуны» ён не сыходзіў і сумяшчаў праект з працай.

«Беларусь уцягваецца ў архаіку.». Гендырэктар «Tribuna Digital» пра перспектывы беларускага спорту

«Яму не знайшлося месца на стадыёнах»

Улетку 2020-га года Аляксандра пазбавілі акрэдытацыі як прадстаўніка выдання. Тады яго выклікалі на размову ў Федэрацыю футболу.

«Там яму пачалі казаць, што “ты малайчына, ты працуеш”, але пры гэтым было нешта накшталт “чаго ты лодку разгойдваеш, сядзі спакойна”. Гэта была як такая жоўтая картка. Але пры гэтым Саша разумеў, што ніхто не мае права ўмешвацца ў тое, як яму паказваць футбол, пра што яму казаць і якія праблемы падымаць. І ў выніку гэтага яго пазбавілі акрэдытацыі», – кажа Яраслаў.

Пасля гэтага Аляксандр не мог наведваць матчаў. З словаў Яраслава, адзін з работнікаў Федэрацыі патэлефанаваў яму і сказаў, што «не ўсе, хто працуе ў федэрацыі, вось такія вось». Ён нават прапанаваў Сашу аддаць яму свой пропуск для работнікаў Федэрацыі, каб ён мог хадзіць на матчы. Аднак і гэтага чалавека з Федэрацыі вымусілі сысці.

«Гэта быў такі маразм – канал, які лепш за ўсіх у краіне паказвае футбол, у тым ліку яго папулярызуе, яму [Сашу] чамусьці не знайшлося месца на стадыёнах. Гэта быў першы званочак, што ЧестнОК”, у той форме, да якой ён прыйшоў да 2020 года, быў не вельмі пажаданы ні ў Беларусі, ні ў беларускім спорце, ні на беларускіх стадыёнах. Менавіта з боку чыноўнікаў, з боку тых, хто кіруе ўсім гэтым працэсам», – дзеліцца Яраслаў.

Арышт Аляксандра і развіццё каналу

Рашэнне працягваць весці канал пасля Сашынага арышту аказалася цяжкім, распавядае калега, праз тое, што «ЧестнОК» – гэта вельмі аўтарскі праект, які быў завязаны канкрэтна на Сашу. Яраслаў тады дапамагаў яму ў тэхнічных момантах, рабіў рэдактарскую працу, займаўся мантажом. «Першапачаткова здавалася, што ўся гэтая гісторыя з працягам, яна можа проста не атрымацца. Гэта як у нейкім серыяле ў наступнай серыі мяняюць галоўнага героя. Гэта будзе складана глядзець, вельмі нязвыкла і дзіўна», – кажа Яраслаў.

Першапачаткова не было плану працягваць рабіць канал. Пасля адміністратыўнага арышту Яраслаў з’ехаў з краіны, але калі даведаўся, што Сашу перавядуць у СІЗА і яму выставілі крымінальнае абвінавачванне, была адзіная мэта – пра гэта расказаць. А самы вялікі і даступны рэсурс, дзе гэтая гісторыя будзе максімальна актуальная, YouTube-канал «ЧестнОК».

«Калі гэта ўсё адбылося, я накідаў у сшытку план, што я хачу зняць і паказаць. Потым знайшоў неабходную тэхніку, зняў і выклаў. І, да майго вялікага здзіўлення, людзі гэта вельмі крута ўспрынялі. Магчыма, гэта і такі пратэст, што як нас ні закрывайце, як ні перашкаджайце, але ўсё роўна гэта будзе. Не будзе рабіць адзін, будзе рабіць іншы, не будзе рабіць іншы – будзе рабіць трэці.

Гэта ўсё ўзгаднялася з Сашам, як ён на гэта глядзіць, і ён не супраць таго, каб праект працягваўся. Зразумела, што ён, напэўна, рабіў бы гэта па-іншаму. Я раблю гэта так, як я магу і бачу, але факт у тым, што канал будзе развівацца, нават частата выхаду відэа павялічылася. Але калі ты не жывеш у краіне, гэта складанасць. Плюс прызнанне «экстрэмісцкім» рэсурсам – гэта таксама накладваецца: ты не можаш у эфіры размаўляць з тымі, хто ў Беларусі, хтосьці адмаўляецца», – дзеліцца Яраслаў.

У чэрвені мінулага года ў кватэры, дзе жылі хлопцы, прайшоў ператрус. Пасля іх затрымалі, нібыта за вывешаны на акне нацыянальны сцяг. Тады Аляксандру прысудзілі 30-дзённы арышт, а Яраславу 15 содняў. Аднак пасля іх Аляксандр так і не выйшаў на волю, стаўшы падазраваным у крымінальнай справе.

«Мы тады думалі пра горшыя расклады. Не хацелася нагнятаць раней часу, але ведалі, што тады ўжо разнеслі рэдакцыю TUT.by, многіх арыштавалі. Мы не ведалі, наколькі сурʼёзна паставяцца да нас, і я да апошняга моманту на Акрэсціна не быў упэўнены, што мяне адпусцяць. Думаў, што могуць падоўжыць арышт, яшчэ нешта. Гэтую логіку зразумець немагчыма, бо яе проста няма. Мы з Сашам меркавалі розныя варыянты, у тым ліку што не выйдзем і што выйдзем, і як тады сябе будзем паводзіць. Больш прытрымліваліся пазіцыі «што будзе, тое будзе». Але не было нейкай асуджанасці і дэпрэсіі».

Фотаздымак, за які судзілі Аляксандра Івуліна. Фота: a_ivulin / Instagram

«Ён не зламаны»

Яраслаў распавядае, што ў СІЗА Саша трымаецца нармальна, вельмі бадзёра.

«На судзе быў такі паказальны выступ, што Саша не зламаны, што ён будзе ў парадку, будзе трымацца да самага канца і прыме любы варыянт развіцця падзей. Тое, што насамрэч ён адчувае, ведае толькі ён, але ў лістах Саша транслюе толькі моцную пазіцыю. І ў такой складанай сітуацыі ён захоўвае сябе, у ім няма яду, азлобленасці».

Увесь суд над Сашам Яраслаў лічыць дзіўным, «ад пачатку і да канца». Так, калі ў першы дзень пасяджэння разбіралі відэа Сашы, яго Instagram, не казалі, што знайшлі там нейкія заклікі. «Навошта гэта тады наогул трэба было абмяркоўваць і паказваць? Яго судзілі за блакаванне дарог, нібыта ён знаходзіўся на праезнай частцы, але гэта глупства. Няўжо ўсе сем месяцаў, якія ён знаходзіўся ў СІЗА, бок абвінавачвання знайшоў толькі гэта? І гэта ўся тая доказная база, якую можна было за пару гадзін зрабіць. Навошта чалавека ў неразуменні і няведанні столькі часу трымаць? Яго за гэты час нікуды не выклікалі – чалавек проста сядзеў і наогул не ведаў, калі ён выйдзе, што супраць яго хочуць рабіць. Напэўна, у іх гэта такая форма ціску».

Аляксандра абвінавацілі ў парушэнні артыкулу 342 КК («Арганізацыя і рыхтаванне дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, або актыўны ўдзел у іх»). Падставай паслужыла фатаграфія з Instagram Сашы на адным з нядзельных маршаў, на якой ён ідзе па праезнай частцы. Да таго ж у судзе «Менсктранс» выставіў рахунак журналісту 39 тысяч рублёў, закінуўшы яму блакаванне дарог. Прычым варта адзначыць, што падчас нядзельных маршаў дарогу блакавалі супрацоўнікі ДАІ.

Падчас перапынку перад вынясеннем прысуду Саша падпісаў кантракт з футбольным клубам «Крумкачы». Яраслаў распавядае, што гэта была пазіцыя Сашы, ягоныя далейшыя планы: ён хоча гуляць у футбол і папулярызаваць яго для маладзейшых хлопцаў. Пра гэта ён казаў і ў судзе.

«Я быў адзінай крыніцай падтрымкі для бацькоў і брата-інваліда». Апошняе слова Аляксандра Івуліна

Паводле Яраслава, бацькі хлопца трымаюцца добра. «Мама Сашы, прынамсі, калі ёсць хто-то старонні, вельмі моцна трымаецца. Яна была на судзе і настройвалася на горшы варыянт развіцця падзеяў, на больш цяжкі тэрмін, яна сябе падрыхтавала. Але ты ж усё роўна не ведаеш, што ўнутры ў чалавека. Відавочна, што гэта вельмі цяжка, таму што Саша – гэта сын, паспяховы і добры чалавек, магутны прафесіянал і велізарны гонар для бацькоў. Сашыны бацькі – гэта простыя людзі, яны на пенсіі, і для іх няпроста назіраць за тым, як у іх забралі сына, незразумела за што, нават толкам нічога не патлумачылі».

Падтрымка заўзятараў і футбалістаў

Пасля арышту Сашы зборная «Крумкачы», за якую ён выступаў, падтрымала яго, выйшаўшы на поле перад гульнёй у футболках з лікам «25» – пад такім нумарам Івулін выступаў за зборную. Футбаліст абраў такую лічбу, бо Дзень Волі святкуюць 25 сакавіка. Заўзятары і спартоўцы таксама падтрымліваюць Аляксандра, а беларускія дыяспары ладзяць акцыі салідарнасці. Аднак ён не атрымаў падтрымкі ад тых, дзеля каго гэта ўсё рабіў – беларускіх футбалістаў. Толькі адзінкі адкрыта падтрымалі журналіста.

Акцыя салідарнасці заўзятараў ФК «Крумкачы» з Аляксандрам Івуліным. Фота: autoparus.by

«Цяпер усё знаходзіцца на той стадыі, калі чакаць чагосьці ад іх [футбалістаў] – гэта бессэнсоўна, – кажа Яраслаў. – Нават калі я зрабіў выпуск, казаў, што футбалісты, якія не падтрымалі Сашу, не вартыя такога асвятлення, якое Саша для іх рабіў. Магчыма, яны гэта і абмяркоўваюць, але не публічна. Футбалісты думаюць аб сваіх праблемах, што ім зрэзалі бюджэт і зрабілі зарплаты не больш за 8 тысяч. Для іх, мабыць, гэта цяпер важней, чым тое, што ў бацькоў забралі сына на два гады».

Яраслаў распавядае, што з прысудам Аляксандру беларускі футбол страціў большую частку медыйнасці, і цяпер няма ніводнага рэсурсу, які можа паказаць футбольны матч у Беларусі так, каб яго паглядзелі сто тысяч чалавек.

«У футболе ствараліся нейкія героі, ён паказваў футбалістаў як людзей, і за гэтым было проста цікава назіраць. І ў бліжэйшы час не з’явіцца блогера, які гэтак жа б рабіў. Па-першае, таму, што асвятляць ужо няма чаго, а па-другое – гэта таксама не спадабаецца Федэрацыі футболу, якая хоча быць манапалістам, прычым такім, які выконвае сваю працу досыць кепска. Таму беларускі футбол будзе нецікавым, будзе бляклым і сумным. Сыйдуць прывіды мінулых поспехаў, і наогул нічога не застанецца», – кажа Яраслаў.

Прызёр Алімпіяды-2008 Краўчанка пра сітуацыю ў Беларусі: Цішыня – гэта малы кнот, які разгарыцца раптоўна

АД/ММ belsat.eu

Падпісвайся на telegram Белсату

Hавiны