НАК Беларусі занізіў колькасць спартоўцаў у Пекіне? Падсумоўваем першыя дні Алімпіяды


Закончыўся чацвёрты дзень гульняў на Алімпіядзе (лічыцца ад афіцыйнага Адкрыцця, хаця спаборніцтвы пачаліся яшчэ 2 лютага). Падсумоўваем прамежкавыя вынікі.

Першае месца ў неафіцыйным камандным заліку ўтрымала Швецыя. Сёння ў яе двайны п’едэстал у жаночым лыжным спрынце і чацвёртае «золата». Яны найлепшыя з прадстаўнікоў Скандынавіі. Нарвежцы пакуль пятыя, але ў іх усяго на адну перамогу меней. На мінулых Гульнях у Карэе нарвежцы першынствавалі з 14-цю залатымі ўзнагародамі, 14 срэбнымі і адзінаццаццю бронзавымі. Швецыя была шостаю з шасцю перамогамі.

Сёння ўпершыню ў спаборніцтвах лыжнікаў на дыстанцыю выйшаў прадстаўнік Беларусі. Ён не здолеў выбрацца з кваліфікацыі, дзе заняў ажно 53-е месца. Іншы наш рэпрэзентант – Аляксандр Воранаў – старт не прыняў. Паводле дырэктаркі Рэспубліканскага навукова-практычнага Цэнтру спорту Ірыны Малёванай, Воранаў атрымаў тры станоўчыя тэсты на COVID-19 ужо ў Пекіне і ізаляваны ў адмысловы гатэль. А таму, згодна ковід-пратаколу Гульняў, узяць удзел у Алімпіядзе пакуль не можа.

Беларускія спартоўцы на адкрыцці Алімпійскіх гульняў.
Фота: Valery Sharifulin / TASS / Forum

Сяміразовы ўдзельнік Алімпіядаў Сяргей Далідовіч у размове з журналістам «Белсату» нагадвае, што Аляксандр Воранаў пры гэтым ездзіў на адкрыццё, а цяпер максімум дзе можа выступіць, дык гэта ў 15-кіламетровай гонцы класічнаю хадою і ў эстафеце. Але, калі рэальна быў з тэмператураю, то проста не паспее ўзнавіцца. І да фінішу не даедзе.

Іншая справа з дзяўчатамі-лыжніцамі. Тая ж Малёваная паведаміла, што беларускія прадстаўніцы каманды Анастасія Кірылава ды Ганна Каралёва здалі станоўчы тэст на каронавірус.

«Пры скрынінгавым даследаванні выяўленыя таксама агульныя змены ў аналізах крыві, якія характарызуюць наяўнасць віруснай інфекцыі і клінічныя сімптомы катаральных з’яваў, якія рэгіструюцца пры паражэнні верхніх дыхальных шляхоў. У дынаміцы ПЛР-вынікі спартовак пацверджаныя неаднаразова. На дадзены момант клінічныя сімптомы і змяненні ў аналізах крыві ліквідаваныя. Але для прыняцця рашэння паводле іх далейшага ўдзелу ў Алімпіядзе трэба здаць некалькі адмоўных тэстаў запар. Пазней запоўніць адмысловыя формы пра стан здароўя спартовак, пасля чаго аргкамітэт Гульняў прыме рашэнне пра неабходнасць запросу дадатковай інфармацыі (аналізу крыві на антыцелы, агульнаклінічных аналізаў). І толькі потым будзе вынесена рашэнне аб удзеле Кірылавай і Кавалёвай у Гульнях», – кажа дырэктарка Рэспубліканскага навукова-практычнага Цэнтру спорту Ірына Малёваная.

Беларускія спартоўцы на адкрыцці Алімпійскіх гульняў у Пекіне.
Фота: PHIL NOBLE / Reuters / Forum

Але гэта інфармацыя з’явілася толькі напярэдадні, калі трэба было заяўляць дзяўчат на сённяшні спрынт, а не перад самым першым днём спаборніцтваў у лыжнікаў і лыжніц, якія беглі 5 лютага скіатлон. Беларускі НАК наўмысна ўтаіў тое, што дзяўчаты нават не прыляцелі ў Кітай, намякаючы толькі, што ў першы дзень спаборніцтвы павінныя выступіць беларускія лыжніцы, канькабежкі і біятланісты ў змяшанай эстафеце. Але потым інфармацыю пра лыжніц прыбралі.

«Яны на 99 адсоткаў яшчэ ў Менску і наўрад ці ў іх будзе шанец увогуле прыляцець у Пекін, – лічыць Сяргей Далідовіч. НАК утойваў гэта да апошняга. І ўжо напярэдадні спрынту яны вымушаныя былі агалосіць інфармацыю, бо ў МАК маглі б з’явіцца пытанні».

Ці гэта кара старшыні Беларускага лыжнага звязу Аляксандру Дараховічу за бессаромнае прыцясненне паводле палітычных матываў Дар’і Далідовіч ды Святланы Андрыюк? Наўрадці. Бо там медалёвых шанцаў і без таго не было. Але нашто ў такім выпадку афіцыйныя асобы хавалі гэтую інфармацыю так доўга, дагэтуль не паведаміўшы, што ў нас 27 спартоўцаў на Алімпіядзе, а не 29. А гэта – паўтарэнне антырэкорду колькасці ўдзельнікаў Гульняў ад нашай дзяржавы. Таксама 27 спартоўцаў выступалі на Алімпіядзе ў Сочы ў 2014 годзе. Але там было заваяваная найбольшая колькасць узнагародаў – шэсць медалёў.

Абноўлена
Каманда Беларусі здабыла першы медаль на зімовай Алімпіядзе ў Пекіне
2022.02.08 13:17

АП belsat.eu

Стужка навінаў