Макрон і Пуцін абмеркавалі праект Канстытуцыі Беларусі, а менавіта – пункт пра бяз'ядравы статус


Прэзідэнта Францыі Эмануэля Макрона непакоіла выдаленне з Асноўнага закону Беларусі палажэння пра бяз’ядравы і нейтральны статус краіны.

Эмануэль Макрон і Уладзімір Пуцін правялі перамовы 7 лютага 2022 году.
Фота: УНН

Эмануэль Макрон і Уладзімір Пуцін падчас брыфінгу 7 лютага абмеркавалі будучыя змяненні ў Канстытуцыю Беларусі. Прэзідэнта Францыі найбольш хвалявала выдаленне з тэксту Асноўнага закону двух палажэнняў ад 1994 году – пра статус нейтральнай і бяз’ядравай дзяржавы (артыкул 18 Канстытуцыі Беларусі).

«Я выказаў прэзідэнту Пуціну заклапочанасць у сувязі з новым праектам Канстытуцыі Беларусі, які прадугледжвае скасаванне двух фундаментальных палажэнняў аб яе статусе ад 1994 году, а таксама ў сувязі з заявай прэзідэнта Лукашэнкі аб ядравай зброі. У гэтай сувязі я атрымаў запэўненні ад прэзідэнта Пуціна», – перадае словы Макрона ТАСС.

Hавiны
Расея можа размясціць у Беларусі ядравую зброю
2021.12.21 15:47

Пад заявай Лукашэнкі меліся на ўвазе ягоныя словы пра тое, што Беларусь гатовая прапанаваць Расеі размясціць на сваёй тэрыторыі ядравую зброю, калі НАТО накіруе ядравую зброю ў Польшчу.

Пра ядравую зброю Пуцін выказаўся таксама на прэс-канферэнцыі пасля перамоваў з Макронам. Ён нагадаў пра ядзерны патэнцыял Расеі, кажучы пра перспектыву ўступлення Украіны ў НАТО.

«Мы разумеем, што Расея – адна з вядучых ядравых дзяржаваў, а па некаторых кампанентах сучаснасці шмат каго апярэджвае. Пераможцаў не будзе. Вы апыняцеся ўцягнутымі ў гэты канфлікт супраць сваёй волі», – заявіў Пуцін.

Глабальнае пытанне
Лукашэнка цягне Беларусь у ядравую вайну
2021.12.27 14:49

ГГ, belsat.eu

Стужка навінаў