Літоўская армія падвысіла ўзровень боегатоўнасці з-за расейска-беларускіх вучэнняў


Узброеныя сілы Літвы падвысілі ўзровень боегатоўнасці з-за вучэнняў, якія Расея праводзіць разам з беларускай арміяй на тэрыторыі нашай краіны. Пра гэта распавёў у інтэрв’ю BNS галоўнакамандуючы літоўскай арміі Вальдэмарас Рупшыс.

Канцэнтрацыя расейскіх вайскоўцаў і ваеннай тэхнікі ля мяжы з Украінай, а таксама вучэнні «Саюзная рашучасць-2022» у Беларусі выклікаюць занепакоенасць Захаду адносна бяспекі ў Цэнтральнай і Ўсходняй Еўропе. Гэта стала прычынай падвышэння боегатоўнасці літоўскай арміі.

Паводле Вальдэмара Рупшыса, узброеныя сілы сканцэнтраваныя ў адпаведных месцах, скарочаны час іхнага рэагавання, каб яны мелі магчымасць адказваць на пагрозы ў выпадку іх узнікнення.

«Узровень пільнасці, каб мы маглі рэагаваць на змяненне сітуацыі ці патэнцыйную пагрозу для нас і быць у патрэбным месцы з патрэбнымі магчымасцямі», – сказаў Рупшыс.

Галоўнакамандуючы літоўскай арміяй перакананы, што «некаторыя расейскі войскі застануцца ў краіне (Беларусі – рэд.) пасля вучэнняў».

Наўпроставых пагрозаў Літве з боку Беларусі на сённяшні дзень, паводле Рупшыса, няма.

Аналітыка
Што будзе, калі расейскія войскі застануцца ў Беларусі пасля вучэнняў? Спыталі расейскага і ўкраінскага аналітыкаў
2022.02.08 10:45

Вучэнні «Саюзная рашучасць» – частка маштабнага правярання сілаў рэагавання Саюзнай дзяржавы на тэрыторыі Беларусі. Першы этап праверкі мусіць завяршыцца да 9 лютага, ён улучае перадыслакацыю і стварэнне груповак войскаў, ахову паветранай прасторы ды ацэнку гатовасці войскаў СПА. Другі этап, які пройдзе з 10 да 20 лютага, складаецца з уласна вучэнняў «Саюзная рашучасць». Намеснік міністра абароны РФ, генерал-палкоўнік Аляксандр Фамін заявіў, што плануюць рыхтаваць войскі да дзеянняў «не толькі ў сваіх межах адказнасці, але і да развязання задачаў для лакалізацыі крызісных сітуацыяў на любых пагражальных кірункаў».

Напярэдадні вучэнняў у Беларусь перакінулі шмат расейскай ваеннай тэхнікі і вайскоўцаў.

ГГ, belsat.eu

 

Стужка навінаў