Каманда Беларусі здабыла першы медаль на зімовай Алімпіядзе ў Пекіне


Біятланіст Антон Смольскі стаў срэбным прызёрам у індывідуальнай гонцы на 20 кіламетраў.

Антон Смольскі.
Фота: KIM HONG-JI / Reuters / Forum

На чатырох агнявых рубяжах Смольскі не дапусціў ніводнага промаху. Золата ў гэтай гонцы заваяваў француз Кантэн Фіён Мае, а трэцім стаў нарвежац Ёганэс Тынгнэс Бё.

Смольскі саступіў французу Кантэну Фіёну Мае даволі шмат – амаль 15 секундаў, улічваючы, што апярэджваў яго пасля другой стойкі на 2,1 секунды.

Пасля гонкі віцэ-чэмпіён Гульняў падзяліўся сваймі ўражаннямі:

«Даваў сабе ўстаноўку пільна настройвацца на кожны стрэл. Не памыліўся і са стратэгіяй, не кінуўся з месца ў кар’ер, каб як мага хутчэй прыбегчы да першага агнявога рубяжу ў ліку лідараў. Усё пралічыў. Але хуткасць удавалася трымаць, узяўшы за арыенцір расейца Аляксандра Логінава, які быў наперадзе. Пры апошняй стральбе стараўся абстрагавацца ад пабочных думак. Вельмі ўдзячны нашым сэрвісменам. Яны якасна падрыхтавалі лыжы, якія працавалі на высокім узроўні ад першага да апошняга кола. Медаль прысвячаю родным і сваякам».

У 2017 годзе Смольскі стаў бронзавым прызёрам юніёрскага чэмпіянату свету ў гонцы пераследу, але ў дарослай зборнай заявіў пра сябе больш гучна толькі ў гэтым сезоне. Хаця для маладога біятланіста пекінская – ужо другая Алімпіяда. У Пхёнгчхангу-2018 ён не трапіў у заяўку на індывідуальную гонку, але прабіўся ў беларускую эстафетную каманду мужчынаў, дзе і паказаў свой тады найлепшы вынік на Гульнях – 8-е месца. У асабістым заліку быў толькі 33-м у гонцы пераследу. Вясковы хлопец з Капыльскага раёну Меншчыны ў гэтым сезоне не аднойчы падымаўся на п’едэсталы этапаў Кубка свету. Але, што цікава, на стартавую класічную гонку ён у заяўлены квартэт беларусаў не трапіў.

Стаў бронзавым прызёрам спрынту ўжо на трэцім этапе ў аўстрыйскім Гохфільцэне, а на пятым – у нямецкім Обэргофэ, разам з камандаю ўзняўся на другую прыступку п’едэсталу пасля змяшанай эстафеты. Тры трэція месцы – у спрынце, пераследзе і мужчынскай эстафеце – былі ў Смольскага і на наступным нямецкім этапе ў Рупальдынгу. Ад таго сённяшні медаль і падаецца яшчэ больш нечаканым, што срэбны прызёр Пекіну усё ж больш спрынтар, і ў гэткай ролі, нават маючы хібы пры стральбе, заходзіў сёлета ў прызёры. У Пекіне ён не здолеў, аднак, дагнаць француза, які меў дзве штрафныя хвіліны. Але за кошт чыстай стральбы адчувальна, амаль на 17 секундаў, апярэдзіў значна больш дасведчанага нарвежца Ёганэса Тынгнэса Бё, які схібіў, як і пераможца, два разы. Далей у біятлоннай праграме Алімпіяды – спрынтарскія гонкі. Жаночая і мужчынская адбудуцца, адпаведна, 11 і 12 лютага.

Антон Смольскі на Алімпіядзе ў Пекіне.
Фота: HANNAH MCKAY / Reuters / Forum

Антон Смольскі нарадзіўся ў 1996 годзе ў Пясочным у Менскай вобласці. Навучаўся ў дзіцяча-юнацкай школе алімпійскага рэзерву ў Капылі. Быў срэбным і бронзавым прызёрам этапаў Кубку Свету, бронзавым прызёрам юніёрскіх чэмпіянатаў свету і Еўропы, удзельнікам Алімпійскіх гульняў 2018 года.

У 2020 годзе падпісаў праўладны ліст спартоўцаў.

ГГ belsat.eu

Стужка навінаў