Візіт прэзідэнта Францыі ў Маскву паказаў, што, падтрымліваючы Расею ў яе патэнцыйным канфлікце з Украінай, улады Беларусі працягваюць заставацца ў цэнтры ўвагі краінаў Захаду. Праўда, далёка не заўсёды з Менскам імкнуцца абмяркоўваць гэтыя пытанні.
7 лютага Маскву наведаў прэзідэнт Францыі Эманюэль Макрон, каб абмеркаваць сітуацыю вакол Украіны. Сярод тэмаў размовы была і Беларусь, якую ён абляцеў на сваім шляху.
«Нам трэба рухацца да дээскалацыі. Мы ведаем умовы. Асноўныя пытанні калектыўнай бяспекі, украінскае пытанне, сітуацыя з бяспекай у Беларусі і ва ўсім рэгіёне: рухаемся наперад», – акрэслілі ў Twitter-акаўнце французскага прэзідэнта галоўныя тэмы размовы.
Ce vers quoi nous devons aller, c’est la désescalade. Nous en connaissons les termes. Grandes questions de sécurité collective, question ukrainienne, situation sécuritaire en Biélorussie et dans toute la région : avançons. pic.twitter.com/sXEDLGf4jO
— Emmanuel Macron (@EmmanuelMacron) February 7, 2022
У сваю чаргу «Financial Times» адзначае, што Уладзімір Пуцін паабяцаў Макрону вывезці расейскія войскі з Беларусі пасля заканчэння вучэнняў, запланаваных на 10–20 лютага. Гэта пазней пацвердзілі і расейскія ўлады.
Але ж абмяркоўвалі Беларусь без Беларусі не толькі ў межах замежнай палітыкі. Гаворка зайшла і пра ўнутраную.
«Я сказаў прэзідэнту Пуціну, што мяне непакоіць праект Канстытуцыі Беларусі, дзе прапаноўваецца прыбраць два фундаментальныя палажэнні 1994 года. І таксама выказванне Аляксандра Лукашэнкі ў снежні наконт ядравай зброі. Хачу сказаць, што прэзідэнт Пуцін мяне супакоіў у гэтых пытаннях», – цытуе Макрона прэс-служба Крамля.
Відавочна, Макрон меў на ўвазе скасаванне бяз’ядравага і нейтральнага статусу Беларусі, пра што раней згадвалі ў Дзярждэпартаменце ЗША. Апошні, дарэчы, мяркуе, што Лукашэнка «гатовы аддаць усё, каб застацца ва ўладзе», а ягоныя пазіцыі «аслаблі, магчыма, ужо незваротна».
Пры гэтым Вашынгтон усё ж не цураецца кантактаў з афіцыйным Менскам.
Гэтак, 3 лютага стала вядома пра размову памочніка дзяржсакратара ЗША ў справах Еўропы і Еўразіі Кэрэн Донфрыд (Karen Donfried) з міністрам замежных спраў Беларусі Уладзімірам Макеем. Яна выказала заклапочанасць «нарошчваннем расейскіх сілаў у Беларусі і працягам парушэння правоў чалавека рэжымам Лукашэнкі».
У прыватнасці, Донфрыд падкрэсліла, што «Беларусь сутыкнецца з тымі ж наступствамі, што і Расея, калі будзе ўдзельнічаць у планах далейшага ўварванню ва Украіну».
Занепакоеныя магчымай акупацыяй Беларусі і дэпутаты заходніх краінаў і Еўрапарламенту. А ў агучаных заходнімі медыямі планах расейскага ўварвання ва Украіну Менск дык выглядае ледзь не часткай Расеі.
Пра ціск на афіцыйны Менск 24 студзеня казаў і Лукашэнка.
«Прыехалі да нашых дыпламатаў у Нью-Ёрку і пагражаюць нам: ды калі вы дазволіце Пуціну і Расеі, дазволіце гэта, то мы ўвядзем санкцыі. Калі вы гэтую ядравую зброю вернеце ў Беларусь, будзе тое і гэта. Разумееце, ментарскі нейкі тон у дачыненні да Беларусі», – заявіў ён.
Але слухацца «вашынгтонскага абкаму» Лукашэнка пакуль не збіраецца. І пагражае нават дайсці з войскамі АДКБ да Ла-Маншу.
Не вызначаецца дыпламатычнасцю і МЗС Беларусі, якое кажа пра «проста смяхотныя» выдумкі адносна Беларусі ды «традыцыйны набор штампаў». Пануе шапказакідальніцтва таксама ў беларускім Генштабе, дзе лічаць вайсковую моц ЗША «мыльнай бурбалкай».
Тым часам улады Беларусі ўсё больш губляюць у вачах Захаду сваю самастойнасць. Што ўскосна пацвярджаюць беларускія прапагандысты, якія абяцаюць «разнесці» Кіеў ядравым ударам і паставіць ва Украіне 300-метровую статую Пуціну (нават не Лукашэнкі) з лазерамі замест вачэй.
«Ходзяць чуткі, што Крэмль будзе прадаваць Еўропе «кантроль над Лукашэнкам» і/або яго сыход – усё ў рамках старых дамоўленасцяў паміж РФ і Байдэнам + Нулэнд. І Захад пагодзіцца. Уласна таму Лукашэнка і пачынае нервавацца і спрабуе ўскочыць за спіну кітайскага брата Сі, мяркуючы, што той абароніць яго ад Крамля ў выпадку «пагаднення на ўгоду» паміж РФ і Захадам. У прынцыпе Захад згодны, каб Масква трымала рэжым на мушцы», – мяркуе аўтар ананімнага тэлеграм-каналу «CYNIC».
З тым, што «вонкавы свет ніякіх ілюзіяў наконт ступені самастойнасці беларускай улады ўжо не адчувае», згодныя і «Письма к дочери».
«Калі Макрону захацелася абмеркаваць новую беларускую канстытуцыю, ён жа не з беларускімі ўладамі яе абмяркоўваў. Ён абмяркоўваў яе ўчора са старэйшым саюзнікам, быццам ніякіх беларускіх уладаў ужо і няма. І гэта пры тым, што самі беларускія ўлады вельмі стараліся прыцягнуць навакольны свет да абмеркавання сваіх канстытуцыйных рэформаў», – піша аўтар тэлеграм-каналу.
Палітычны аглядальнік Аляксандр Класкоўскі ў каментары «Белсату» адзначыў, што пасля выбараў 2020 года на Захадзе Лукашэнку абвясцілі нелегітымным, і «таму фактычна накладзенае табу на палітычныя кантакты найвышэйшага ўзроўню». Адзіным «экстраардынарным выключэннем» стала тэленафанаванне ў Менск падчас гарачай фазы міграцыйнага крызісу канцлеркі Ангелы Мэркель, якая сыходзіла са сваёй пасады.
«А так уявіць сёння, што Макрон будзе тэлефанаваць Лукашэнку, а тым болей з ім сустракацца, немагчыма. Гэта б супярэчыла сённяшняму курсу Захаду на непрыманне нелегітымнага з іх гледзішча кіраўніка», – падкрэсліў Аляксандр Класкоўскі.
Больш за тое, на думку Класкоўскага, «у вачах Захаду Лукашэнка імкліва страчвае статус самастойнага палітыка». І паколькі галоўная падпорка менскага кіраўніка сыходзіць з Масквы, «ён мусіць цалкам ісці ў фарватары Крамля».
У якасці прыкладаў такіх дзеянняў Лукашэнкі палітычны аглядальнік прывёў падпісанне дарожных праграмаў інтэграцыі з Расеяй, якое зрываў раней, фактычнае прызнанне Крыму расейскім і сыход на «антыўкраінскія рэйкі» з паглыбленнем вайсковай прысутнасці РФ у Беларусі.
«Усе гэтыя думкі і падводзяць Захад да думкі, што Лукашэнка – ужо цалкам несамастойная фігура, што ён марыянетка», – мяркуе Аляксандр Класкоўскі.
Пры гэтым эксперт нагадаў, што Лукашэнка дагэтуль спрабуе захаваць рысы сваёй самастойнасці ад Масквы, у тым ліку праз абвяржэнне пасылання беларускіх вайскоўцаў у Сірыю. Атрымалася ў яго і праціснуць свой варыянт новай канстытуцыі, «колькі ні казалі, што Крэмль хоча яго змусіць да транзіту».
«Таму казаць, што ён ужо зусім не самастойны і толькі яго тузаюць за нітачкі, не выпадае», – адзначыў палітычны аглядальнік.
Разам з тым Аляксандр Класкоўскі кажа, што Беларусь і надалей будзе «імкліва спаўзаць у імперскую пастку», бо ў Лукашэнкі «проста няма іншага выйсця».
Здымак вокладкі: SHAMIL ZHUMATOV / Reuters / Forum
МГ belsat.eu