Андрэй Курэйчык: Серыял пра Акрэсціна можа стаць соллю на рану, але гэтая рана не павінная зарасці


Пасля таго, як беларускі рэжысёр Андрэй Курэйчык апублікаваў на сваёй старонцы ў Facebook бэкстэйдж са здымак серыялу «Акрэсціна», у якім паказана сцэна расстрэлу зняволеных, распачалася дыскусія пра своечасовасць узняцця тэмы гвалту сілавікоў. Крытыкі гэтай ідэі лічаць, што тэма пакуль вельмі балючая для нашага грамадства. У сваю чаргу рэжысёр перакананы, што казаць пра жахлівыя катаванні ў краіне трэба.

Здымкі серыялу «Акрэсціна». Крыніца: Андрэй Курэйчык / Facebook

Серыял «Акрэсціна» рэжысёр Андрэй Курэйчык стварае сумесна з медыйным праектам «Маланка». Заснавальнік ініцыятывы Павел Марыніч распавядае «Белсату», што ідэя стварэння серыялу з’явілася яшчэ ўлетку мінулага году.

«Тэма палітвязняў для мяне асабістая, бо гэта прайшло праз маю сям’ю. За кратамі знаходзяцца мае блізкія сябры. Мы з Андрэем Курэйчыкам абмяркоўвалі гэта і вырашылі, што варта заняцца стварэннем фільма. Да таго ж сёння вельмі важна, каб тэма Беларусі была на старонках выданняў усяго свету. І гэты фільм таксама. Скіраваны, каб паказаць чарговы раз, што ў Беларусі існуе сапраўдны ГУЛАГ. Трэба падтрымаць палітвязняў, іх сем’і. Пасля 2020 году гэтая тэма паволі сыходзіць. Але жах у краіне застаецца, такое не можа быць у сучасным свеце», – кажа Павел Марыніч, прадзюсар серыялу.

Паводле словаў прадзюсара, каманда практычна завершыла здымкі серыялу. Цяпер працуюць музыкі, каларысты, ствараюцца субтытры на ангельскай мове. Павел Марыніч кажа, што з самага пачатку яны імкнуліся каб серыял меў міжнародны ўзровень, каб была нейкая рэакцыя ў свеце.

Павал Марыніч.
Фота: Аліса Ганчар / Белсат

А вось тая рэакцыя, якая ўзнікла на бэкстэйдж са здымак серыялу «Акрэсціна», у якім паказана сцэна расстрэлу зняволеных, сведчыць, што фільм будуць чакаць, лічыць Павел.

«Я вельмі рады, што ўзнікла такая бурная рэакцыя. Людзі паглядзелі тое, што мы выклалі ў сеціва і я ведаю, што людзі будуць чакаць, пакуль выйдзе гэты фільм. Так што рэакцыя – гэта вельмі важна для нас, людзі пачалі абмяркоўваць фільм. Я лічу, што гэта вельмі добра».

Насамрэч кадры з фільму ў сеціве выклікалі неадназначную рэакцыю. Многія абурыліся і жорстка раскрытыкавалі стваральнікаў фільму.

Hавiны
Рэжысёр Андрэй Курэйчык паказаў бэкстэйдж серыялу пра Акрэсціна – сацсеткі абурыліся
2022.02.07 22:53

«Крытыку я ўспрыняў спакойна. Бо для мяне ёсць два аспекты. Першы заключаецца ў пытанні, а ці трэба гэта цяпер рабіць? Гэта вельмі важнае, для беларусаў пытанне, ці неабходна менавіта цяпер здымаць фільмы, рэпартажы, ствараць кнігі, або чакаць перамогі і потым робіць гэта. І мы бачым, што ўзнікла такое пытанне. Я мяркую, што гэта вельмі патрэбна.

Мы бачым, што цяпер тэма катаванняў у Беларусі адыходзіць на другі план у міжнароднай супольнасці. Але пры гэтым колькасць палітвязняў толькі павялічваецца. Людзі гадамі знаходзяцца ў СІЗА, а ім нават не выстаўляюць абвінавачвання. Іх там катуюць і гэта сапраўдны жах. Таму пра гэта трэба казаць, крычаць, прыцягваць увагу і беларусаў у тым ліку. А другі момант заключаецца ў тым, што кадры бэкстэйджу, скажам, рэпартажу з пляцоўкі людзі ўспрынялі як кадры з фільму», – кажа рэжысёр Андрэй Курэйчык.

Кадр з серыялу пра Акрэсціна рэжысёра Андрэя Курэйчыка.
Фота: Андрей Курейчик / Facebook

Пазней рэжысёр патлумачыў, што насамрэч кадр не з’яўляецца тызерам, які мае зʼявіцца толькі вясной. Людзі не зусім дакладна зразумелі пасыл.

«Насамрэч гэта сапраўды адна з самых складаных і цяжкіх сцэнаў у фільме. Я раней не хацеў гэта раскрываць, але бачу, што Курэйчык распавядаў у сеціве, што расстрэл насамрэч – гэта сон галоўнага героя. Увогуле пачатак падзеяў у фільме – гэта той час, калі затрымалі Сяргея Ціханоўскага. І вось гэты накал на вуліцах гарадоў, першыя затрыманні. І гэта кашмарны сон героя. А сцэна сапраўды цяжкая, гэта мастацкі вобраз. Не будзем забываць, што насамрэч кроў лілася і льецца. Забілі Аляксандра Тарайкоўскага, Вітольда Ашурка», – кажа Павел Марыніч.

У любым выпадку, кажуць стваральнікі серыялу, здымаць такі фільм было надзвычай складана.

«У нас палова групы прыйшла праз Акрэсціна, праз іншыя ЦІП і ІЧУ. Людзі сядзелі за кратамі, галоўны герой наш, Павел Гарадніцкі быў за кратамі, Андрэй Ткачоў і іншыя. Людзі ведаюць, што гэта такое і рэальна было вельмі цяжка. Наш кансультант кубінец Рабэрта 6 месяцаў быў за кратамі перад дэпартацыяй. Вядома, для нас гэта было жахлівае адчуванне несвабоды ад знаходжання ў гэтых сценах. Але так трэба. Калі глядзіш, або робіш такое кіно, то не павінна быць па-іншаму. Мне псіхалагічна было складана. Я бадай 4 месяцы знаходжуся ў гэтай унутранай гісторыі. Але я не лічу, што калі пачалі здымаць першыя фільмы пра вайну, або пісаць кнігі, што ім было лёгка», – перакананы Андрэй Курэйчык.

Hавiны
У Польшчы прайшла прэм’ера спектакля паводле дакументальнай п’есы Андрэя Курэйчыка
2021.11.16 20:26

Паводле рэжысёра, якія б не былі балючыя тэмы, іх важна і патрэбна агучваць.

«Я для сябе задаю пытанне, а калі надыдзе час, каб здымаць пра катаванні сілавікоў? Праз колькі гадоў пра гэта можна будзе распавядаць, але ці будзе гэта тады патрэбна? Ужо цяпер мы глядзім на падзеі снежня 2010 году з дыстанцыяй. Многія ўжо і забылі пра тыя падзеі. Гэтая рана не павінная зарасці. Я згодзен з тым, што фільм можа быць соллю на рану. Але гэта трэба рабіць, паколькі людзі пачынаюць прызвычайвацца да існай рэчаіснасці. Вялізныя турэмныя тэрміны не выклікаюць абурэння, мы проста сядзім і чакаем. А мне не хочацца сядзець і чакаць», – кажа Андрэй Курэйчык.

Прадзюсар серыялу Павел Марыніч кажа, што серыял можна будзе паглядзець напрыканцы вясны, бліжэй да лета.

Інтэрв’ю
Максім Жбанкоў: Культурная палітыка дзяржавы займалася выхаваннем узорных калгаснікаў
2021.03.24 12:03

Культурны аналітык і журналіст Максім Жбанкоў перакананы, што такія тэмы, якія закранулі стваральнікі серыялу «Акрэсціна», неабходна асвятляць. І тое, што зʼявілася крытыка першых кадраў фільму – гэта натуральна для нашай рэчаіснасці.

«Штука ў тым, што цягам апошніх двух гадоў, пачынаючы з перадвыбарнай сітуацыі, мы маем вельмі моцную драматызацыю грамадскага жыцця, якое перайшло ў паліцэйскі гвалт, у фармат сацыяльнай катастрофы, у фармат разбурэння ўсіх грамадскіх, маральных, сацыяльных, юрыдычных і тым больш эстэтычных канвенцыяў. Гэтая сітуацыя перманентнага жаху і распаду наяўных матрыц існавання нашай «стабільнай» дзяржаўнасці і мастацкага жыцця прывяла, як для мяне, да сітуацыі, калі мастацтва прайграла драматызму, катастрафічнасці і трагічнасці штодзённасці», – тлумачыць Максім Жбанкоў.

Культурны аналітык бачыць разрыў між традыцыйнымі фарматамі аўтарскага выказвання з катастрафічнай і шматпластоўнай рэчаіснасцю. У гэтых абставінах аднолькава няпроста і эстэтам-інтэлектуалам, і вытворцам камерцыйнай прадукцыі, да якіх Жбанкоў адносіць Курэйчыка. Разрыў параджае моцнае непрыманне ўсіх спробаў штучна патлумачыць рэчаіснасць.

«Пытанне не ў тым, ці можа Курэйчык выказвацца пра нашыя трагічныя падзеі, – адзначае Жбанкоў. – Безумоўна, ён мае права як грамадзянін, як кожны з нас! Але ці варта лічыць грамадскую пазіцыю Курэйчыка мастацкім выказваннем – гэта ўжо пытанне. Тут для мяне відавочная несумяшчальнасць крэатыўнага патэнцыялу аўтара і ўзроўню складанасці тэмы, якую ён выбірае».

Hавiны
Андрэй Курэйчык пра вынікі года пасля выбараў: людзі зразумелі, што больш не хочуць жыць у турме
2021.08.09 21:49

СК belsat.eu

Стужка навінаў