«Адкапаюць яшчэ тваіх прапрадзедаў». Лукашэнка адрэагаваў на расследаванне «Белсату»


Два тыдні таму ў перадачы «Давайце разбірацца» мы расказалі пра тое, як дырэктар «Медтэхнацэнтру», брат генеральнага пракурора Андрэя Шведа багацее на бедах беларусаў. Падобна, Лукашэнка паглядзеў нашае расследаванне.

На нарадзе Савету бяспекі 8 лютага Аляксандр Лукашэнка заявіў, што да «рэферэндуму» аб змене Канстытуцыі «нам будуць падкідваць усялякую дахляціну», што трэба «быць гатовымі да рознага кшталту ўкідаў і фэйкаў», піша «БелТА».

«Па кожным з вас будуць малаціць, – сказаў Лукашэнка чыноўнікам. – Мяне ўжо адмалацілі. Ужо, мусіць, жывога месца не засталося. А вось кожнага з вас.

Ведаю, што Андрэя Шведа пачалі паласкаць. Гэта яшчэ не ўсё. Рыхтуйся, адкапаюць яшчэ тое, што ты не ведаеш: прапрадзедаў тваіх, бабуль. Яшчэ знойдуць, што ты з Амерыкі прыехаў».

Даведка

Расследаванне праграмы «Давайце разбірацца» было прысвечана шэрым схемам высокапастаўленых функцыянераў. Аўтары высветлілі, чаму ў Беларусі расце не ўзровень сістэмы аховы здароўя і зарплаты лекараў, а дабрабыт чыноўнікаў. Галоўныя героі расследавання – генеральны пракурор Беларусі Андрэй Швед ды яго брат Алег.

Генеральны пракурор Андрэй Швед нарадзіўся ў вёсцы Глушкавічы Лельчыцкага раёну Гомельскай вобласці ў сям’і дырэктара школы і школьнай настаўніцы матэматыкі. Пра амерыканскае паходжанне сям’і не паведамлялася.

Бацька генпракурора родам з Глушкавічаў, маці – з Леніна Горацкага раёну Магілёўскай вобласці. Паводле звестак «Нашай нівы», дзед Андрэя Шведа (або Швяда, як вымаўляюць мясцовыя) Васіль родам з вёскі Будкі-Камянскі Ровенскай вобласці Украіны, працаваў кавалём у калгасе і вырабляў дудкі, быў жанаты двойчы. Пра прапрадзедаў і бабуляў Шведа звестак у медыях не публікавалі.

З Амерыкай у Шведа іншыя сувязі: у 2021 годзе ён трапіў пад санкцыі Злучаных Штатаў «у адказ на эскалацыю гвалту і рэпрэсіяў з боку рэжыму Лукашэнкі» пасля захопу ў Беларусі самалёта «Ryanair» і зняволення журналіста Рамана Пратасевіча. Разам з ім тады пад санкцыі ЗША трапілі прэс-сакратарка Лукашэнкі Наталля Эйсмант, расейскі алігарх Міхаіл Гуцэрыеў, КДБ, ГУБАЗіК, Унутраныя войскі і іншыя асобы і арганізацыі.

Hавiны
Генпракурор заявіў аб «экспарце» нацызму ў Беларусь з суседніх краінаў
2021.05.16 12:47

АА belsat.eu

Стужка навінаў