ЗША заклікаюць беларускія ўлады вызваліць журналістак «Белсату»


Сцяг ЗША.
Фота: pixabay.com

Работнікі амбасады ЗША назіралі за прэс-канферэнцыяй, арганізаванай 5 лютага Беларускай асацыяцыяй журналістаў з нагоды судовага працэсу, што мае адбыцца супраць журналістак тэлеканалу «Белсат». Кацярыне Андрэевай і Дар’і Чульцовай пагражае да 3 гадоў турмы.

Працэс пачнецца 9 лютага ў Менску. Журналістак абвінавачваюць у «арганізацыі дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак».

«Злучаныя Штаты, краіны-партнёры і праваабарончыя арганізацыі па ўсім свеце лічаць гэтыя абвінавачванні абуральнымі. Журналісткі асвятлялі развіццё падзей для беларускага народу. Злучаныя Штаты заклікаюць беларускія ўлады вызваліць іх неадкладна і безумоўна, а таксама, у больш шырокім кантэксце, спыніць пераслед журналістаў, якія робяць сваю працу», – гаворыцца ў заяве амбасады.

15 лістапада Кацярына Андрэева і Дар’я Чульцова былі затрыманыя пасля жывой трансляцыі і асвятлення гвалтоўнага разгону мірных пратэстоўцаў. Людзі сабраліся на плошчы Пераменаў у Менску, каб ушанаваць памяць Рамана Бандарэнкі. Бандарэнка быў жорстка затрыманы 11 лістапада і памёр на наступны дзень пасля таго, як быў моцна збіты сілавікамі.

«Дадзеная справа супраць журналістак з’яўляецца адным з мноства прыкладаў, якія дэманструюць працяг палітычна матываваных маніпуляцый законам з боку ўладаў дзеля таго, каб прымусіць СМІ змоўкнуць. Моцныя і незалежныя СМІ, доступ да інфармацыі з’яўляюцца неабходнай умовай вяршэнства закону і надзвычай важныя для паспяховасці адкрытага, сучаснага грамадства», – адзначаюць замежныя дыпламаты.

Hавiны
Дар’я Чульцова і Кацярына Андрэева: што трэба ведаць пра зняволенных журналістак «Белсату» і іх пераслед
2021.02.08 07:30

МГМ Belsat.eu

Стужка навінаў