У Менску з 6 сакавіка адкрываецца вялікі фестываль сучаснага мастацтва Moving Art Festival


Moving Art Festival – гэта першая ў Беларусі пляцоўка, дзе ў розных лакацыях сканцэнтраваныя напрамкі сучаснага мастацтва розных жанраў. Па ўваходным білеце на пляцоўцы MAF можна будзе наведаць усе лакацыі: пабываць на тэатральнай пастаноўцы, прыняць удзел у майстар-класах і працоўнях, паслухаць цікавую лекцыю, паглядзець і купіць працы мастакоў, пабываць на інструментальным канцэрце або патанчыць да раніцы.

Hавiны
«Так выглядае кашмар любога арганізатара». У Менску перанеслі фестываль сучаснага беларускага мастацтва
2021.03.06 15:03

Дырэктарка прасторы MAF Яўгенія Сухоцкая распавяла, што сама задумка складаецца ў тым, каб арганізоўваць культурную пляцоўку, якая будзе працаваць кожную суботу, і каб людзі, якія цікавяцца сучасным мастацтвам, ведалі, куды яны могуць прыйсці.

Фестываль павінен стаць асаблівай прасторай для сустрэчы творчых людзей, магчымасцю паказаць свой погляд на свет для мастакоў і артыстаў, быць разам і адчуць адзін аднаго, натхніцца, адкрыць для сябе новыя імёны і віды мастацтва.

«Мы спецыяльна зрабілі вечаровую праграму, аб’яднаўшы некалькі накірункаў, каб паказаць людзям, што выстава можа быць вясёлай. На фестывалі можна будзе паглядзець працы мастакоў або пастаноўку, патанцаваць, выпіць у бары і весяліцца да раніцы. Каб прасоўваць мастацтва для шырокай аўдыторыі трэба зрабіць яго больш папулярным і масавым, стварыць атмасферу свята. Бо нашыя мастакі заслугоўваюць большай увагі», – кажа Яўгенія.

Каманда Moving Art Factory працавала над гэтым праектам з пачатку 2020 года. Маладыя мастакі, танцоры, артысты, перформеры пры падтрымцы партнёраў праекту стваралі новыя працы, вялі відэа дзённікі і рэфлексавалі на тэмы самаізаляцыі, сацыяльных зменаў і крызісаў мінулага года.

«Першапачаткова мы планавалі правесці выставу #самоизоляцияoff летам 2020 года. Працы мастакоў былі сабраныя яшчэ ў траўні, аднак выставу адмянілі, і ўсе працы засталіся ў нашым сховішчы. Вядома, за гэты час хтосьці іх забраў, хтосьці прадаў на іншых выставах, хтосьці зʼехаў з краіны – таму саміх работ цяпер менш. У пачатку планавалі выставіцца 74 мастакі, а зараз іх каля 40. Але ўсё роўна гэта вельмі вялікая экспазіцыя: у кожнага мастака ад адной да пяці прац.

На фестывалі ў сакавіку будуць удзельнічаць толькі беларускія мастакі, тэатральныя калектывы і музычныя гурты розных жанраў. Першы фестываль дакладна будзе такім, а далей, калі адкрыюцца межы і стане больш фінансаў і магчымасцяў, то ў нас не будзе праблем запрасіць кагосьці з-за мяжы. У Бельгіі і на Кубе ёсць падобныя прасторы, з якімі мы супрацоўнічаем, таму мы можам адпраўляць туды працы нашых мастакоў або запрашаць кагосьці адтуль», – распавядае дырэктарка фестывалю.

Фота праекту HomoCosmos ТЭАТР/Facebook MAF

На Moving Art Festival будуць прадстаўленыя:

  • Карцінная і фотагалерэя з удзелам больш за 40 сучасных мастакоў
  • Арт-інсталяцыі
  • Сучасны тэатр
  • Харавыя і інструментальныя канцэрты
  • Кіно
  • Канцэрты
  • Танцавальныя пастаноўкі і майстар-класы
  • Варкшопы і лекцыі з сучаснай падачай
  • Практычныя майстар-класы ад мастакоў

Фестывальная пляцоўка будзе працаваць кожную суботу, пачынаючы з 6 сакавіка, на шостым паверсе заводу «Гарызонт».

Фота эксперыментальнага фрык-тэатру Т(е)=Art / Facebook MAF

Падчас правядзення фестывалю будуць захаваныя ўсе меры бяспекі і самаабароны. Пляцоўка з пяццю прасторамі на 1600 кв.м. дазволіць захоўваць бяспечную дыстанцыю паміж удзельнікамі. У кожным памяшканні будзе знаходзіцца антысептык, а наведвальнікі павінны выконваць масачны рэжым.Сачыць за навінамі праекту можна ў Instagram і Facebook.

Фестываль плануецца правесці 20, 27 сакавіка і 3, 9 красавіка.

Уваход на фестываль складзе 15 BYN, першыя 100 квіткоў – 10 BYN. Абанемент на месяц (4 фестывальныя дні) будзе каштаваць 35 BYN. Усе актыўнасці па квітку даступныя, на некаторыя неабходная папярэдняя рэгістрацыя!

Білеты на BezKassira.by

АД/ІР belsat.eu

Стужка навінаў