У закрытым рэжыме і без адваката: вынеслі адзін з самых жорсткіх прысудаў у справах аб масавых беспарадках


Магілёвец Аляксей Мельнікаў у зале суда.
Фота: Белсат

Суд Кастрычніцкага раёну Магілёва прызнаў Аляксея Мельнікава вінаватым адразу паводле чатырох артыкулаў Крымінальнага кодэксу і пакараў сямю гадамі пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму і штрафам 50 базавых велічыняў (1450 рублёў). Жыхара Магілёва судзілі за рыхтаванне да ўдзелу ў масавых беспарадках з пагромамі і падпаламі ды за стварэнне і захоўванне зброі. Судовае паседжанне адбывалася ў закрытым рэжыме, паведамляе карэспандэнт «Белсату».

Аляксея Мельнікава судзілі за рыхтаванне да ўдзелу ў масавых беспарадках з пагромамі і падпаламі ды за стварэнне і захоўванне зброі паводле арт. 13, ч. 2 арт. 293, ч. 3 арт. 295 і ч. 1 арт 295-3 Крымінальнага кодэксу. Суд над Мельнікавым быў закрыты, адваката ў абвінавачанага не было, сваю віну ён прызнаў часткова – толькі ў частцы захоўвання зброі. Журналістаў пусцілі ў залу суда на агучванне выраку. Пасля прысуду Мельнікаў адказаў на пытанні карэспандэнта «Белсату».

«Сваю віну не прызнаю. Тое, што мне інкрымінавалі, – гэта няпраўда. Абвінавачанне – гэта проста «паляванне на ведзьмакоў», вы ж самыя ўсё разумееце. Чаму быў закрытым працэс, я не ведаю, але дакладна не паводле майго хадайніцтва. Вынесены прысуд адпавядаў патрабаванню пракурора. А я абараняўся сам, адвакаты ў нас, я лічу, не працуюць, таму ў мяне яго не было, ды і сродкаў на абаронцу я не маю», – распавёў Аляксей Мельнікаў.

Hавiны
Праваабаронцы прызналі блогера Паўла Спірына палітычным зняволеным
2021.02.08 17:33

Маладзёна затрымалі 9 жніўня 2020 года, знайшлі і сканфіскавалі петарды, тры самаробныя запальныя прылады, нож. Усе гэтыя прадметы, сцвярджалася ў матэрыялах справы, мужчына спрабаваў перавезці з Магілёва ў Менск, «каб паўдзельнічаць у масавых беспарадках».

Магілёвец Аляксей Мельнікаў у судзе.
Фота: Белсат

Дома ў затрыманага знайшлі «вырабленую ім і прыдатную для выканання асобных стрэлаў двухрульную гладкарульную ручную агнястрэльную зброю», піша TUT.by. Паводле следства мужчына вырабіў «не менш за пяць самаробных запальных прыладаў».

СК belsat.eu

Стужка навінаў