Салідарныя з Беларуссю: бел-чырвона-белыя колеры і сцягі на галоўных будынках у Варшаве

З ініцыятываю правесці 7 лютага Міжнародны дзень салідарнасці з Беларуссю выступіла Святлана Ціханоўская. Акцыі прайшлі ў Польшчы, Літве, Латвіі, Эстоніі, Украіне і іншых краінах.

У сталіцы Польшчы з нагоды Міжнароднага дня салідарнасці з Беларуссю на фасадзе прэзідэнцкага палацу зʼявілася адмысловая ілюмінацыя.

«Салідарныя з Беларуссю» – надпіс на прэзідэнцкім палацы ў Варшаве. Фота: prezydent.pl

«З жніўня 2020 года ў Беларусі працягваюцца акцыі пратэсту супраць фальсіфікацыяў прэзідэнцкіх выбараў, на якіх пераможцам быў абвешчаны Аляксандр Лукашэнка. Улады адказалі на пратэсты масавымі рэпрэсіямі. Лідарка беларускай апазіцыі Святлана Ціханоўская абвясціла 7 лютага Міжнародным днём салідарнасці са сваёй краінай», – нагадаў афіцыйны сайт прэзідэнта Польшчы.

З нагоды імпрэзаў кіраўнік канцылярыі прэзідэнта Польшчы Кшыштаф Шчэрскі напісаў, што кожная нацыя мае права на свабодныя выбары, бяспечнае жыццё, уласную мадэль развіцця і павагі.

Таксама над гарадской ратушай у Варшаве лунаў нацыянальны сцяг Беларусі, пад якім праходзяць акцыі пратэсту супраць рэжыму Аляксандра Лукашэнкі.

Над гарадской ратушай у Варшаве узняўся бела-чырвона-белы сцяг. 7 лютага 2021 года. Фота: ІА / Белсат

– Ужо паўгода нашыя суседзі з Беларусі масава змагаюцца за дэмакратычную дзяржаву, праўду і свабоду выбару. Беларускія ўлады душаць дэманстрацыі, часцяком брутальна, і прадстаўнікі апазіцыі пазбаўляюцца волі, сказаў прэзідэнт Варшавы Рафал Тшаскоўскі.

Палац культуры і навукі ў Варшаве. 7 лютага 2021 года. Фота: TT MS

Беларускімі нацыянальнымі колерамі быў падсвечаны адзін з сімвалаў польскай сталіцы – Палац культуры і навукі.

У Варшаве адначаюць Міжнародны Дзень Салідарнасці з Беларуссю

AA belsat.eu

Hавiны