Прысуды блогерам і збор подпісаў супраць санкцыяў. Галоўнае за тыдзень – у малюнках


Мастак Дэ Лёс адмыслова для «Белсату» рыхтуе ўласную падборку галоўных падзеяў.

На мінулым тыдні былі агучаныя жорсткія прысуды блогерам, якіх праваабарончая супольнасць лічыць палітычнымі зняволенымі. Суд Лагойскага раёну 2 лютага агучыў вырак палітвязню, аўтару YouTube-каналу «Слуцк для жизни» Уладзіміру Няронскаму: яго прысудзілі да трох гадоў пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму. 5 лютага Менскі гарадскі суд агучыў вырак у справе ютубэра Паўла Спірына. Блогера пакаралі зняволеннем на 4 гады і 6 месяцаў у калоніі агульнага рэжыму.

У Беларусі на дзень 8 лютага – 227 палітвязняў. Пры гэтым следчыя органы дасюль не распачалі ніводнай крымінальнай справы за гвалт і катаванні з боку сілавікоў.

Дырэктара сталічнага ГУМу Аляксандра Крапака затрымалі па падазрэнні ў карупцыі. Пра гэта паведаміла афіцыйная прадстаўніца Следчага камітэту Юлія Ганчарова. А ў офісе кампаніі «ГРЫНрозніца» ў бізнес-цэнтры «Дэльта» на Ціміразева 72, якая прэзентуе гіпермаркеты «Green», з ранку працуюць праваахоўныя органы. Хто гэта і ў якой справе, невядома. Афіцыйных каментароў на гэты конт пакуль няма. Таксама на мінулым тыдні былі чуткі пра затрыманне Сяргея Румаса, але сёння ён паведаміў, што перабывае за межамі Беларусі.

Дырэктара ГУМу Аляксандра Крапака, паводле звестак СК, затрымалі з Br 2,5 тыс. хабару

З 7 студзеня, то бок амаль месяц, у ІЧУ і ЦІП на Акрэсціна не прымаюць перадачаў. Што гэта значыць для вязняў? Адсутнасць зменнай адзежы, сродкаў гігіены і нават нармальнай ежы і вады. Як высветлілася, катаванні ў жніўні не скончыліся.

На Акрэсціна, як гэта было і ўлетку, колькасць людзей у камеры перавышае колькасць ложкаў

4 лютага пачалося папярэдняе паседжанне ў «справе «Белгазпрамбанку». Будынак суда агароджаны, дзяжурыць міліцыя. Незалежных журналістаў не пусцілі. Вакол будынку – агароджа і міліцыянты.

У судзе Маскоўскага раёну Менску 4 лютага пачалося першае паседжанне ў «справе «Белгазпрамбанку»

Праўладная Федэрацыя прафсаюзаў Беларусі збірае подпісы пад скаргай у Міжнародную арганізацыю працы. У дакуменце выказваецца нязгода з увядзеннем ЕЗ эканамічных санкцыяў у дачыненні Беларусі.

Мэта – сабраць 1 мільён подпісаў, і для гэтага задзеяны ўвесь адміністрацыйны рэсурс: з розных прадпрыемстваў, дзяржаўных установаў прыходзіць інфармацыя пра тое, што рабочых, лекараў і настаўнікаў прымушаюць падпісваць скаргу. Іначай – звальненне ці пазбаўленне прэміі.

3 лютага на прадпрыемстве «Горадня Азот» пачалі змушаць работнікаў падпісаць ліст праўладнага прафсаюзу супраць санкцыяў ЕЗ. Крыніцы «Белсату» распавядаюць, што працаўнікам пагражаюць праблемамі, пазбаўленнем прэміі ды пуцёвак. Пакуль толькі на словах. Але многія ўсё роўна адмаўляюцца ставіць свой подпіс

Малюнкі Дэ Лёс belsat.eu

Стужка навінаў