Арцыбіскуп Кандрусевіч: «Неабходна лячыць нашу хворую краіну»


Ганаровы мітрапаліт Менска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч.
Фота: Catholic.by

Ганаровы мітрапаліт Менска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч наведаў Магілёў у нядзелю 7 лютага. Ён памаліўся з мясцовымі вернікамі і сустрэўся з духавенствам Магілёўскага рэгіёну, паведамляе catholic.by.

«Якія высновы мы павінны зрабіць з сённяшняга Божага слова? Найперш мы павінны быць інструментам у руках Езуса, які дзейнічае і лечыць. Гэта Яго місія таксама і ў наш час.

Нам усім неабходна лячыць нашыя думкі, нашу памяць, нашыя разбітыя ўзаемаадносіны, нашу хворую краіну», – сказаў мітрапаліт. – «У нас таксама павінна з’явіцца жаданне дапамагчы іншым, асабліва церпячым і патрабуючым. Працэс нашага духоўнага аздараўлення можна лічыць паспяховым толькі тады, калі мы гатовыя дапамагаць іншым».

Сустрэча іерарха з вернікамі Магілёўшчыны стала таксама праявай яго ўдзячнасці за малітоўнае падтрыманне ў цяжкі час выгнання.

Арцыбіскуп з горыччу канстатаваў, што сёння беларускае грамадства разбітае ў выніку грамадска-палітычнага крызісу, які працягваецца ўжо паўгода, іерарх прапанаваў задумацца над тым, як яго ацаліць і аб’яднаць.

На думку арцыбіскупа Кандрусевіча, для паспяховага лячэння гэтай сацыяльнай хваробы, як і ўсіх іншых хваробаў, перадусім неабходна паставіць правільны дыягназ.

«Грэх з’яўляецца першапрычынай нашых праблем. Мы губляем спакой, бо падзяляемся ўнутры.

Але калі мы адварочваемся ад граху і падпарадкоўваемся Божай волі, то здабываем супакой, унутраную гармонію і цэласнасць. Нездарма Езус вучыць, што бласлаўлёныя чыстыя сэрцам, бо яны ўбачаць Бога. Быць чыстым сэрцам азначае быць аб’яднаным з Богам. Мір – гэта прысутнасць Бога ў нашым сэрцы», – заўважыў іерарх. Сваю прамову ён завяршыў пажаданнем:

«Няхай сённяшняе Божае слова заахвоціць нас будаваць мір і адзінства праз еднасць з Езусам, каб узаемная любоў, прабачэнне, законнасць, пашана адзін да аднаго запанавалі ў нашай Бацькаўшчыне».

 

МГМ, Belsat.eu

Стужка навінаў