«Амаль тры месяцы за кратамі». Суд над журналісткамі «Белсату». Онлайн

 

 



У судзе Фрунзенскага раёну Менску 9 лютага пачаўся працэс над журналісткамі «Белсату» Кацярынай Андрэевай і Дар’яй Чульцовай. Журналістак вінавацяць паводле ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэксу («Арганізацыя і рыхтаванне дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак»). Кацярыне Андрэевай і Дар’і Чульцовай пагражае да трох гадоў пазбаўлення волі. Справу разглядае суддзя Наталля Бугук.

Дар’я Чульцова і Кацярына Андрэева ў судзе Фрунзенскага раёну. Менск, Беларусь. 9 лютага 2021 года. Фото: АВ / Белсат

17.18. Суддзя абвесціла перапынак да 16 лютага. Разгляд справы адновіцца а 14:30.

17.10. У зале суда – новы сведка: кіроўца таксоўкі. Яму задалі пытанне пра тое, у якіх адносінах ён з абвінавачанымі. Гэта выклікала здзіўленне ў сведкі, які адказаў, што ні ў якіх. Пытанне і адказ выклікалі смех у Ігара Ільяша. Пракурор запатрабаваў выдаліць Ігара. Суддзя не выдаляе Ігара, але нагадвае пра неабходнасць захоўваць парадак.

17.06. Дар’я і Кацярына адмаўляюцца прызнаць поўныя патрабаванні «Менсктрансу».

17.02. Допыт працягвае суддзя, якая задае пытанні пра хваробы, дзяцей. Кацярына адмаўляецца адказваць на пытанне пра хваробы пры такой колькасці людзей. Кацярына адмаўляецца адказваць і на далейшыя пытанні. У зале суда – новыя сведкі.

16.53. Кацярына адмаўляецца адказваць на далейшыя пытанні пракурора, у тым ліку аб «працэдуры вядзення стрыму».

16.45. Пасля прамовы Кацярыны ў зале гучаць апладысменты. Цяпер затрыманай журналістцы будзе задаваць пытанні абвінаваўца.

16.42. Кацярына сцвярджае, што яна не кіравала людзьмі падчас стрыму і не магла гэтага рабіць, паколькі ў той дзень быў адключаны інтэрнэт, людзі не мелі магчымасці глядзець стрым.

16.37. Адзін з сілавікоў пагражаў затрыманым журналісткам, што іх пасадзяць на 7 гадоў за экстрэмізм.

«Я спытала, чаму не расстрэл, ён адказаў: «Бо куляў на вас усіх не хопіць», – кажа Кацярына.

16.35. Кацярына распавядае, што іх затрымлівалі спецназаўцы са зброяй у руках. Па дарозе ў машыне сілавікі пагражалі, што яна паедзе на зону на 10 гадоў шыць форму міліцыянтам.

16.27. Распачынаецца допыт Кацярыны Андрэевай. Яна кажа, што арышт і суд – гэта помста спецслужбоўцаў.

16.18. У матэрыялах справы Дар’і Чульцовай адзначаецца: «Нікога не заклікала, не арганізоўвала, да дзеянняў не схіліла. У матэрыялах няма доказаў супрацьпраўных дзеянняў, няма тлумачэнняў што такое дэструктыўныя тэлеграм-каналы і якія канкрэтна. Ніякіх лозунгаў не выкрыквала, на праезную частку не выходзіла».

«Мая згода на кампенсацыю стратаў «Менсктрансу» не з’яўляецца прызнаннем віны. Выплата кампенсацыі звязаная з магчымасцю гэта зрабіць на карысць прадпрыемства ў мэтах павышэння якасці аказання паслугаў».

16.13. Суддзя кажа, што будуць разглядацца паказанні Дар’і, дадзеныя падчас вядзення справы. І пачынае зачытваць ранейшыя паказанні Дарʼі. Там яна адмаўляе віну ў тым ліку і ў працы без акрэдытацыі.

16.11. Допыт скончыўся і распачаўся допыт Дар’і Чульцовай, але яна адмовілася даваць паказанні.

16.10 Суддзя запыталася ў Ігара пра тое, ці магчымая дзейнасць журналіста на тэрыторыі Беларусі замежнага СМІ без акрэдытацыі. Ігар кажа, што гэта спрэчнае пытанне: прававая практыка паказвае, што гэта адміністратыўнае правапарушэнне. Далей суддзя запыталася, ці дапускаецца, каб у працы журналіста здзяйсняліся супрацьпраўныя дзеянні ці заклікі да іх. Ад гэтага пытання Ігар у шоку.

16.07. Ігар на гэтае пытанне пракурора, усміхаючыся, адказаў, што ягоная жонка не здзяйсняла супрацьзаконных дзеянняў, паколькі яна выконвала свае журналісцкія абавязкі, гэта бачылі дзясяткі тысячаў чалавек онлайн.

16.05. Суддзя запыталася, ці будзе Ігар даваць паказанні ў дачыненні жонкі. Ігар пагадзіўся даваць паказанні ў залежнасці ад сітуацыі.

Пасля гэтага пачаў допыт пракурор, які запытаўся пра шлюб, месца працы, прыбытак. Запытаўся пракурор і пра тое, ці ведаў Ігар Ільяш пра тое, што ягоная жонка здзяйсняла супрацьпраўныя дзеянні.

16.00. «Атлічна, маладзец», – сказала Кацярына Андрэева, гледзячы ў вочы Раману Прановічу.

Пасля допыту сведка вырашыў не заставацца ў судзе, хоць мае на гэта права. Распачаўся допыт Ігара Ільяша.

15.38. Абвінаваўца дадае, што дзяўчаты ўчынілі злачынства шляхам агучвання заклікаў тэлеграм-каналаў і заклікалі прыязджаць асабістым транспартам, каб блакаваць перасоўванне транспарту праваахоўнікаў. Кацярына, акрамя таго, давала пазітыўную ацэнку дзеянняў, тым самым заахвочваючы да незаконных дзеянняў.

15.34. Абвінаваўца далучаецца да словаў сведкі і адзначае, што адказчыкі за страты – Кацярына і Дар’я. Сума стратаў «Менсктрансу» – 11 562 руб. 11 кап.

15.27. Нягледзячы на немагчымасць адказаць, калі дзе і як доўга спыняўся транспарт, сведка адказвае адвакату, што ўсе страты «Менсктрансу» разлічаныя слушна.

15.08. Раман Прановіч пацвярджае, што была парушаная праца транспарту, адпаведна былі страты. Працаўнік «Менсктрансу» сцвярджае, што міліцыянты і ДАІ не блакавалі руху транспарту, але менавіта праз дэманстрантаў адбываліся перабоі.

14:59. Раман Прановіч у «Менсктрансе» адказвае за арганізацыю транспартавага руху. Сцвярджае, што на Пушкінскай і Чарвякова была затрымка транспарту. Матэрыяльная шкода – 11 000 руб.

14:55. Апытанне Дзмітрыя Мароза скончылі. Калі ён выходзіў, нехта выгукнуў у дзверы: «Дзяўчаткі, мы з вамі! Народ з вамі!» Журналісткі ўсміхнуліся. Цяпер будуць апытваць новага сведку – ад «Менсктрансу». Мужчыну зваць Раман Прановіч.

14:50.

«З боку абвінавачаных я не бачыў супрацьпраўныя дзеянняў, інакш я б іх папрасіў выйсці», – запэўнівае Мароз.

14:45. Дзмітрый Мароз прызнае, што не адразу адчыніў дзверы ў кватэры, бо не зразумеў, хто грукае. Гэта ён усвядоміў ужо пасля – калі ў іх было 7-8 сілавікоў. Ператрус ішоў дзве-тры гадзіны. Забралі лічбавую тэхніку, ноўтбукі, тэлефоны, фотаапарат, флэшкарты. На наступны дзень Марозу патэлефанаваў адвакат адной з журналістак – ён пагадзіўся быць сведкам па адміністратыўным працэсе. Таксама мужчына прапусціў тэлефанаванне не з Беларусі, адказваць не стаў.

14:28. Таксама Дзмітрый Мароз сцвярджае, што грамадскі транспарт хадзіў. Пракурор пытае, калі ён заўважыў, што рух спынены, і чаму ён спыніўся. Сведка кажа: «Бо з аднаго боку стаялі людзі, а з іншага – бусы».

14:19. Дзмітрый Мароз распавядае, што яму патэлефанаў нейкі мужчына, які спытаў, ці могуць журналісткі правесці стрым з ягонай кватэры. Дзяўчаты прыйшлі а 12-й гадзіне. У іх былі камізэлькі з надпісам «Press». Што яны казалі ў эфіры і пра што размаўлялі паміж сабой, мужчына не памятае.

14:10. Паседжанне працягваецца. Апытваюць гаспадара кватэры, адкуль вялі стрым, – Дзмітрыя Мароза.

13:03. У судзе абвесцілі перапынак да 14:00. Пасля апытаюць чацвёртага сведку – Дзмітрыя Мароза, гаспадара кватэры, адкуль вялі стрым.

12:56. Выступіла трэцяя сведка – Лілія Мароз, гаспадыня кватэры. Кажа, дзяўчаты патэлефанавалі ейнаму мужу і папрасіліся паздымаць. Гаспадары кватэры не ведалі, што гэта журналісткі «Белсату», хаця камізэлькі «Press» на карэспандэнтках былі. Ад дзяўчат сведка чула толькі каментары, ніякіх заклікаў не было. Перакрыццё дарог не было арганізаванае, бо людзі рухаліся хаатычна.

12:36. Маці Кацярыны Андрэевай выйшла з залы ў прыбіральню, а пускаць назад яе не хацелі. У выніку жанчына ўсё ж такі дамаглася свайго і вярнулася на паседжанне.

12:22. Сведка адзначае, што не чула ад дзяўчат ніякіх заклікаў.

12:21. Людзі, якія ўвайшлі ў кватэру не назваліся. Да гэтага яны каля 20 хвілінаў гуркаліся ў дзверы. Гаспадар кватэры сказаў, што адчыняць не будзе. Спалохаліся ўсе: гаспадары, іхныя дзеці, журналісткі.

12:10. Дапытваюць другую сведку. Яна была ў гасцях у гаспадароў кватэры, адкуль вялі стрым журналісткі. Жанчына кажа, што на праезнай частцы людзей было небагата. Да Арлоўскай здолела даехаць на маршрутцы – далей тая не паехала.

12:05. Часам у калідоры з’яўляюцца супрацоўнікі дэпартаменту аховы. Яны пытаюцца, ці ўсё добра ў міліцыянтаў, якія ахоўваюць дзверы судовай залы.

«Касманаўты» падчас суда над Кацярынай Андрэевай і Дар’яй Чульцовай. Фота: Белсат

12:02. Апыталі першага сведку – мужчыну сталага ўзросту, які жыве на плошчы Пераменаў. Цягам трох гадзінаў ён стаяў ля вакна і бачыў, што не ходзіць 18-ы аўтобус. Журналістак сведка не бачыў. У той дзень ён тэлефанаваў у міліцыю, бо з машыны, што стаяла каля дому, «каардынавалі пратэстоўцаў».

11:43. Пачынаюць апытваць дзяўчат і сведкаў у справе.

11:42. З залы вывелі хлопца, які хацеў удакладніць фамілію дзяржабвінаваўцы. Ён кажа, што вольных месцаў хапае. Усяго ўнутры чалавек 15–20. Выводзіў мужчыну чалавек у цывільным адзенні, які назваўся міліцыянтам.

11:27. Дзядуля Кацярыны Андрэевай, вядомы публіцыст Сяргей Ваганаў, выступіў у жывым эфіры «Белсату».

«Сёння, з аднаго боку, я ганаруся сваёй унучкай. А з іншага боку, моцна перажываю. Самае моцнае ўражанне ад Каці – зусім маленькая Кацярына на вуліцы падхапіла баклажку нейкай старой жанчыны і спрабавала дапамагчы дацягнуць сумку да дому. Мы не думалі, што Каця будзе журналісткай, але ў нашым доме вітала атмасфера журналістыкі, якую яна ўбірала ў сябе. Кацярына – журналістка ў трэцім пакаленні».

11:24. Заявілі хадайніцтва наконт змены меры стрымання, аднак яго не задавольнілі.

11:14.

11:12. Муж Кацярыны Андрэевай Ігар Ільяш мяркуе, што працэс не зойме багата часу.

«Аснова ўсёй справы – стрым. Уся справа пабудаваная на нахабнай падмене сэнсу. Жывы рэпартаж следства лічыць кіраваннем масавымі закалотамі. Гэта абсурд. Фактычна цягам двух месяцаў следства нічога не адбывалася. Што да доказаў, як нічога ў следства не было, так нічога і няма. Працэс, думаю, вельмі хутка будзе праходзіць. Наўрад ці за сёння паспеюць, усё ж ёсць шматгадзінны стрым, які трэба адгледзець. Я дапускаю, што ўжо заўтра можа быць вырак. Адвакаты даюць прагноз, што працэс будзе цягнуцца да канца тыдня».

11:06. Ахова ў судзе Фрунзенскага раёну сёння ўзмоцненая. Паведамляюць, што ў будынку прысутнічаюць «касманаўты». Тым не менш у калідоры побач з залай застаюцца каля 50 чалавек.

10:54.

«Я не змог пагутарыць з Кацярынай, нават зрабіць жэст, мяне адразу адштурхоўваў канваір. Мы толькі абменьваліся поглядамі. Каця выглядае вельмі добра. Я яе не бачыў амаль тры месяцы, але яна ўсміхаецца, у яе гараць вочы. Быў момант, калі Даша пабачыла маці, і ў яе на вачах з’явіліся слёзы. Каця падышла да яе, абняла. Потым Даша зноў пачала ўсміхацца. Яны паказвалі знак вікторыі і ўсміхаліся. На шчасце, дзяўчыны ў добрым, бадзёрым настроі, яны гатовы змагацца, іх не зламалі», – распавёў у эфіры «Белсату» журналіст і муж Кацярыны Андрэевай Ігар Ільяш.

10:46.

10:33. Дзяўчаты нічога не паспелі сказаць, але, здаецца, яны ў гуморы.

Дар’я Чульцова і Кацярына Андрэева ў судзе Фрунзенскага раёну. Менск, Беларусь. 9 лютага 2021 года. Фото: АВ / Белсат

10:30. Карэспандэнтаў «Белсату» на суд не пусцілі. Яны стаяць пад дзвярыма.

10:28. Паведамляюць, што палова залы пустая, хаця журналістаў недзяржаўных медыяў баяліся пускаць праз вірус. Затое на ціхароў месца хапіла – яны сядзяць ззаду.

10:20. На паседжанне пусцілі фатографку «Нашай Нівы» Надзею Бужан і карэспандэнта «Народнай Волі».

10:18. Пускаюць толькі прадстаўнікоў акрэдытаваных СМІ – паводле спісу. Пакуль зайшлі супрацоўнікі БелТА, ОНТ, ТАСС, «Sputnik», «КП», «Onliner’а».

10:15. У залу пачалі пускаць сваякоў журналістак і прадстаўнікоў дзяржаўных СМІ. Супрацоўнікаў незалежных медыяў пакуль не пускаюць і, хутчэй за ўсё, не пусцяць.

10:07. Паседжанне мусіла пачацца а 10:00, але пакуль зала зачыненая. Суда чакаюць ужо каля 60 чалавек. Прыехалі і карэспандэнты дзяржаўнага тэлебачання.

Чалавек закрывае аб’ектыў камеры тэлеканалy ОНТ на судзе над Кацярынай Андрэевай і Дар’яй Чульцовай. Менск, Беларусь. 9 лютага 2021 года. Фото: АВ / Белсат

10:05. На лесвіцы заўважылі і ціхароў. Магчыма, іх запрасілі ў якасці сведак у справе.

Людзі, падобныя да міліцыянтаў у цывільным, перад працэсам над журналісткамі «Белсату» Кацярынай Андрэевай і Дар’яй Чульцовай у судзе Фрунзенскага раёну. Менск, Беларусь. 9 лютага 2021 года. Фото: АВ / Белсат

09:57. Падтрымаць дзяўчат прыйшоў і журналіст «Белсату» Ігар Ільяш, муж Кацярыны Андрэевай.

Ігар Ільяш, муж Кацярыны Андрэевай. Фота: Белсат

09:53. Людзей даволі багата. Некаторыя вымушаныя стаяць на лесвіцы: месца не хапае.

Людзі, якія не змаглі трапіць на судовае паседжанне над журналісткамі «Белсату» Кацярынай Андрэевай і Дар’яй Чульцовай у судзе Фрунзенскага раёну. Менск, Беларусь. 9 лютага 2021 года. Фото: АВ / Белсат

09:45. Так выглядаў калідор ля судовай залы а палове на дзясятую. Цяпер пачатку паседжання над журналісткамі чакаюць каля 30 чалавек. Сярод іх і прадстаўнікі незалежных медыяў.

Людзі, якія чакаюць суда над Кацярынай Андрэевай і Дар’яй Чульцовай. Фота: «Белсат»

Кацярына Андрэева і Дар’я Чульцова былі затрыманыя 15 лістапада 2020 года за стрым, падчас якога паказалі жорсткі разгон акцыі памяці Рамана Бандарэнкі і разбурэнне сілавікамі народнага мемарыялу на плошчы Пераменаў.

Стрым яны вялі з кватэры на 14-м паверсе дому, што на Смаргоўскім тракце, куды іх запрасілі гаспадары. Пасля завяршэння акцыі спецназаўцы са зброяй выламалі дзверы ў кватэру і затрымалі дзяўчат.

20 лістапада журналісткам выставілі абвінавачанне паводле ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэксу («Арганізацыя і рыхтаванне дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак»). Для дзяўчат абралі меру стрымання ў выглядзе ўтрымання пад вартай ды этапавалі ў жодзінскую турму. У Жодзіне трымалі ў асобных камерах. Напярэдадні суда дзяўчат этапавалі ў Менск.

Кацярына і Дар’я сваёй віны не прызналі. Акрамя таго, Каця наагул адмовілася даваць паказанні падчас следства.

Міжнароднае падтрыманне

Кацярыну і Дар’ю прызналі палітвязнямі ўжо праз чатыры дні пасля выстаўлення ім абвінавачвання. А ў снежні дзяўчаты сталі лаўрэаткамі прэміі праваабарончай супольнасці Беларусі «Журналіст года». Брытанская праваабарончая арганізацыя «Article 19» у адмысловай заяве падкрэслівае, што абвінавачанні, выстаўленыя журналісткам, супярэчаць міжнародным стандартам у галіне правоў чалавека, а іхны пераслед – парушэнне права на свабоду выказвання думкі.

Дар’я Чульцова і Кацярына Андрэева: што трэба ведаць пра зняволенных журналістак «Белсату» і іх пераслед

У абарону журналістак выступіла Беларуская асацыяцыя журналістаў, ПЭН-цэнтр Беларусі, Асацыяцыя польскіх журналістаў, Нацыянальны саюз журналістаў Украіны і Еўрапейская федэрацыя журналістаў, расейскія няўрадавыя арганізацыі «Свабоднае слова» і ПЭН-Масква. Саюз журналістаў Літвы ўзнагародзіў журналістак прэміяй «Надзея свабоды».

У межах міжнароднага праекту салідарнасці з палітвязнямі «хросным» Кацярыны Андрэевай стаў сусветна вядомы нямецкі філосаф Юрген Габэрмас (Jürgen Habermas). А Дар’ю Чульцову пад апеку ўзяла дэпутатка літоўскага Сейму Даля Асанавічуце (Dalia Asanavičiūtė).

АА belsat.eu

Hавiны