У цэнтры Менску абваліўся мост праз вуліцу Няміга. Як будзе хадзіць транспарт


У Менску ўначы 8 студзеня абрынулася пешаходная частка мосту праз вуліцу Няміга. Пра гэта паведамілі ў Міністэрстве надзвычайных сітуацыяў Беларусі.

Пацярпелых няма. Прычыны і абставіны здарэння высвятляюцца.

Ліквідацыя абвалу.
Фота: Новости Минска MINSKNEWS.BY / Telegram

У сувязі з абвальваннем моста закрыты рух усіх відаў транспарту, у тым ліку і грамадскага, на наступных участках дарог: па вуліцы Няміга ад вуліцы Гарадскі Вал да вуліцы Янкі Купалы і па вуліцы Леніна ад праспекта Незалежнасці да вуліцы Мельнікайтэ.

Тут дзяжураць дадатковыя нарады ДПС, устаноўлены агароджы, дарожныя знакі, якія забараняюць рух, а таксама інфармуюць пра часовыя абмежаванні, паведамілі ў ДАІ.

Разбураны мост над Нямігай.
Фота: МЧС Минска / Twitter

«Менсктранс» тым часам змяніў рух аўтобусных і тралейбусных маршрутаў у месцы здарэння.

«Папярэдняя версія абвальвання пешаходнай часткі моста праз вул. Няміга ў Менску – стомленасць канструкцый (у сувязі з працай метро і падвышанай нагрузкай з-за скокаў тэмператур). Усе канструкцыі пуцеправода будуць правераны максімальна аператыўна і старанна. Высвятляецца хто і калі праводзіў экспертызу зносу канструкцый і даваў заключэнне аб іх прыдатнасці да эксплуатацыі», – паведаміла крыніца «Минск-Новости» ў Менгарвыканкаме.

Сам жа мост над вуліцай Няміга, у тым ліку частку прызначаную для руху транспарту, дэмантуюць. Пра гэта заявіў намеснік старшыні Менгарвыканкаму Аляксандр Дараховіч.

На месцы здарэння працуе следчая група. Новая схема руху транспарту ў раёне мосту запрацуе ў ноч з 9 на 10 студзеня.

Апошні раз мост над Нямігай рамантавалі ў 2017 годзе. Гэта каштавала 3 млн рублёў.

Як будзе хадзіць транспарт у Менску ў сувязі з абвалам маста на Нямізе:

Аўтобусы:

? Арганізаваны часовы маршрут 46Т «Плошча Бангалор — плошча Багушэвіча», які ідзе па вуліцах Сурганава, Куйбышава, Янкі Купалы, праспекце Незалежнасці, вуліцах Гарадскі Вал, Няміга.

? 57 – па вуліцы Янкі Купалы, праспекце Незалежнасці, вуліцах Гарадскі Вал, Няміга і далей па маршруце ў абодвух напрамках;

? 1, 69, 119с — па праспекце Незалежнасці, вуліцах Гарадскі Вал, Раманаўская Слабада, Мельнікайтэ, праспекце Пераможцаў у абодвух напрамках;

? 73 — у бок Вяснянкі па вуліцах Няміга, Раманаўская Слабада, Мельнікайтэ ў абодвух напрамках;

? 24 — па вуліцах Куйбышава, Янкі Купалы, праспекце Незалежнасці, вуліцах Гарадскі Вал, Няміга ў абодвух напрамках;

? 38 — па вуліцах Багдановіча, Янкі Купалы, праспекце Незалежнасці, вуліцах Гарадскі Вал, Няміга ў абодвух напрамках;

? 91 – па вуліцах Куйбышава, Янкі Купалы, праспекце Незалежнасці, вуліцах Гарадскі Вал, Раманаўская Слабада, Кальварыйская, Ціміразева, Сапёраў, праспекце Пераможцаў у абодвух напрамках;

? 163 — у бок Сухарава па вуліцах Кальварыйская, Клары Цэткін і далей па маршруце.

Тралейбусы:

? 40 – з боку ДС «Паўднёвы Захад» да плошчы Багушэвіча;

? 53 – з боку Зялёнага Луга да плошчы Бангалор, з боку Малінаўкі – да плошчы Багушэвіча;

? 29, 37 – да ДС «Карастаянавай»;

? 40, 53 ідуць па вуліцах Няміга, Гарадскі Вал, праспекце Незалежнасці, вуліцы Янкі Купалы і далей па маршруце;

? 12 адменены.

На працягу дня плануюць скончыць дэмантаж канструкцый маста, якія абваліліся. За тыдзень – разбяруць увесь пуцеправод. Будаўніцтва новага зойме некалькі месяцаў.

МГ belsat.eu

Стужка навінаў