Тройка суддзяў з Берасця, што прыгаварылі ў палітычных справах больш за 100 чалавек, – хто яны?


Праваабаронцы падсумавалі леташнюю статыстыку палітычных крымінальных справаў і выявілі рэкардсменаў у палітычных выраках сярод суддзяў. У тройцы лідараў берасцейскія суддзі. Агулам са жніўня 2020 г. у рэгіёне прагучаў як мінімум 351 вырак у крымінальных справах палітычнага характару. Гэта амаль столькі ж, колькі ў астатніх абласных гарадах разам узятых. Менавіта ў берасцейскім Доме правасуддзя служаць самыя рэпрэсіўныя суддзі краіны: Яўген Брэган, Вера Філонік і Аляксандр Семянчук.

Прыехаў з Баранавічаў у Берасце адмыслова для палітычных расправаў

Яўген Брэган, 39 гадоў, асудзіў мінімум 38 чалавек у палітычных крымінальных справах.

Яўген Брэган.
Фота: Праваабарончы цэнтр «Вясна»

39-гадовы Яўген Брэган 31 ліпеня 2017 г. прызначаны суддзём суда Баранавічаў, там ён актыўна караў мясцовых апазіцыянераў. Але раптам летам 2020 г. пераводзіцца ў Берасце, у суд Маскоўскага раёну. Тады праваабаронцы казалі, што гэта адмысловае прызначэнне – пад палітычных. І гэта выявілася праўдаю: Брэган стаў лідарам у палітычных выраках, асудзіўшы як мінімум 38 асобаў. І першай такой справай стала справа Аляксандра Бабіча і Міхаіла Шабалюка. За ўдзел у жнівеньскім пратэсце Брэган прысудзіў хлопцам 3,5 і 3 гады калоніі, і пасля гэтага суддзю было ўжо не спыніць.

Брэган судзіў фігурантаў «пінскай справы» і прызначыў велізарныя тэрміны: Сяргею Маўшуку і Аляксандру Цярэшку – 6,5 года калоніі ўзмоцненага рэжыму; Раману Багнаўцу, Даніілу Богнату, Рыгору Гуньку, Сяргею Ляжэнку, Станіславу Міхайлаву, Вячаславу Рагашчуку, Ігару Салаўю, Артуру Халімончыку – 6 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму; шматдзетнай маці Алене Маўшук – 6 гадоў калоніі агульнага рэжыму; Дэвіду Масціцкаму, Алегу Рубцу, Вячаславу Шалямету – 5,5 года калоніі ўзмоцненага рэжыму.

3 чэрвеня 2021 г. Брэган агучыў вырак пятай групе ў вядомай «карагоднай справе»: Аляксандр Храпко – 1 год і 1 месяц калоніі ўзмоцненага рэжыму; Ілля Палхоўскі – 2 гады «хіміі»; Андрэй Аніскевіч – 1,5 года «хіміі»; Алена Лайко, Галіна Чугунова – 2 гады «хатняй хіміі»; Ігар Вінакураў, Сяргей Ксянжук, Дзмітрый Курганаў, Радзівон Медушэўскі, Андрэй Нямірскі, Сафія Нішт, Кацярына Смірнова, Мікіта Увараў – 1,5 года «хатняй хіміі».

Таксама Брэган прызначыў 2 гады зняволення Паліне Шарэндзе-Панасюк і «хатнюю хімію» рэдактару «Виртуального Бреста» Андрэю Кухарчыку.

Хутка зрабіла карʼеру, пайшла на падвышэнне

Вера Філонік, 31 год, асудзіла мінімум 36 чалавек у палітычных крымінальных справах.

Вера Філонік рабіла карʼеру хутка – за год з лета 2020-га да лета 2021-га яна асудзіла ў крымінальных палітычных справах 36 асобаў, пасля чаго пайшла на падвышэнне – цяпер яна суддзя Берасцейскага абласнога суда. А падчас працы ў Маскоўскім судзе Берасця яна паспела пасудзіць «карагодную справу». 2,5 года калоніі прызначыла бацьку траіх дзяцей Ігару Лаптановічу; ягонай жонцы Юліі – 3 гады «хатняй хіміі». 3 гады «хіміі» дала Андрэю Касцюку; 2,5 года «хіміі» – Наталлі Шыле і Уладзіміру Макарэвічу. Астатнім фігурантам – Таццяне і Аляксею Біруковым, Арцёму Андрасюку, Дарʼі Дзямʼянцы, Канстанціну Пяцінкіну, Сяргею Дзягцярыку і Андрэю Парфееўцу – прысудзіла 2 гады «хатняй хіміі» кожнаму.

Вера Філонік.
Фота: Следчы камітэт

Таксама Філонік замазалася і ў «пінскай справе»: Аляксандр Лопух атрымаў 5,5 года; Сяргей Цібец, Валянціна Колба, Андрэй Хвескавец – 5 гадоў; Леанід Германовіч, Андрэй Моцук, Аляксандр Шандыба – 4,5 года; Сяргей Волкаў, Аляксандр Шаламіцкі, Сяргей Шаламіцкі – 4 гады.

Палітычных судзіць гадамі, праз ягоныя рукі прайшлі амаль усе берасцейскія актывісты

Аляксандр Семянчук, 38 гадоў, асудзіў мінімум 33 асобы ў палітычных крымінальных справах.

Самы папулярны «палітычны суддзя» – гэта Аляксандр Семянчук. Пра такіх гавораць: кляймо ставіць няма дзе.

Аляксандр Семянчук вядзе судовы працэс. Скрыншот з відэа «Белсату»

Дзясяткі гадоў у Берасці ён займаўся палітычнымі працэсамі. Напэўна, цяжка знайсці ў Берасці актыўнага чалавека, які за апошнія гады не трапляў на суд да Семенчука і не атрымліваў ад яго штрафу ці арышту. Семянчук нарадзіўся ў Берасці 12 красавіка 1983 г., у 2005 г. скончыў юрыдычны факультэт Берасцейскага дзяржаўнага ўніверсітэту і хутка апынуўся ў судзе Ленінскага раёну Берасця, дзе спецыялізаваўся на адміністратыўных справах.

У 2011 г. ён судзіў удзельнікаў маўклівых акцыяў. У 2017-м пачаўся недармаедскі пратэст, і ён не абышоўся без прысудаў Семенчука. Праз год у Берасці пачаўся пратэст супраць будаўніцтва акумулятарнага заводу – і Семянчук актыўна судзіў ужо новых актывістаў. А пасля пратэст не спыняўся, і ў Семенчука стала вельмі багата працы.

Вось толькі малы спіс тых, каго паспеў асудзіць Семянчук: берасцейскі краязнавец, рэдактар газеты «Царква» Ігар Бараноўскі; журналісты «Белсату» Алесь Ляўчук і Мілана Харытонава; праваабаронец Раман Кісляк; блогеры Сяргей Пятрухін і Аляксандр Кабанаў; праціўніца акумулятарнага заводу, настаўніца Людміла Карчэўская; анархіст Аляксандр Казлянка; палітык Мікалай Статкевіч; журналіст Максім Хлябец; пенсіянерка Алена Гнаўк.

Гэта ўсё адміністратыўныя справы – але былі і крымінальныя. Самая гучная – справа блогера Сяргея Пятрухіна. У 2019 г. Семянчук прысудзіў Сяргею Пятрухіну амаль 8 тыс. долараў штрафу за «абразу» і «паклёп на міліцыянтаў».

А вось сапраўды зорны час настаў для Семенчука пасля жніўня 2020 г.

18 траўня ён асудзіў 10 чалавек. 8 лістапада летась Семянчук асудзіў адразу 19 (!) асобаў у так званай справе берасцейскіх беспарадкаў, вынесшы вялікія тэрміны.

Феміда на фасадзе дома правасуддзя ў Берасці.
Фота: Белсат

Берасцейскі актывіст Андрэй Шарэнда добра ведае гэтых суддзяў, рашэнні ўсіх іх паўплывалі на лёс ягонай сямʼі.

– Гэтыя суддзі былі вядомыя і раней, тыя ж Семянчук і Філонік мне неаднаразова выносілі содні арыштаў і штрафы. Той жа Брэган судзіў маю жонку і маіх сяброў. Усе яны халуі рэжыму, якія згубілі сувязь з рэальнасцю і дзеля грошай гатовыя на ўсё. Упэўнены, што неўзабаве іх саміх будуць судзіць, – кажа ў размове з «Белсатам» Андрэй Шарэнда.

Паводле праваабаронцы «Вясны» Уладзіміра Вялічкіна, рэальныя лічбы значна большыя.

– Берасцейская «Вясна» маніторыць судовыя паседжанні ў Берасці і вобласці. Сярод суддзяў на Берасцейшчыне асаблівай руплівасцю вызначыліся: у Ленінскім раёне Берасця Аляксандр Семянчук, паводле палітычных матываў ён вынес не менш за 32 прысуды; у Маскоўскім раёне Яўген Брэган – не менш за 40 прысудаў; у Берасцейскім абласным судзе рэкардсменкай апынулася жанчына, суддзя Вера Філонік, яна не задаволіла больш за 35 апеляцыяў на несправядлівыя і жорсткія прысуды. А гэта сотні і тысячы паламаных людскіх лёсаў, пакуты дзяцей і сваякоў зняволеных.

Хацелася б падкрэсліць, што суды, пра якія мы гаворым, называюцца заказнымі. Заказныя суды – гэта адна з прыкметаў дзяржаўнага тэрарызму. Усе гэтыя суддзі добра ведаюць, але свядома ігнаруюць і Канстытуцыю, і міжнароднае права, – заявіў «Белсату» Уладзімір Вялічкін.

АС belsat.eu

Стужка навінаў