Што адбываецца ў Казахстане? Галоўнае за 8 студзеня

У суботу, 8 студзеня, у Казахстане працягваліся масавыя затрыманні, страляніна і забойствы. Разам з тым ідуць перастаноўкі ў органах улады, стала вядома пра арышт экс-кіраўніка Камітэту нацбяспекі. Belsat.eu падводзіць вынікі сёмага дня крызісу ў Казахстане.

У Алматы працягваецца страляніна і забойствы. «Медиазона» паведамляе, што на вуліцах ляжаць трупы, якіх ніхто не прыбірае. Ноччу ў горадзе быў забіты 22-гадовы грамадзянін Ізраілю. Днём пад абстрэл сілавікоў без апазнавальных знакаў трапілі журналісты расейскага тэлеканалу «Дождь» (інцыдэнт адбыўся каля моргу, дзе сабралася чарга людзей, каб апазнаць сваіх блізкіх). Таксама стала вядома, што 5 студзеня падчас баеў у Алматы быў застрэлены 11-гадовы хлопчык, 6-га – чатырохгадовая дзяўчынка, а 7-га атрымаў агнястрэльнае раненне 15-гадовы падлетак. Інфармацыя пра чалавечыя ахвяры паступае і з іншых месцаў. Паводле медыяў, шэсць «узброеных злачынцаў» былі забітыя ў Таразе (горад на поўдні краіны).

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Блок пост на ўездзе ў сталіцу Казахстана, 7 студзеня 2022 г. Фота: Turar Kazangapov / TASS / Forum

Падчас тэлефоннай размовы з Уладзімірам Пуціным прэзідэнт Касым-Жамарт Такаеў заявіў, што сітуацыя ў краіне стабілізуецца, але ў Казахстане захоўваюцца «ачагі тэрарыстычных атак». Раніцай 8 студзеня ў МУС Казахстану паведамілі, што па ўсёй краіне падчас сілавой аперацыі было затрымана 4 266 чалавек. Міжнародны аэрапорт Алматы зачынены на нявызначаны тэрмін. У краіне застаюцца праблемы з інтэрнэтам і мабільнай сувяззю.

Разам з тым Такаеў працягвае чысткі ў органах улады. Паводле падазрэнне ў дзяржаўнай здрадзе быў затрыманы экс-кіраўнік Камітэту нацбяспекі (быў зняты з пасады ў ноч на 6 студзеня) Карым Масімаў. Масімаў – чалавек з каманды Назарбаева, былы прэм’ер-міністр, яго лічаць адной з найбольш уплывовых фігур у гісторыі сучаснага Казахстану. Увечары стала вядома, што Такаеў таксама адправіў у адстаўку намесніка сакратара Савету Бяспекі Азамата Абдымамунава. Нагадаем, раней Такаеў змясціў з пасады кіраўніка Савету Бяспекі Нурсултана Назарбаева.

Вайскоўцы на вуліцах Алматы. 8 студзеня 2022 г. Фота: PAVEL MIKHEYEV / Reuters / Forum

Прэс-сакратар Нурсултана Назарбаева зняпраўдзіў інфармацыю аб ад’язде экс-прэзідэнта Казахастану з краіны. Ён заявіў, што Назарбаеў нібыта застаецца ў сталіцы. Праўда, пацверджання гэтых словаў няма – Назарбаеў не з’яўляўся на публіцы з канца мінулага году. Раней у медыях з’яўлялася інфармацыя, што ён пакінуў краіну і сурёзна хварэе.

Мінабароны Беларусі заявіла, што беларускія вайскоўцы пачалі выкананне задач па ахове шэрагу важных аб’ектаў вайсковай інфраструктуры Казахстану. У ведамстве кажуць, што няштатных сітуацыяў не было і абяцаюць, што беларусы не будуць прыцягвацца да аператыўна-баявых мерапрыемстваў па навядзенні правапарадку ў Казахстане.

Якія канкрэтна аб’екты ахоўваюць беларускія вайскоўцы не паведамляецца. Між тым, вядома, што расейская бранятэхніка пачала патруляваць вуліцы гораду Байканур.

Вугоршчына, Чэхаславаччына, Афганістан. З якімі аперацыямі можна параўнаць дзеянні АДКБ у Казахстане?

РР belsat.eu

Падпісвайся на telegram Белсату

Hавiны