Рэч Паспалітая – гэта не канец ВКЛ. 5 аргументаў, чаму «этнацыд беларусаў падчас РП» – гэта трызненне

Год гістарычнай памяці ў Беларусі пачаўся з гучных прапановаў Аляксандра Лукашэнкі назваць перыяд Рэчы Паспалітай «акупацыяй беларускай зямлі палякамі і этнацыдам беларусаў».

«А што гэта было для нашых продкаў? Родная мова, культура, вера пад забаронай. Магнаты на сабак мянялі беларускіх сялян. Але народ выжыў і захаваў сваю самабытнасць», – сказаў ён падчас нарады, прысвечанай гістарычнай палітыцы.

Тлумачым, чаму заявы Аляксандра Лукашэнкі не адпавядаюць гістарычным фактам.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Дудуткі, Беларусь. 25 ліпеня 2021 года. Фота: ЛШ / Белсат

1569 год паклаў пачатак новай старонцы ў гісторыі Беларусі: на палітычнай мапе Еўропы з’явілася новая дзяржава – Рэч Паспалітая. Саюз, утвораны заключэннем Люблінскай уніі, на больш чым 200 гадоў аб’яднаў Польскае каралеўства і Вялікае княства Літоўскае ў адну федэратыўную дзяржаву, якая ў 16 ст. стала найбуйнейшай ва Усходняй Еўропе. На яе тэрыторыі суіснавалі шматлікія народы, гучалі розныя мовы, вызнаваліся разнастайныя формы рэлігіі і грамадскага жыцця. Сярод гэтай культурніцкай разнастайнасці жылі і стваралі матэрыяльна-духоўныя каштоўнасці і беларусы.

Пры ўсіх праблемах і пытаннях, у межах Рэчы Паспалітай у пастаянным сімбіёзе фармаваліся і беларусы, і палякі, і літоўцы. Расказваем, чаму РП – гэта частка гістарычнай спадчыны таксама і беларускага народу.

Ці была Рэч Паспалітая беларускай дзяржавай?

1. У ВКЛ яшчэ з 15 ст. галоўным ворагам з вялікімі тэрытарыяльнымі прэтэнзіямі была Масква. Пайсці на больш цесны саюз з Польшчай ВКЛ падштурхнула Лівонская вайна. У 1562 годзе рускія войскі ўжо стаялі ля сценаў Віцебску, Воршы, Шклова, быў захоплены Полацк. І спыняцца на гэтым расейскія войскі не збіраліся. Стала зразумела, што аднаасобна спыніць агрэсію Маскоўскай дзяржавы, а тым больш вярнуць страчаныя землі ВКЛ не можа.

Аб’яднанне ВКЛ і Польскай Кароны прывяло да стварэння больш моцнай дзяржавы, якая перамагла ў Лівонскай вайне. Перад абліччам сталай маскоўскай пагрозы такое аб’яднанне было жыццёва неабходным.

2. Рэч Паспалітая была шматэтнічнай дзяржавай. Праблема ў тым, што сёння мы глядзім на Рэч Паспалітую як на дзяржаву нацыянальную, праз прызму нашых сучасных нацыяналізмаў. Калі б у якога-небудзь шляхціча ці мешчаніна ў Слуцку, Менску ці Варшаве ў 16-18 ст. запытацца, якой ён нацыянальнасці, ён бы зрабіў квадратныя вочы. Селянін доўгі час быў проста «тутэйшым», як у ВКЛ, так і ў Кароне Польскай. Нацыі, нацыяналізмы пачалі нараджацца ў Еўропе ў 19 стагоддзі.

Беларускі праваслаўны шляхціч з ВКЛ, калі ехаў на сейм у Варшаву, казаў, што ён – ліцвін (не блытаць з сучаснымі «літоўцамі» – у нашай мове гэтыя паняткі падзяліліся падчас утварэння нацыяналізмаў у 19 ст. і азначаюць розныя рэчы). Калі ён, напрыклад, вучыўся за мяжой ва ўніверсітэце, то часта ён запісваўся палякам – як грамадзянін Рэчы Паспалітай.

Сваю ролю адыграў і дэмаграфічны фактар. У першай палове 17 стагоддзя Рэч Паспалітую насяляла каля 10 млн чалавек. У ВКЛ жыло 3, а ў Кароне Польскай – 7, з іх 5 млн вызначалі сябе палякамі.

Ці выжыла б ВКЛ без палякаў?

3. Жыхары Рэчы Паспалітай у розных сферах жыцця карысталіся рознымі мовамі. Напрыклад, шляхціч ВКЛ на сейме размаўляў і пісаў па-польску, а ў сябе дома, на гаспадарцы з сялянамі камунікаваў па-беларуску.

Носьбітам палітычных правоў у Рэчы Паспалітай была шляхта. Мовай публічнай, палітычнай камунікацыі гэтага пласта была польская, што перадвызначыла многія культурныя і сацыяльныя тэндэнцыі ў дзяржаве. Але, нягледзячы на працэс пераймання польскага культурнага коду, эліта ВКЛ заўсёды захоўвала моцнае ўсведамленне аб сваёй этнічнай адметнасці.

Прымусовая свядомая паланізацыя ВКЛ, забарона беларускай мовы ў XVII ст. – гэта міф. Тады ніхто не разважаў у такіх катэгорыях, бо яшчэ не было такога панятку як нацыя. Пісьмовыя крыніцы тых часоў даводзяць, што беларуская мова ў Рэчы Паспалітай была жывая і ёй актыўна карысталіся.

Моўны аспект стаў вельмі моцным і вызначальным у 20 ст., калі сфармаваліся асобныя нацыі.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Фота: ЛШ / Белсат

4. Дэцэнтралізацыя ўлады ў Рэчы Паспалітай стварыла ўмовы для таго, што на яе тэрыторыі захаваліся самастойныя народы. Не адбылося асіміляцыі меншых народаў, як, напрыклад, у тагачаснай Францыі ці іншых цэнтралізаваных краінах Еўропы, дзе маленькія народы папросту гінулі, таму што з’яўлялася моцная дамінуючая культура.

У часы Рэчы Паспалітай на тэрыторыі Беларусі канцэнтравалася шмат палітычных і культурных цэнтраў. Напрыклад, Слонім і Горадня як месцы правядзення сеймаў, палацы Сапегаў у Ружанах, Радзівілаў у Нясвіжы і іншыя. Культурная спадчына тых часоў складаецца ці не з найбольш вядомых турыстычных брэндаў сённяшняй Беларусі.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Фота: ЛШ / Белсат

5. Рэч Паспалітая была заснаваная на прававых падставах, на вяршэнстве закона і права. Тут было моцным гарадское самакіраванне, моцны культурніцкі ўплыў з Захаду.

Узгадаем вядомы III Статут ВКЛ 1588 г. – збор законаў, напісаны пад кіраўніцтвам Льва Сапегі. Статус замацоўваў самастойнасць ВКЛ у Рэчы Паспалітай. Межы ВКЛ былі недатыкальнымі як для Кароны, так і для Масквы. Статут быў напісаны на старабеларускай мове і з’яўляўся для жыхароў нашых земляў галоўным законам фактычна да 1840 года. Гэта быў самы вялікі інтэлектуальны цывілізацыйны здабытак ліцвінскай цывілізацыі.

Не можам не прыгадаць і Канстытуцыю 3 мая 1791 года – асноўны закон Рэчы Паспалітай, які стаў першай еўрапейскай канстытуцыяй. Яна абвяшчала свабоду друку і сумлення, незалежнасць судоў, спыняла магнацкія міжусобіцы. Канстытуцыя была спробай ліцвінскіх і польскіх элітаў уратаваць Рэч Паспалітую, ставіла дзяржаву на дэмакратычныя рэйкі. Але ля брамы Рэчы Паспалітай ужо блішчалі расейскія штыкі.

СП belsat.eu

Падпісвайся на telegram Белсату

Hавiны