Мост праз Нямігу, які абваліўся ў Менску, плануюць разабраць за тыдзень


Генеральны дырэктар «Гаррамаўтадар Менгарвыканкаму» Дзяніс Глінскі распавёў пра сітуацыю з мостам праз вуліцу Няміга, які абваліўся ў ноч на 8 студзеня ў Менску.

Мост на Нямізе ў Менску, 8 студзеня 2022 г. Фота ад чытачоў «Белсату»

Паводле чыноўніка, папярэдняя прычына абвальвання часткі – старэнне жалезабетонных канструкцый, запраектаваных у 1962 годзе.

«Плануецца каля тыдня адвесці на дэмантаж пуцеправода і паралельнае з гэтым праектаванне будаўніцтва», – заявіў Глінскі.

Ён таксама адзначыў, што правяраецца экспертнае заключэнне, складзенае адносна мосту ў 2021 годзе.

Hавiны
«Узяўся за елбасы – мост уцёк». Беларусы каментуюць абвал мосту над Нямігай у Менску
2022.01.08 13:38

У сваю чаргу намеснік старшыні Менгарвыканкаму Аляксандр Дараховіч заявіў, што працы на пуцеправодзе праз вуліцу Няміга будуць весціся круглыя содні.

«Наша задача на працягу дня завяршыць дэмантаж канструкцый, якія абваліліся. За тыдзень – разабраць увесь пуцеправод. Будаўніцтва новага пачнецца аператыўна, але работы зоймуць некалькі месяцаў. Яны будуць весціся кругласутачна», – адзначыў чыноўнік.

А кіраўнік Менгарвыканкаму Уладзімір Кухараў паведаміў, што ўжо распрацаваная схема арганізацыі дарожнага руху, «каб кожны мог прагназаваць свой маршрут і скараціць страты асабістага часу».

У Менску ўначы 8 студзеня абрынулася пешаходная частка мосту праз вуліцу Няміга. Пацярпелых няма. Прычыны і абставіны здарэння высвятляюцца.

Абноўлена
У цэнтры Менску абваліўся мост праз вуліцу Няміга. Як будзе хадзіць транспарт
2022.01.08 11:41

МГ belsat.eu

Стужка навінаў