«Ноччу я двойчы прачыналася ад выстралаў». Агонь у Алматы не сціхае

Загінулыя і зніклыя без вестак. Людзі збіраюцца ў чэргі каля моргаў. Забітых знаходзяць і ў аўтах, што трапілі пад абстрэл. Агонь у Алматы не сціхае і сёння.

«Чуваць было чэргі стрэлаў і выбухі. Было жудасна крыху. Першыя 2-3 дні было дастаткова актыўна, учора з 7-й да 9-й актыўна стралялі, а пасля стала ціха. І ноччу я двойчы прачыналася ад выстралаў», – кажа жыхарка Алматы Наіля Багаутдынава.

Лічба загінулых сягае дзясяткаў. Паводле афіцыйных звестак, у абстрэлах загінула 11-гадовае дзіця. Яшчэ адзін падлетак трапіў у больніцу з раненнямі. Напярэдадні прэзідэнт Касым-Жамарт Такаеў даў загад страляць у пратэстоўцаў, якіх улады называюць тэрарыстамі. Кантроль за «неспакойнымі» гарадамі ўзялі мясцовыя войскі і дружыны, падраздзяленні АДКБ. Вайскоўцы пільнуюць вуліцы і двары. Мясцовыя жыхары выходзяць з дому толькі пры неабходнасці, па харчы.

«Людзі наракаюць на тое, што няма паліва. Харчы ёсць на складах дзесьці, але цяпер выстаўленыя блокпасты – яны проста не могуць прывезці сюды», – жыхар Алматы.

Не могуць людзі і выйсці ў інтэрнэт, які ўсцяж блакуюць. Гэтак пратэстоўцаў пазбаўляюць магчымасці каардынаваць дзеянні і перадаваць інфармацыю.

«Актывісты, якія прарываліся… збіраюцца выходзіць на вуліцы, але ніхто з іх не можа даслаць відэа і фота», – распавядае казахскі апазіцыянер, кіраўнік каналу «БАСЕ» Айдос Садыкаў.

Раней, каб супакоіць пратэсты, Такаеў адправіў у адстаўку ўрад. Зняў з пасады Назарбаева – гэта было адным з патрабаванняў пратэстоўцаў – і абвесціў эканамічныя саступкі. Гэта, аднак, не вярнула даверу да ўлады.

«Дзеля таго каб зліць пратэст, дзеля таго каб супакоіць людзей, яны выкарысталі такі тактычны ход. Абвясцілі нібы, што Назарбаеў сышоў, ягоныя пляменнікі сышлі. Адзін з іх нават затрыманы, а другі таксама нібы затрыманы, праз пэўныя каналы мне злівалі інфармацыю. Выявілася, што ўсе на месцах», – адзначае казахскі апазіцыянер, кіраўнік каналу «БАСЕ» Айдос Садыкаў.

Гэтак, сёння стала вядома, што сам Назарбаеў нібы не з’язджаў з Казахстану. Ён праводзіць шэраг сустрэчаў і быццам бы заклікае падтрымаць прэзідэнта Такаева. Што праўда, ад пачатку пратэстаў не бачылі ані зваротаў елбасы, ані яго самога на публіцы.

У той жа час паводле падазрэння ў здрадзе дзяржаве затрымалі экс-старшыню Камітэту нацыянальнай бяспекі Керыма Масімава.

«Карыма Масімава збіраюцца зрабіць казлом адпушчэння. Калі гэта дзяржаўная здрада, то на карысць якой дзяржавы працаваў старшыня галоўнай спецслужбы Казахстану? Або Кітай або Расея. Ніхто больш не цікавіўся казахстанскімі справамі», – мяркуе казахскі апазіцыянер, кіраўнік каналу «БАСЕ» Айдос Садыкаў.

«Змова, каб марадзёрам і бандытам трапіла зброя, безумоўна, была. І Масімаў, несумненна, мусіць несці адказнасць за гэта. Аднак…Такаеў заняў крэсла старшыні Рады бяспекі, хаця нарматыўных актаў, каб заняць крэсла, няма….Я бачу проста вывад Назарбаева з-пад удару, ягонай сямʼі», – кажа палітолаг Уладзімір Казлоў.

З 2016-га Керым Масімаў працаваў начальнікам Камітэту нацыянальнай бяспекі, да таго часу двойчы ўзначальваў урад, быў кіраўніком адміністрацыі, працаваў на міністэрскай пасадзе. Яго называлі адным з блізкіх паплечнікаў Назарбаева.

Юлія Лабанава, «Белсат»

Падпісвайся на telegram Белсату

Hавiны