Былы кіраўнік спецслужбаў Казахстану затрыманы за «здраду дзяржаве». Дзе Назарбаеў?


6 студзеня Камітэт нацыянальнай бяспекі Казахстану пачаў дасудовае расследаванне дзяржаўнай здрады паводле артыкула 175 часткі 1 Крымінальнага кодэксу Казахстану.

У гэты ж дзень па падазрэнні ва ўчыненні гэтага злачынства затрыманы і змешчаны ў ізалятар часовага ўтрымання былы старшыня КНБ Карым Масімаў і іншыя асобы, паведамілі ў ведамстве.

Павалены помнік Назарбаеву ў Талдыкаргане, Казахстан. 5 студзеня 2022 года.
Фота: kaztag_tg / Telegram

Карым Масімаў займаў важныя пасады ў Казахстане пры Нурсултане Назарбаеве з пачатку 2000-х. У прыватнасці, ён быў міністрам транспарту, эканомікі. Пасля два гады ўзначальваў адміністрацыю прэзідэнта і яшчэ два гады быў прэм’ер-міністрам. З 2016 года Масімаў займаў пасаду старшыні Камітэту нацыянальнай бяспекі, з якой быў звольнены дзейным прэзідэнтам Касым-Жамартам Такаевым 5 студзеня 2022 года.

Hавiны
Як праходзіць спецаперацыя ў Алматы, сведчанні відавочцаў
2022.01.07 20:23

Між тым расейскі палітолаг, эксперт у Цэнтральнай Азіі Аркадзь Дубноў піша ў Facebook пра арышт у Дубаі Кайрата Сатыбалды, пляменніка Назарбаева. Таксама ёсць звесткі аб затрыманні яго малодшага брата Самата Абіша, яшчэ аднаго пляменніка і былога першага намесніка кіраўніка КНБ Казахстана.

Сам Назарбаеў, пра якога няма звестак з пачатку пратэстаў і які быў адхілены Такаевым з пасаду кіраўніка Рады бяспекі, паводле Дубнова, знаходзіцца ў Кітаі.

Аб’ектыў
Расея выкарыстоўвае місію АДКБ у сваіх мэтах
2022.01.07 21:24

Між тым у прэс-службе Назарбаева заявілі, што «елбасы знаходзіцца ў сталіцы Казахстана горадзе Нур-Султане».

Ён нібыта праводзіць шэраг кансультатыўных сустрэч і знаходзіцца на прамой сувязі з Такаевым. Таксама ў яго адбылося некалькі тэлефонных размоваў з кіраўнікамі «дружалюбных Казахстану дзяржаў».

«Елбасы заклікае ўсіх згуртавацца вакол прэзідэнта Казахстана для пераадолення наяўных выклікаў і забеспячэння цэласнасці нашай краіны», – піша ў Twitter прэс-сакратар Назарбаева Айдос Укібай.

Сам Назарбаеў маўчыць.

МГ belsat.eu

Стужка навінаў