Беларуска была вымушаная ўцякаць з Санкт-Пецярбургу праз пераслед за акцыі салідарнасці


Жанна ўжо некалькі месяцаў жыве ў Варшаве. Пераехала пасля таго, як у Санкт-Пецярбурзе яе некалькі разоў затрымлівала паліцыя, былі суды за ўдзел у акцыях салідарнасці, а потым яшчэ і суд за парушэнне міграцыйных правілаў. Мы пагутарылі з актывісткаю, як відэа з бел-чырвона-белым сцягам сталіся прычынаю пераследу з боку расейскіх уладаў.

Жанна ў Варшаве каля муралу з партрэтам Марыі Калеснікавай. Фота прадстаўлена рэдакцыі

Да актыўнай дзейнасці беларускай супольнасці нашая суразмоўца далучылася ў дзень выбараў, калі прыехала раніцаю да консульства прагаласаваць, прастаяла ў чарзе да вечара і нават не трапіла ў будынак:

«У Санкт-Пецярбурзе яшчэ да выбараў зарганізавалася суполка, былі апытанні падчас выбараў, але я да гэтага ўсяго не далучылася, бо была ў ад’ездзе, вярнулася ў горад толькі да выбараў. Я прыехала аб 11-й раніцы, думала, што за гадзіну прагаласую і пайду па сваіх справах.

Да консульства прыйшлі каля чатырох тысячаў чалавек. Я прастаяла ў чарзе да 8-й вечара і нават на 100 метраў не наблізілася да дзвярэй.

Увайшлі каля 400 чалавек. У консульстве зрабілі ўсё, каб як мага меней людзей прагаласавалі, яны сфальсіфікавалі вынікі. Але ж усе, хто прыйшоў галасаваць, былі ў белых стужках. Было зразумела, што ўсе за Святлану Ціханоўскую».

У паўночнай сталіцы Расеі Жанна пражыла 8 гадоў. Беларуская супольнасць да выбараў не была асабліва вялікай і заўважнай. Аднак падзеі на радзіме згуртавалі землякоў:

«Калі прыйшлі прагаласаваць да консульства, усе там перазнаёміліся. І калі яшчэ можна было, усе бачылі нашыя прыгожыя акцыі. Мы прыходзілі штодня да консульства, падтрымлівалі адно аднаго і выказвалі салідарнасць з тымі, хто цярпеў у Беларусі», – згадвае суразмоўца.

Даведка
Фота прадстаўлена рэдакцыі

Жанна адзначыла, што супольнасць нават падала скаргі ў ЦВК і пракуратуру з нагоды парушэнняў на выбарчым участку: не пускалі назіральнікаў, не вывесілі пратаколу ды іншае. Калі да жыхароў гораду пачалі далятаць навіны з Беларусі, менавіта іхная стыхійная згуртаванасць сталася ратункам ад роспачы і надала рашучасці ў дзеяннях для падтрымання беларусаў у Беларусі.

«На наступны дзень пасля выбараў да консульства прыйшло вельмі шмат людзей. Гэта не было арганізавана, ніхто не дамаўляўся. Ува ўсіх сем’і, родныя, сябры ў Беларусі, і вельмі хваляваліся за іх і тое, што адбывалася. Была надзея, што нешта памяняецца, што Лукашэнка не захопіць улады гвалтам. Гэта была агульная тэма, агульны боль для нас. Былі сябры-расейцы, яны нам спачувалі», – адзначае Жанна.

Спачатку расейскія ўлады не звярталі ўвагі на акцыі беларусаў. Некалькі месяцаў у 2020 годзе не было ніякага пераследу.

«Мы пачалі развіваць наш канал, рабілі спартовыя імпрэзы, ладзілі выставы ў Піцеры. Калі Алену Леўчанку затрымалі, мы хадзілі на матч «Цмокаў» у бела-чырвоным адзенні, каб выказаць ёй падтрыманне і нагадаць спартоўцам, што іхная калега за кратамі, а яны нічога не гавораць. Адна з выставаў была – «У пратэстаў жаночы твар». Тамтэйшыя феміністкі далі бясплатна пляцоўку, і мы сабралі выявы з пратэстаў. Мы хацелі паказаць, якую вялікую ролю адыгралі жанчыны: і дзяўчаты на Камароўцы, і Ніна Багінская – сімвал пратэсту, і аб’яднанне Ціханоўскай, Калеснікавай і Цапкалы. Паказаць, што жанчыны выходзяць на мірны пратэст супраць гвалту. Другая выстава была «Краіна для жыцця», дзе мы паказвалі, як Лукашэнка намагаецца зрабіць прыгожую абгортку, а ўнутры ўсё гнілое», – распавяла Жанна.

Паралельна ў мясцовай беларускай супольнасці завязаліся шчыльныя кантакты як з групамі беларусаў Масквы, так і з дыяспарамі ў іншых краінах.

Усё было параўнальна добра да снежня

«Да гэтага мы збіраліся каля консульства. Там дзяжурыла паліцыя, але яны адэкватна да нас ставіліся. Прасілі не выходзіць на праезджую частку, не крычаць нічога забароненага, і ў прынцыпе нічога не прадказвала бяды. Але ў снежні першы раз затрымалі людзей каля консульства і адвезлі ў РУУС. Там з імі правялі размову ды адпусцілі з пратаколамі за парушэнне антыковідных захадаў», – згадвае нашая суразмоўца.

Hавiны
У Пецярбурзе каля амбасады Беларусі затрымалі 14 чалавек
2020.12.26 20:34

Каб пазбегчы затрымання, беларуская суполка пачала наведваць месцы ў горадзе, звязаныя з Беларуссю.

«У Піцеры шмат такіх месцаў. Напрыклад, Гарадзенскі завулак ці Гомельская вуліца. І запісвалі відэа на падтрыманне беларусаў. Акрамя салідарнасці, мы паказвалі звязаныя з Беларуссю мясціны. А потым усё стала яшчэ горш», – адзначыла Жанна.

Hавiны
Каля амбасады Беларусі ў Маскве затрымалі беларускіх пратэстоўцаў
2021.03.29 12:25

Расейскія сілавікі прыйшлі па Жанну 23 сакавіка: «Я была на працы. Прыйшоў следчы і два паліцыянты, забралі мяне ў аддзяленне паліцыі. Тады забралі яшчэ чатырох чалавек. На ўсіх склалі пратаколы за арганізацыю несанкцыянаванага масавага мерапрыемства. Нават не за ўдзел, а менавіта за арганізацыю. А затрымалі нас за відэа, дзе мы спявалі каля бел-чырвона-белага падводнага чоўна песню «N.R.M». Нібыта на нас паскардзіўся нейкі грамадзянін Беларусі Аляксандр Кавалёў. Як мы зразумелі, ён пісаў скаргі на ўсе відэа, што знаходзіў у СМІ».

Аб’ектыў
Саюзная дзяржава. Як у Расеі пераследуюць беларусаў за палітычныя погляды
2021.03.26 22:16

Жанна адзначыла, што супрацоўнік, які яе затрымліваў, быў хамаваты: «Ён пытаў мяне, колькі я буду «займацца лухтою», ці хачу я трапіць у спіс непажаданых людзей Расейскай Федэрацыі, што мне не падабаецца, бо ў мяне ж ёсць добрая праца. Было нават пытанне, няўжо я не хачу выйсці замуж. Хаця я не разумею, да чаго тут маё сямейнае становішча. У аддзеле паліцыі супрацоўнікі ставіліся нармальна, перадавалі перадачы, нават жартавалі пра чык-чырыка».

Тады затрыманыя правялі за кратамі двое содняў да суда. Жанну суд пакараў пяццю днямі арышту, яе спачатку перавезлі назад у РУУС, а потым у спецпрыёмнік. Іншых затрыманых пакаралі 3–9 соднямі арышту.

Рэпартаж
«Свабоду Навальнаму!» і «Жыве Беларусь!» – што пагражае беларусам за ўдзел у акцыях у Расеі
2021.04.03 16:18

Беларуска адзначыла, што пасля гэтай справы да затрыманых прыйшлі прадстаўнікі міграцыйнай службы. Часцяком такія наведванні канчаліся дэпартацыяй.

Аднак пасля адбыцця тэрміну Жанна дадому не трапіла – яе паўторна затрымалі на выхадзе:

«Я нават выйсці не паспела. Там, дзе рэчы выдаюць, яны мяне сустрэлі і павезлі ў іншы аддзел паліцыі, дзе далі яшчэ адзін пратакол за арганізацыю масавага мерапрыемства, ужо за відэа, дзе мы каля нарвежскай амбасады прасілі «Yara» не супрацоўнічаць з «Беларуськаліем».

Фота прадстаўлена рэдакцыі

Гэтае затрыманне скончылася яшчэ адным судом і зняволеннем на адзін дзень.

Жанна заставалася ў Расеі да сярэдзіны лета, пакуль увага з боку ўладаў зноў не пачала адгукацца судамі. Аказалася, гэтым разам сілавікі мелі прэтэнзіі да беларускі з нагоды парушэння ўмоваў перабывання ў РФ. Пра тое, што яна парушальніца, Жанна даведалася ўласна ад паліцыі, бо ніякай позвы ніхто ёй не ўручаў:

Як высветлілася, з вясны Жанне было забаронена быць на тэрыторыі Расеі. Аднак раней пра гэта ёй не паведамлялі, і нават памяняць пашпарт на новы ёй гэта не перашкодзіла.

Пасля таго, як беларуска правяла ноч ужо ў трэцім за паўгода пастарунку, меў адбыцца суд. Тут ужо не ішлося пра штраф і содні: Жанну маглі дэпартаваць альбо даць ёй некалькі дзён, каб яна самастойна пакінула тэрыторыю Расеі.

«Я сядзела ў камеры з грамадзянкаю, падаецца, Туркменістану. І яна 10 гадоў жыла ў Расеі без дакументаў. Ёй прысудзілі толькі штраф 5000 рублёў (каля 65 долараў). Нават канваіры смяяліся, што мяне – з працаю, кватэраю – выпраўляюць, а ёй – толькі штраф», – згадала Жанна.

Фота прадстаўлена рэдакцыі

Падчас суда аб парушэнні міграцыйных патрабаванняў Жанне нарэшце ўручылі паперы, што яна мае абмежаванні ў знаходжанні ў краіне і мае тры дні, каб пакінуць Расею.

«Яны адмыслова так зрабілі. Бо калі ідзе суд, я магу застацца. Але праз тое, што гэта было перад выходнымі, адвакат нават не паспеў бы падаць заяву, што я бяру ўдзел у судзе. Вось так яны прыдумалі», – згадвае беларуска.

Пасля гэтага Жанна пераехала ў Варшаву, ейны суд спынілі праз адсутнасць парушэння, аднак забарона на ўезд у Расею застаецца ў моцы да красавіка 2024 года.

Hавiны
У Расеі заключылі пад варту ў СІЗА беларуску Яну Пінчук. У Беларусі яе абвінавачваюць па двум крымінальным артыкулам
2021.11.03 17:24

МГМ belsat.eu

Стужка навінаў