У Беларусі могуць увесці смяротную кару за здраду дзяржаве – для чыноўнікаў і вайскоўцаў


Палата прадстаўнікоў.
Фота: Vasily Fedosenko / Reuters / Forum

Палата прадстаўнікоў НС РБ прыняла ў першым чытанні законапраект, які прадугледжвае змены кодэксаў крымінальнай адказнасці. З дакументу вынікае, што за здраду дзяржаве можа быць ужытае смяротнае пакаранне. Тэзісы законапраекту апублікаваў тэлеграм-канал Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі.

«У мэтах аказання стрымальнага ўздзеяння на дэструктыўныя элементы, а таксама дэманстрацыі рашучай барацьбы са здрадай дзяржаве праектам Закону прапануецца ўнясенне зменаў у санкцыю ч. 2 арт. 356 КК, якія прадугледжваюць магчымасць ужывання выключнай меры ў выглядзе смяротнага пакарання за здраду дзяржаве, учыненую службовай асобай, якая займае дзяржаўную пасаду, або асобай, на якую распаўсюджваецца статус вайскоўца», – гаворыцца ў паведамленні Палаты прадстаўнікоў НС РБ.

На сёння ч. 2 арт. 356 КК прадугледжвае ад 10 да 20 гадоў пазбаўлення волі.

Законапраект уводзіць таксама змены, у прыватнасці, у арт. 360 КК («Дыверсія») і арт. 369-1 КК («Дыскрэдытацыя Рэспублікі Беларусь»). У апошнім артыкуле дадаецца адказнасць за распаўсюд заведама непраўдзівых звестак, якія «дыскрэдытуюць Узброеныя сілы, іншыя войскі і вайсковыя фармаванні, ваенізаваныя арганізацыі Рэспублікі Беларусь».

Праект закону дапаўняе таксама Крымінальны кодэкс артыкулам 289-1 «Прапаганда тэрарызму» і арт. 375-2 «Парушэнне патрабаванняў абароны дзяржаўных сакрэтаў».

Прыняцце новаўвядзенняў дазволіць, як лічаць беларускія парламентарыі, больш дзейсна ажыццяўляць захады ў выяўленні і супрацьдзеянні экстрэмісцкім і тэрарыстычным структурам, а таксама «спробам замежных спецслужбаў і арганізацыяў уцягваць беларускіх грамадзянаў у дзейнасць, накіраваную на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь».

Рэпартаж
«Ноч, Менск, гукі стрэлаў…» У Варшаве прэзентавалі другое выданне кнігі «(Не)расстраляныя»
2022.10.31 11:16

Зміцер Міраш belsat.eu

Стужка навінаў