«Знепрытомнела ў душы». У штабе Бабарыкі распавялі, што прывяло да шпіталізацыі Марыі Калеснікавай


Экстранная шпіталізацыя з прабадной язвай і перытанітам сталі вынікам непрапарцыйна жорсткага ўтрымання Марыі Калеснікавай у штрафным ізалятары, піша тэлеграм-канал Віктара Бабарыкі.

«У ШІЗА было вельмі зімна, Маша практычна не спала. Каб сагрэцца, яна ўвесь час хадзіла, зрабіла рэкордныя 15 тысяч крокаў па маленькай камеры за адзін дзень. Дэталі Маша расказала бацьку падчас сустрэчы», – паведамляе штаб Віктара Бабарыкі.

Адвакат бачыў Марыю Калеснікаву ў калоніі 17 лістапада. Пазней з’явілася інфармацыя, што яе змясцілі ў штрафны ізалятар.

Цягам некалькіх дзён перад шпіталізацыяй Марыя губляла прытомнасць у ШІЗА, у яе быў падвышаны ціск і млоснасць. Палітзняволеная страціла прытомнасць у душы, падрапаўшы падчас падзення ногі.

Тэелеграм-канал Віктара Бабарыкі паведамляе таксама, што лекар калоніі сцвярджае, што з боку Марыі не было ніякіх скаргаў. Але пры гэтым у ШІЗА ёй давалі пігулкі ад ціску, якія проста так зняволеным не выдаюць. 28 лістапада Калеснікаву зноў пакаралі 10 соднямі штрафнога ізалятару, а пасля абеду ў гэты ж дзень у яе пачаўся крызіс.

«Да праблем з ціскам, млоснасцю і прытомнасцю дадаўся пакутлівы боль у страўніку, Маша літаральна падала. Яе перавялі ў медычны стацыянар, а ўвечары брыгада хуткай дапамогі экстранна даставіла Марыю ў лякарню», – удакладняе тэлеграм-канал Бабарыкі.

5 снежня Аляксандру Калеснікаву дазволілі сустрэцца з дачкой у медсанчастцы калоніі. Марыю Калеснікаву шпіталізавалі 28 лістапада. Тады паведамлялі, што ёй зрабілі аперацыю, у больніцы хуткай дапамогі Марыі дыягнаставалі прабадзенне язвы.

Марыя Калеснікава адбывае 11-гадовы тэрмін паводле абвінавачанняў у «змове з мэтаю захопу ўлады», «закліках да дзеянняў супраць нацыянальнай бяспекі» і «стварэнні экстрэмісцкага фармавання». Вырак 6 верасня 2021 года вынес суддзя Менскага абласнога суда Сяргей Епіхаў. Палітзняволеная адбывае пакаранне ў гомельскай жаночай калоніі № 4. Яна застаецца ў няволі больш за 820 дзён.

Hавiны
«У больніцу прывезлі з перытанітам». Марыя Калеснікава расказала падрабязнасці сваёй аперацыі
2022.12.06 12:33

Зміцер Міраш belsat.eu

Стужка навінаў