Муж асуджанай журналісткі Ірыны Слаўнікавай звярнуўся да дэмакратычных сілаў


Аляксандр Лойка, муж зняволенай журналісткі Ірыны Слаўнікавай, звярнуўся ў лісце да Офісу Ціханоўскай з просьбай распачаць перамовы з рэжымам дзеля вызвалення палітвязняў. Пакуль на ягоны зварот ніхто не адказаў.

Аляксандр Лойка, муж палітзняволенай журналісткі польскай тэлекампаніі TVP Ірыны Слаўнікавай, у размове з «Белсатам» выказаў меркаванне, што дзеянні дэмакратычных сілаў і ў першую чаргу Офіс Святланы Ціханоўскай за два гады не наблізілі Беларусь да развязання праблемы палітвязняў.

«Павінна быць мэта, павінна быць дзеянне, павінен быць вынік. А мы нават не бачым аніякай мэты. Вядома, там ёсць агульная мэта – зрынуць рэжым і гэтак далей, але што для гэтага робіцца?»

Мужчына ўпэўнены, што лёс палітзняволеных у першую чаргу залежыць ад дзеянняў Офісу Ціханоўскай як фактычнага прадстаўніка Беларусі для краінаў Захаду.

«Усе кажуць, што павінныя пачацца перамовы. І тое, што павінен, на мой погляд, зрабіць штаб, гэта звярнуцца да дыпламатаў, звярнуцца ў першую чаргу да кіраўніцтва ЗША з прапановай, каб дыпламаты зноў вярнуліся ў Беларусь, і пачаліся перамовы».

У якасці медыятару ў будучых перамовах з рэжымам Лукашэнкі, на думку Лойкі, можа выступіць пасол Швейцарыі ў Беларусі Крыстынэ Гонэгер-Залатухін (Christine Honegger Zolotukhin), якая мае багаты дыпламатычны досвед і актыўна ідзе на кантакт з абодвума бакамі.

Муж палітзняволенай мяркуе, што цяперашняя стаўка дэмакратычных сілаў на заходнія санкцыі як на спосаб вызвалення палітвязняў не спрацавала.

«Але, можа, трэба падысці з іншага боку? Прапанаваць адмяніць санкцыі, каб выпусцілі палітзняволеных. Бо палітзняволеныя сядзяць, а калі пачнуць працаваць тыя санкцыі? Праз тры гады, праз пяць праз дзесяць год? Колькі існуе краінаў у свеце, на якія накладзеныя санкцыі: Паўночная Карэя, Іран, на які накладзеныя санкцыі больш за сорак год, Венесуэла. Дзесьці абрынуўся рэжым, нешта здарылася?»

Са сваёй прапановай для вызвалення палітвязняў Аляксандр Лойка звярнуўся ў лісце да Офісу Ціханоўскай, станам на вечар 6 снежня мужу асуджанай журналісткі Ірыны Слаўнікавай ніхто не адказаў.

Hавiны
Пракуратура накіравала ў суд справу Дар’і Лосік, Ірыне Слаўнікавай пакінулі прысуд. Хроніка рэпрэсіяў 6 снежня
2022.12.06 22:31

ВК belsat.eu

Стужка навінаў