Бахмут – пекла на зямлі. Што адбываецца ва ўкраінскім горадзе, дзе цяпер ідуць самыя гарачыя баі


Найбольш жорсткія баі вайны ва Украіне цяпер трываюць каля Бахмуту. На мапах гэтага не відаць, лінія фронту амаль не мяняецца, але людзі штодня гінуць. Расказваем, што там адбываецца.

Украінскі танк на вуліцы Бахмуту, Данецкая вобласць, Украіна. 17 лістапада 2022 года.
Фота: Белсат

Што за горад Бахмут

Бахмут – горад у Данецкай вобласці Украіны, за 60 км на поўнач ад Данецку, за 90 км на захад ад Луганску. У савецкі час горад назвалі Арцёмаўскам у гонар бальшавіка, які змагаўся супраць Украінскай Народнай Рэспублікі (у склад якой уваходзіў у тым ліку Бахмут). Буйны цэнтр здабычы каменнай солі (уласна шахты – у суседнім Салядары), прамысловы горад з вялікай колькасцю заводаў, транспартавы вузел.

Да пачатку вайны на Данбасе ў Бахмуце жылі каля 77,5 тыс. чалавек, а разам з прадмесцямі звыш 100 тыс. З сярэдзіны красавіка да пачатку ліпеня 2014 года горад нават кантралявалі баевікі «ДНР», але астатні час Бахмут заставаўся пад кантролем Украіны. На пачатак 2022 года ў Бахмуце жыла 71 тысяча чалавек, хоць да тэрыторыяў, занятых самаабвешчанай «ДНР», адтуль было 20 км – баі адбываліся зусім недалёка.

Што адбываецца ў Бахмуце

Сведкі падзеяў выбіраюць самыя брутальныя эпітэты для апісання баёў за Бахмут. Самае мяккае апісанне дае, напрыклад, «The Guardian»: акопная вайна. А «The New York Times» піша пра «крывавы вір». Амерыканскае выданне нядаўна рабіла рэпартаж з бахмуцкага шпіталю, куды штодня паступаюць дзясяткі, калі не сотні параненых, і пабачыла лінію фронту на ўскраіне гораду, падобную да здымкаў з Першай сусветнай вайны. «Белсат» таксама пабываў у бахмуцкім шпіталі.

Фота
«Нават з анальгетыкамі людзі курчацца ад болю». Як працуе шпіталь у Бахмуце, дзе ратуюць жыцці
2022.12.07 07:30

Ужо больш за чатыры месяцы за Бахмут ідуць інтэнсіўныя баі, горад пастаянна абстрэльваюць расейскія артылерыя, танкі, мінамёты. Бахмут моцна зруйнавалі: паўмесяца таму казалі, што ў горадзе пашкоджана ці знішчана 60 % інфраструктуры. Атачыць горад па-ранейшаму не ўдалося.

Як піша Генеральны штаб Збройных сілаў Украіны, бахмуцкі кірунак – адзін з двух, дзе Расея цяпер канцэнтруе асноўныя сілы (другі – аўдзееўскі, 50 км на поўдзень). Са словаў украінскіх вайскоўцаў, расейскі бок раз за разам кідае ў атаку пяхоту без падтрымання цяжкой тэхнікі. Кажуць (напрыклад, тут), што расейскія вайскоўцы ўжо ідуць на штурм маленькімі групамі па 5–10 чалавек, каб не несці вялікіх стратаў ад артылерыі.

Украінскі вайсковец пазуе на фоне стрэлу з 130-міліметровай гарматы М-46 недалёка ад Бахмуту. Данецкая вобласць, Украіна. 15 лістапада 2022 года.
Фота: Белсат

Праваенныя расейскія Telegram-каналы сцвярджаюць, што на бахмуцкім кірунку актыўна ваююць баевікі так званай ПВК Вагнэра – незаконнага (нават паводле расейскага заканадаўства) узброенага фармавання, створанага Яўгеніем Прыгожыным (алігархам, якога называюць «кухарам» Уладзіміра Пуціна).

Але брытанская выведка, як і шэраг украінскіх крыніцаў, сцвярджае, што пад Бахмутам масава гінуць расейскія мабілізаваныя рэзервісты. Выглядае на тое, што пад Бахмутам у расейскага боку перавага ў колькасці вайскоўцаў і тэхнікі, але ва ўкраінскага – лепшыя пазіцыі.

Фотарэпартаж
«70 гадоў не было вайны. Нашто яны яе пачалі?» Як выжывае Бахмут
2022.11.08 15:52

Чаму Расея так ваюе за Бахмут

Украінскі бок сцвярджае, што Расея штодня губляе на бахмуцкім кірунку па 50–100 чалавек. Імаверна, Украіна таксама штодзень мае шмат ахвяраў, але адступаць не збіраецца.

Навошта Расея працягвае гэты наступ, які даўно захрас, незразумела: горад цяпер не мае відавочнага ваеннага значэння.

Салдаты ідуць побач з варонкай ад авіябомбы ў адным з паселішчаў недалёка ад Бахмуту. Данецкая вобласць, Украіна. 16 лістапада 2022 года.
Фота: Белсат

У верасні расейскія войскі адступілі з большай часткі Харкаўскай вобласці. Да гэтага можна было ўявіць, што Бахмут патрэбны, каб атачыць Славянск і Краматорск, над якімі з супрацьлеглага боку «навісала» групоўка ў Ізюме. Пасля ж вызвалення Харкаўшчыны можна хіба казаць, што захоп гораду адкрые расейскім войскам дарогу на Славянск (другую дарогу Расея страціла і не спрабуе зноў заваяваць) і перспектыву заваяваць усю Данецкую вобласць, якую Расея лічыць сваёй. Але страта Бахмуту не перарэжа Украіне лініяў паставак, не пазбавіць геаграфічнай перавагі.

Расейскія праваенныя медыі практычна ніяк не тлумачаць важнасць Бахмуту: хіба пішуць, што гэта добра ўмацаваны раён (сапраўды, але гэта не адзіны такі раён), што адтуль можна наносіць удары па Данецку (але насамрэч не толькі адтуль), што без Бахмуту ва Украіне будзе дэфіцыт вугалю і солі (хаця вугаль здабываюць не ў адным Бахмуце, а ўкраінскую соль раней збольшага купляла Расея) і нават што пасля ўзяцця Бахмуту «ўкраінская групоўка рассякаецца на дзве часткі». Не абгрунтоўваюць ужо хіба сакральнай геаграфіяй і «свяцілішчам Апалона». Антываенныя расейскія медыі ж не могуць прыдумаць нейкіх іншых варыянтаў, акрамя псіхалагічна-палітычнага, нават калі спрабуюць: напрыклад, узяцце Бахмуту не гарантуе бяспекі «сухапутнага мосту ў Крым».

Салдаты дапамагаюць параненаму зайсці ў шпіталь. Бахмут, Данецкая вобласць, Украіна. 17 лістапада 2022 года.
Фота: Белсат

Брытанская выведка адзначае, што Расея са жніўня працягвае засяроджваць сілы на ўзяцці Бахмуту – падобна, хоча атачыць горад з поўначы і поўдня, але не штурмаваць лабавой атакай. Але ўзяцце Бахмуту будзе мець «абмежаваную аператыўную каштоўнасць» для Расеі, а кошт – «непрапарцыйны» каштоўнасці. Брытанская выведка лічыць, што ўзяцце Бахмуту для Крамля стала сімвалічнай і палітычнай, а не ваеннай мэтай. Падобнае піша і амерыканскі Інстытут даследавання вайны (ISW): баі пад Бахмутам паказваюць, што расейскія войскі не навучыліся на мінулых штурмах аб’ектаў малой значнасці цаной шматлікіх стратаў, а баі ў Бахмуце маюць кошт, які пераважыць любую аператыўную карысць ад узяцця гораду.

Так лічаць і з украінскага боку. Напрыклад, камандзір Сухапутных войскаў Украіны нядаўна казаў, што пасля паразаў у Харкаўскай і Херсонскай вобласці Бахмут мае для Крамля псіхалагічнае значэнне – трэба ж падняць маральна-псіхалагічны стан войскаў хоць нейкай перамогай. Украінскія вайсковыя эксперты (як тут, тут ці тут) таксама выказваюць здагадкі, што асабіста Прыгожын бачыць узяцце Бахмуту як рэкламу свайму фармаванню (або як рэкамендацыю на прызначэнне сябе міністрам абароны), а Расея спрабуе атакай на Бахмут адцягнуць украінскія войскі з іншых напрамкаў, зматаць сілы ЗСУ.

Жанчына, пацярпелая падчас пажару, чакае медыкаў. Бахмут, Данецкая вобласць, Украіна. 12 лістапада 2022 года.
Фота: Белсат

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў