«Празмерна аптымістычныя». Улады абвясцілі планы на інфляцыю і ВУП Беларусі на 2022 год


Дзейныя ўлады Беларусі абвясцілі эканамічныя планы на 2022 год. У бюджэт закладаюцца даволі смелыя лічбы, якія зняпраўджваюцца нават саюзнымі з ЕАЭС эканамістамі, не кажучы ўжо пра незалежных.

Што плануюць улады

На нарадзе 3 снежня прэм’ер-міністр Раман Галоўчанка абвясціў, што ВУП Беларусі ў 2022 годзе мае вырасці ажно на 2 %, а інфляцыя пры гэтым не павінна перавысіць 6 %. Такія лічбы плануецца закласці ў бюджэт краіны на наступны год, які пакуль яшчэ не зацверджаны.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Белсат

«Для сябе мы, ясна, плануем эканамічны рост на ўзроўні не менш за 2 %. Хоць нам кажуць, што гэтага немагчыма будзе дасягнуць. Але ўжо шмат гадоў кажуць. На шчасце, мы гэтыя прагнозы зняпраўджваем», – заявіў Галоўчанка на наступны дзень пасля новых пакетаў санкцыяў.

Сам бюджэт краіны налета будзе дэфіцытным. Але памер дэфіцыту пакуль не называецца. У верасні казалася пра Br 2,9–3 млрд. Але з таго часу прайшло ўжо два з паловаю месяцы, і былі ўведзеныя новыя заходнія санкцыі, якіх у Менску не чакалі. Таму і дэфіцыт можа павялічыцца.

Галоўчанка завярае, што катастрофы ў дэфіцытным бюджэце няма і шмат краінаў так жыве.

Пры гэтым прэм’ер усё ж прызнае: «Прагназаванне цяпер – справа не вельмі ўдзячная».

Міжнародныя эксперты супраць

Hавiны
Прагноз ЕАБР: Росту беларускай эканомікі ў 2022 годзе амаль не будзе. Магчымы і спад на 1–4 %
2021.11.25 14:35

Але ў такія прагнозы не вераць нават у Еўразійскім банку развіцця. Там на 2022 год для Беларусі прагназуюць толькі 0,7 % росту ВУП, што на 1,3 адсоткавага пункту менш за запланаваны ўрадам.

Дый інфляцыю там чакаюць большаю – 7,4 %.

Прагноз росту ВУП Беларусі ў 2022 годзе. Інфаграфіка: Белсат

Пры гэтым у ЕАБР адзначаюць, што «пры неспрыяльным развіцці падзеяў у 2022 годзе нельга выключаць эканамічнага спаду, маштаб якога можа скласці 1–4 %».

«У выпадку рэалізацыі рызыкі можна чакаць ціску на курс беларускага рубля праз памяншэнне экспартных даходаў, павышэнне дэвальвацыйных чаканняў і пагаршэнне інвестыцыйнага клімату. Інфляцыйныя рызыкі пры неспрыяльным развіцці падзеяў узрастуць», – гаворыцца ў прагнозе.

ЕАБР далёка не адзіная міжнародная структура, якая дае песімістычныя прагнозы. Гэтак, Міжнародны валютны фонд чакае, што эканоміка Беларусі налета вырасце толькі на 0,5 %, а вось кошты – ажно на 8,3 %.

Сусветны банк прагназуе Беларусі ВУП у 2022 годзе на ўзроўні мінус 2,8 %, а інфляцыю – памерам 7,1 %.

Прагноз росту інфляцыі ў Беларусі ў 2022 годзе. Інфаграфіка: Белсат

Заданне – не страціць

У каментары «Белсату» эканаміст Дзмітрый Крук не стаў называць планаў уладаў нерэальнымі, але ахарактарызаваў іх як «празмерна аптымістычныя». На ягоную думку, планы ўраду абапіраюцца на разлікі таго, што прыкладна такімі самымі тэмпамі, як сёлета, працягне расці беларускі экспарт. Але эксперт лічыць гэта мала рэалістычным.

Hавiны
Сусветны банк абнавіў прагноз па Беларусі: стала лепш на 2021 год, горш на 2022-23
2021.10.06 10:13

Эканаміст падкрэсліў, што такога росту сусветнай эканомікі, які спрычыніўся да беларускага вонкаваэканамічнага цуду ў 2021 годзе і які быў выкліканы аднаўленнем постковіднай эканомікаю ды цяжкасцямі з пастаўкамі кітайскага імпарту, які быў заменены ў тым ліку беларускімі таварамі, у наступным годзе можа не быць.

«Так, пэўная інерцыя захаваецца. Але лішак попыту на глабальных рынках паступова будзе знікаць, а лагістычныя ланцужкі паступова нармалізуюцца. То бок на будучы год заданне, якое будзе стаяць для беларускай эканомікі, – не страціць ранейшых экспартных пазіцыяў. Казаць пра далейшае нарошчванне экспарту – гэта бліжэй да фантастыкі», – мяркуе Дзмітрый Крук.

Аналітыка
«Няўпэўненасць і недавер нікуды не падзеліся». Чаму беларусы 20 месяцаў забіраюць грошы з банкаў і чаго чакаць далей
2021.10.19 15:14

Падтрымаеш ВУП – вырасце інфляцыя

На змены кан’юнктуры на вонкавых рынках да таго ж мае накласціся такі буйны чыннік, як санкцыі. Эксперт дапускае, што ва ўладаў могуць быць пэўныя планы і разлікі на юрыдычныя ды лагістычныя схемы, як абыходзіць абмежаванні.

«Але ці спрацуе гэта? У мяне вялікія сумневы. Як мінімум трэба браць да ўвагі, што некалькі адсоткавых пунктаў экспарту ў выніку санкцыяў будзе страчана», – падкрэсліў эканаміст.

Здание Дрожжевого комбината в Минске
Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Белсат

Такім чынам, на думку адмыслоўцы, беларускі экспарт у 2022 годзе будзе, наадварот, скарачацца.

«А ў такім выпадку дасягнуць росту ВУП патэнцыйна магчыма, але толькі калі заняцца стымуляваннем росту ўнутранага попыту. Пайсці на гэта – шлях да інфляцыйнай і дэвальвацыйнай спіралі ды фінансавай дэстабілізацыі. Як мне падаецца, нават у выпадку адчувальнай рэцэсіі наўрад ці ўлады будуць гатовыя на гэта пайсці», – адзначыў Дзмітрый Крук.

Аналітыка
Гаворка пра мільярды долараў. Колькі можа страціць Беларусь ад закрыцця мяжы з Польшчай
2021.11.19 09:00

У любым разе, на погляд эксперта, казаць пра запавольванне інфляцыі не выпадае.

«Наадварот, інфляцыя найбольш верагодна будзе разганяцца. Пытанне – наколькі хутка. Ужо назапашаныя фактары для падвышэння інфляцыі. Таксама магчымыя новыя, якія залежаць ад глабальнай кан’юнктуры ды дзеянняў уладаў», – заявіў эканаміст.

Можа быць і горш

Найбольш імаверным – цэнтральным – варыянтам развіцця беларускай эканомікі на 2022 год эксперт лічыць неглыбокую рэцэсію, да 2,5 %, з павышаным узроўнем інфляцыі памеры 10–15 %. Пры гэтым шмат залежыць ад паводзінаў уладаў і таго, як яны будуць развязваць пытанні ў фіскальнай, манетарнай ды іншых сферах.

Але гэта цэнтральны сцэнар, падкрэсліў Дзмітрый Крук, бо зусім нельга выключаць як лепшыя, гэтак і значна горшыя варыянты развіцця эканамічнай сітуацыі ў Беларусі.

Аналітыка
«Галоўны крытэрый работніка – палітычная лаяльнасць». Як звальненні нязгодных спараджаюць кадравы голад
2021.12.03 10:17

МГ belsat.eu

Стужка навінаў