На мяжы Беларусі і Еўразвязу ў чэргах стаяць больш за 5 тысячаў фураў


Памежны камітэт Беларусі сцвярджае, што толькі тры з дзевяці еўрапейскіх пунктаў пропуску выканалі дамоўленасці аб афармленні грузавікоў за мінулыя содні. З пачатку снежня чэргі з фураў сталі большымі яшчэ на 20 %.

Самым загружаным застаецца літоўскі кірунак. Памежны камітэт піша, што за содні праз «Меднікі» (з беларускага боку – «Каменны Лог») у Літву ўехалі толькі 248 фураў, што ў два разы менш за прапускную здольнасць памежнага пераходу. Агулам на літоўскім кірунку выезду чакаюць амаль 2200 фураў.

Інфаграфіка
Эканаміст: Чэргі цяжкавікоў на мяжы з’явіліся, бо для існых уладаў мяжа – гэта частка гібрыднай вайны
2021.12.02 12:47

На польскіх памежных пераходах нібыта цяпер афармляюць каля 70 % фураў ад усталяванай нормы, у выніку на мяжы з Польшчай таксама назіраецца вялікая колькасць грузавікоў – іх там цяпер 1720.

Да латышскіх памежных пераходаў беларускі памежны камітэт прэтэнзіяў не мае, аднак кажа, што з-за пераразмеркавання транспартавых плыняў з найбольш загружаных маршрутаў і на мяжы з Латвіяй павялічылася колькасць грузавікоў, якія чакаюць выезду – цяпер там 1090 фураў.

Кіроўцы фураў распавядаюць, што ў чарзе даводзіцца стаяць па пяць содняў і больш, піша радыё «Свабода». Пры гэтым на мяжы адсутнічаюць неабходныя побытавыя ўмовы: кіроўцы мыюцца на вуліцы, ходзяць у прыбіральню «пад кола».

Не дапамагаюць і спецыяльныя пропускі на перавоз тавараў, якія хутка псуюцца, – за такі гадавы дазвол кампаніі плацяць некалькі тысяч долараў. Аднак калі ў адгароджаным калідоры з двухбаковым рухам стаіць глухая чарга, немагчыма аб’ехаць машыны проста фізічна.

ГГ, belsat.eu

Стужка навінаў