Лукашэнка прайграў у міграцыйным канфлікце?


Гібрыдная атака Лукашэнкі на мяжы не скончылася. Знізілася інтэнсіўнасць спробаў мігрантаў, пры спрыянні так званых беларускіх сілавікоў, прайсці мяжу Еўразвязу. Але тысячам гэта ўдалося, цяпер яны ў Нямеччыне. Іншыя заплацілі за гэта жыццём. Нехта пастанавіў вярнуцца на радзіму. Хто выйграў першы раўнд гэтай страшнае бітвы, дзе дыктатар выкарыстоўваў людзей, якія шукалі лепшага жыцця, як гарматнае мяса? Хто будзе плаціць за міграцыйную драму на беларуска-польскай і літоўскай мяжы? Высвятляла Вольга Міцкевіч.

Восем мігрантаў загінулі на мяжы з Беларуссю за час міграцыйнага крызісу. Пра гэта паведамляе памежная служба Польшчы. Аднаго мігранта вылавілі з ракі Буг, іншыя памерлі, імаверна, ад пераахалоджвання. У сваю чаргу Лукашэнка на пасяджэнні Міністэрства абароны кідаўся фармуліроўкамі гібрыдных атак з боку Захаду, што гэта заходнія суседзі падкідваюць на тэрыторыю Беларусі нябожчыкаў:

«У гэтым міграцыйным крызісе мярзотнікі дайшлі да забойства людзей, учора падкінулі труп на нашу мяжу, сёння ноччу яшчэ адзін труп знайшлі. Той жа почырк. У спальны мех зашпільваюць мёртвага ці паўмёртвага і выкідваюць. Памежнікі знаходзяць, ужо без дыхання».

На кадрах бачна, што людзі загінулі, але няма ніякіх доказаў, што яны перайшлі беларуска-польскую мяжу і загінулі на польскім баку, тым больш іх целы перакінулі польскія памежнікі. Чарговая гульня словаў дыктатара, які працягне гандаль і ціск на Захад не толькі жывымі мігрантамі, але загінулымі.

У інтэрв’ю расейскаму прапагандысту Дзмітрыю Кісялёву Лукашэнка ўжо выстаўляе рахункі Еўропе: колькі яму каштуе ўтрыманне мігрантаў.

Аляксандр Лукашэнка

«Мы будзем прасіць гэтых людзей, якія законна ў нас знаходзяцца па турыстычнай візе, у гатэлях, каб яны вярнуліся назад. Таму што гуманітарнага калідора не будзе. І я ўжо больш за тысячу вярнуў іх у Ірак. (…) Беларускія выдаткі 12,5 млн долараў тыдзень таму, цяпер гэта будзе ўдвая больш. Уход, кармёшка, абагрэў».

ВІДЭА
Ці пойдзе беларускае войска паміраць за Аляксандра Лукашэнку?
2021.12.03 17:01

Міхал Патоцкі, рэдактар «Dziennik gazeta Prawna», Варшава

«Еўропа не будзе плаціць такіх выдуманых рахункаў, якія з нічога не вынікаюць. Там не было ніякіх рахункаў. Лукашэнка сказаў 20 млн ці 10 млн, таму што трэба было нешта сказаць».

«Траціцца» не толькі Лукашэнка, але і краіны, якія прынялі ўдар гібрыднай атакі. Літва закупіць на 150 млн еўра модульныя мабільныя будынкі для мігрантаў, якія ідуць «беларускім шляхам». Польшча кажа пра тое, што гатова фінансаваць рэйсы з Беларусі ў краіны Блізкага Усходу, калі на гэта пагодзіцца Лукашэнка. Раз праз раз мігранты прарываюцца праз польска-беларускую мяжу.

Муэін аль-Хадзі, мігрант з Сірыі, Польшча:

«Нас было шмат, каля 13 чалавек, але нас раздзялілі. Некаторыя загінулі ў дарозе, некаторыя вярнуліся, некаторыя, ад каго ў нас няма вестак. Мы з ім засталіся адны, у нас не засталося адзення, мой пашпарт знік…У мяне больш няма ніякіх дакументаў, каб пацвердзіць сваю асобу, у мяне ёсць толькі фота пашпарта».

Еўразвяз праз міжнародныя структуры гатовы пералічыць 3,5 млн еўра для таго, каб мігранты вярталіся ў свае краіны. Таксама «Чырвоны крыж» разлічвае назбіраць на дапамогу мігрантам каля 10 млн долараў. Пытанне застаецца адкрытым: колькі мігрантаў цяпер у Беларусі і ці такой дапамогі хопіць? Пакуль «Чырвоны крыж» кажа пра 12 тысячаў мігрантаў, 2 тысячы з якіх магчыма ўжо вярнулі ў свае краіны.

Андрэй Ягораў, дырэктар Цэнтру еўрапейскай трансфармацыі:

«Гэта не азначае палітычнага прызнання. Гэта азначае, што фактычна ўлады прызнаюцца тымі, хто ўтрымлівае кантроль па-над сітуацыяй у Беларусі. Другое, тое, што гэтыя грошы не ідуць наўпрост беларускаму рэжыму, усе гэтыя фінансы ідуць міжнародным інстытуцыям – Міжнародны чырвоны крыж, ці ААН. Але ёсць нюанс, што карыстацца гэтымі грошамі можна будзе толькі пры пэўным удзеле арганізацыяў на месцы і гэта хутчэй за ўсё будуць прадзяржаўныя арганізацыі».

Наўрадці Лукашэнка адправіць усіх мігрантаў назад дамоў. Хутчэй ён будзе трымаць іх у ангары ці намётах нават узімку, абы выкарыстоўваць іх і надалей.

«Натуральна, беларускія ўлады не зацікаўлены ў развязанні міграцыйнага крызісу. Яны яго стварылі наўмысна, сваімі рукамі. Навошта яго развязваць? Дзіўная логіка. Зараз адзінае, што паўплывала на пазіцыю беларускіх уладаў, – гэта даволі ясныя пагрозы Польшчы пра спыненне чыгуначнага руху з Беларуссю і заявы пра магчымую блакаду мяжы».

Таму, лічыць адмыслоўца, канфлікт будзе трываць, бо беларускі рэжым прарваў блакаду маўчання еўрапейскіх палітыкаў. І калі Еўропа загаварыла, то будуць стварацца іншыя каналы міграцыі. Лукашэнка паступова ператварае краіну ў міграцыны хаб: базу для перакідвання мігрантаў. Але ці не перагуляе ў гэтай гульні сябе сам?

Андрэй Ягораў, дырэктар Цэнтру еўрапейскай трансфармацыі

«Па сутнасці гэта правакаванне геапалітычнага канфлікту і падрыў рэгіянальнай бяспекі. Таму адказ можа быць таксама рэгіянальны. Узнаўленне пачатку размоваў пра ўступленне Украіны, Грузіі і Малдовы ў НАТА».

ВІДЭА
Чым NATO адкажа Аляксандру Лукашэнку і Уладзіміру Пуціну?
2021.12.04 14:35

А ці патрэбна гэта будзе Расеі? І так саюзнік Пуціна нумар адзін, ператворыцца для яго ў галаўны боль нумар адзін. Падобнага меркавання і дарадца Святланы Ціханоўскай Валер Кавалеўскі.

«Лукашэнка асэнсавана развівае гэты кіраваны крызіс, як ён думае, але ёсць небяспека ў тым для яго самога, што ён можа згубіць кантроль над ім, над гэтым крызісам. Зараз ён думае, што па-ранейшаму ён кантралюе, але рана ці позна сітуацыя можа выйсці з-пад кантролю. Ён рухаецца ў гэтым кірунку. Але гэта не на карысць беларусаў, бо не факт, што кантроль перахопім мы. Кантроль могуць перахапіць расейцы. Гэта стварае небяспеку для нас, што Лукашэнка можа загуляцца».

Цана гульні нелегітымнага кіраўніка Беларусі высокая – суверэнітэт нашай дзяржавы. Бо ўжо цяпер відаць, што памежным канфліктам Лукашэнка не збіраецца абмяжоўвацца.

Міхал Патоцкі, рэдактар «Дзеннік газета праўна», Варшава:

«Я не думаю, што яму атрымалася дасягнуць мэтаў, якія ён сабе ставіў да гэтага крызісу. Таму што Лукашэнка не будзе прызнаны як легітымны прэзідэнт Беларусі, па-другое Еўропа не пойдзе на зняцце санкцыяў. (…) Гэта не стратэгічныя мэты, а тактычныя – фінансаванне: грошы ад мігрантаў, магчыма, нейкія грошы ад Еўропы. Але грошы – гэта не была галоўная мэта беларускага рэжыму».

Аляксандр Лукашэнка прайграў першы раўнд канфлікту, які сам выклікаў. Але ў выніку Беларусь трапляе ў яшчэ большую залежнасць ад Крамля. Еўразвяз вымушаны дзеля сваёй бяспекі не толькі будаваць сцяну з Беларуссю, але перадусім утаймоўваць дыктатара.

Вольга Міцкевіч для праграмы «ПраСвет»

Калаж з фота: KACPER PEMPEL / Reuters / Forum

Стужка навінаў