Стрыечны брат загінулага байца палка Каліноўскага пасля допытаў уцёк са шпіталю, а пасля і з краіны


Стрыечны брат загінулага ва Украіне добраахвотніка палка Каліноўскага Васіля Парфянкова ўцёк у Польшчу. Сяргей Бандарэнка ўцёк з лякарні ў Менску, куды трапіў пасля допыту сілавікамі. Пра гэта паведамляе радыё «Рацыя».

Сяргей Бандарэнка. Крыніца: viasna96/Telegram

Мужчыну затрымлівалі двойчы, правялі ператрус, забралі тэлефон. Вядома, што супраць яго завялі адміністратыўную справу за рэпост інфармацыі пра Васіля Парфянкова.

«Завялі справу паводле трох момантаў, скрыншоты зрабілі. Сказалі, што за кожны скрыншот – па 15 содняў. А тэлефон забралі на месяц на інфармацыйнае даследаванне. І я разумеў, што ў гэтым тэлефоне яны знойдуць такое, што мяне вывезуць у лес паводле іхных законаў і проста расстраляюць, як у 1937-м. Я зразумеў, што заставацца там нельга. І ўцёк са шпіталю», – кажа Сяргей Бандарэнка.

Сяргей распавёў, што падчас допыту сілавікі збілі яго, а пасля самі выклікалі хуткую: «Дактары з «хуткай» зразумелі, што мяне трэба шпіталізаваць. Мяне ўжо везлі ў ІЧУ, і я канкрэтна разумеў, што будзе 45 содняў, пасля яны яшчэ нешта знойдуць і зробяць замест адміністратыўнай крымінальную справу».

Сяргей Бандарэнка пасля допыту. Крыніца: racyja.com

Першы раз Сяргея Бандарэнку арыштавалі на 15 дзён пасля гібелі ва Украіне ягонага стрыечнага брата. Тады ж затрымлівалі маці загінулага і сястру.

Цяпер Бандарэнка ў Польшчы, у лагеры для ўцекачоў. Выехаць яму дапамог фонд «BYSOL».

Ваяры
Змагаўся за свабоду Беларусі, загінуў, ратуючы Украіну. Кім быў Васіль Сябро Парфянкоў?
2022.09.25 13:05

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў