Польскія памежнікі апублікавалі новае відэа з мігрантамі, якія збіраюцца перасякаць мяжу


Польская памежная служба апублікавала новае відэа з мігрантамі, якія збіраюцца нелегальна перасекчы беларуска-польскую мяжу. Па інфармацыі Падляскага аддзялення Памежнай службы, групу людзей, якая складалася прыкладна з 30 чалавек, вялі да мяжы беларускія сілавікі.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. На лініі паміж межамі Польшчы і Беларусі ўжо 12 дзён жывуць больш за трыццаць мігрантаў, па іх словах, з Афганістану. Яны не могуць патрапіць да Польшчы, іх таксама не ўпускаюць і ў Беларусь. Тэрыторыя ля вёскі Гжыбаўшчызна ў Падляскім ваяводстве, Польшча. 20 жніўня 2021 года.
Фота: Белсат

Польскія памежнікі паведамляюць, што інцыдэнт адбыўся каля 7 гадзін раніцы 7 лістапада каля памежнай заставы ў Чарэмшы. Па іх словах, беларускія сілавікі вывелі да польска-беларускай мяжы групу колькасцю каля 30 чалавек, каб незаконна пераправіць іх на польскі бок.

«Відавочна, што беларускія службы працягваюць арганізоўваць незаконнае перасячэнне мяжы нашай краіны. Як толькі яны заўважылі патрулі, якія ахоўваюць польскую мяжу, яны адступілі ўглыб Беларусі», – заявілі ў памежнай службе.

Таксама польскія памежнікі паведамілі, што надзвычай важным элементам аховы мяжы з’яўляецца фізічны барʼер, які стаіць на іх шляху, абцяжарвае і перашкаджае незаконнае перасячэнне мяжы. На мяжы ўстаноўлены плот, які мае вышыню 5,5 метра, ён зроблены са стальных панэляў вышынёй 4,5 метраў і ўвянчаны калючай драцяной спіраллю.

Нядаўна, 27 кастрычніка, польскія памежнікі апублікавалі відэа з дрону, дзе, як сцвярджаецца, беларускія вайскоўцы дапамагаюць мігрантам нелегальна перайсці мяжу. На відэа група людзей у суправаджэнні беларускіх памежнікаў спрабуе падысці да памежнай ракі Свіслач з беларускага боку. У адказ на гэта Дзяржаўны памежны камітэт Беларусі заявіў, што на кадрах паказаныя мігранты, якіх палякі гвалтоўна выціснулі са сваёй тэрыторыі.

Hавiны
Дзяржпагранкамітэт адрэагаваў на відэа польскіх калег, дзе беларускія сілавікі вядуць мігрантаў па лесе
2022.10.28 17:32

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў