Крызіс на мяжы, апытанне беларусаў і статыстыка па вакцынацыі. Галоўнае за 7 лістапада


Belsat.eu падводзіць вынікі нядзелі, 7 лістапада.

Крызіс на беларуска-польскай мяжы

Міністэрства абароны Польшчы выклала ў сеціва відэа з мігрантамі, якія атакуюць агароджу на беларуска-польскай мяжы.

У міністэрства адзначаюць, што польскія жаўнеры штодня сутыкаюцца з такімі сітуацыямі. «Група мігрантаў – маладых людзей – у прысутнасці прынамсі аднаго беларуса сёння напала на нашыя пасты», – паведамляе ведамства.

Міністр абароны Польшчы Мар’юш Блашчак адзначыў у Twitter, што «сітуацыя на мяжы становіцца ўсё больш напружанай».

«Deutsche Welle» са спасылкай на «Welt am Sonntag» піша, што колькасьць рэйсаў з Блізкага Усходу ў Менск вырасла больш як удвая ў параўнанні з зімой 2019-2020 гадоў. Тады ў Менску ў тыдзень прызямляліся каля 17 самалётаў з гэтага рэгіёну. А пасля пачатку пандэміі гэтыя лічба яшчэ больш скарацілася. А вось цяпер да сакавіка Беларусь рыхтуецца штотыдзень прымаць каля 40 рэйсаў са Стамбулу, Дамаску і Дубаі.

Цяпер у Беларусь штодзень прыбываюць каля 800-1000 мігрантаў, сведчаць звесткі нямецкіх спецслужбаў. Для абслугоўвання рэйсаў з краінаў Блізкага Усходу могуць быць задзейнічаны яшчэ пяць беларускіх аэрапортаў. Яны ператворацца з нацыянальных у міжнародныя. Адзін з іх, як адзначаецца, размешчаны ў Горадні.

Hавiны
Улады Іраку закрываюць беларускія консульствы
2021.11.06 19:02

Даследаванне ZOiS

Нямецкі даследчы цэнтр ZOiS апублікаваў вынікі новага апытання, якое праводзілася сярод беларусаў у чэрвені 2021 года.

Экс-кіраўнік Інстытута сацыялогіі НАН, а цяпер старшы аналітык Цэнтра новых ідэй Генадзь Коршунаў у сваім Telegram-канале вылучыў найбольш важныя высновы даследавання:

  • у параўнанні са снежнем 2020 года суадносіны пратэставай і раялісцкай часткі грамадства практычна не змяніліся: чуць больш паловы супраць чуваць менш трэцяга;
  • меркаванні адносна прыярытэтаў для развіцця Беларусі таксама не змяніліся: гэта незалежнасць, рэальны ўдзел людзей у палітычным жыцці дзяржавы і падтрыманне годнага ўзроўню жыцця насельніцтва;
  • галоўным спосабам вырашэння існага канфлікту большая палова апытаных называе новыя выбары – так лічаць 53% (у снежні мінулага года такіх было 43%).

Статыстыка па вакцынацыі

Вакцынацыя работнікаў і студэнтаў Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўніверсітэту.
Фота: Максім Кубарскі / Медыяцэнтр БНТУ

Паводле Міністэрства аховы здароўя, у Беларусі ўжо больш за 3 млн. 022 тыс. чалавек атрымалі першую дозу вакцыны супраць COVID-19. З іх больш за 2 млн 332 тыс. прайшлі поўны курс вакцынацыі.

У лідарах па поўнай вакцынацыі – Менск і Гомельская вобласць (463,5 і 424,9 тысяч адпаведна). Самыя нізкія тэмпы вакцынацыі на Віцебшчыне – там поўны курс прайшлі толькі 242,1 тысяча чалавек.

Праўда, афіцыйная статыстыка Мінздароўя наконт вакцынацыі выклікае недавер у экспертаў і грамадскасці.

Hавiны
Беларусь атрымае 2,6 мільёна дозаў кітайскай вакцыны
2021.11.07 21:39

Ціск на палітвязня

Праваабаронцы паведамляюць пра ціск на палітычнага зняволенага, актывіста «Еўрапейскай Беларусі» Андрэя Войніча.

Зняволены ў магілёўскай калоніі атрымаў два спагнанні і быў змешчаны ў штрафны ізалятар. Сваякі не маюць з ім ніякай сувязі: ні праз тэлефон, ні праз лісты, якія ад яго не даходзяць. Сваякі не могуць перадаць яму і пасылку з рэчамі і лекамі.

Артыкулы
Ігар Лосік 500 дзён за кратамі. Дзве галадоўкі і чатыры месяцы таемнага суду
2021.11.07 11:12

Рассылка ад «КосмасТВ»

У ноч на 7 лістапада дзейным і былым абанентам беларускага правайдэра «Космас-ТВ» прыйшло дзіўнае SMS-паведамленне з рэкамендацыяй вакцынавацца, «улічваючы значны рост інфекцыяў COVID-19, выкліканы часовым перабываннем грамадзянаў з краінаў Блізкага Усходу на тэрыторыі РБ».

«Антымігранцкае» SMS ад «Космас-ТВ». Скрыншот: чытач Zerkalo.io

На сайце «КосмасТВ» паведамляюць, што праз «тэхнічны збой» некаторым абанентам прыйшлі SMS з «некарэктным зместам». Кампанія дадала, што паведамленні «фальшывага правакацыйнага характару з’явіліся наступствам вонкавага тэхнічнага ўмяшання на адзін з сервераў». Кампанія папрасіла прабачэння, але заклікала не забываць аб захадах прафілактыкі COVID-19.

Міністэрства аховы здароўя тым часам заявіла, што яно не мае дачынення да рассылкі, але сапраўды рэкамендуе вакцынавацца ад COVID-19 і грыпу.

Hавiны
Зрынанне законнай улады, тэрарызм і свята авіяцыі. Што Беларусь святкуе 7 лістапада
2021.11.07 09:44

РР belsat.eu

Стужка навінаў