143 дзяржаўныя банкруты. Каго цяпер ліквідуюць, каго рэанімуюць – ад «Мотавела» да піяніна «Беларусь»


Не толькі «Трайпл» банкрутаваў. Міністэрства эканомікі вядзе ўлік дзяржаўных арганізацыяў у працэдурах эканамічнай няздатнасці (банкруцтва). Па стане на 1 верасня 2021 года 91 прадпрыемства было на стадыі ліквідацыі, 37 яшчэ спрабавалі ўратаваць праз працэдуру санацыі.

Стары корпус заводу «Сукно» ў цэнтры Менску. 2 красавіка 2014 года.
Фота: Павел Дабравольскі / ej.by

На спіс звярнуў увагу партал Zerkalo.io. «Белсат» таксама пагартаў спіс. Што цікавага ў ім:

  • Найбуйнейшы банкрут паводле кошту маёмасці – гаспадарка «Камароўка» з поўдня Берасцейшчыны, якая ўключае птушкафабрыку, вытворчасць пластыкавых вокнаў і дзвярэй, дрэваапрацоўку, вытворчасць кармоў. Прадпрыемства ліквідуюць, маёмасць ацэньваюць у 201,7 млн рублёў. Паводле прадпрыемства, на лета 2019 года там працавалі 1300 чалавек.
  • У Барысаўскага прадпрыемства музычных інструментаў налічылі маёмасці толькі на 1545 рублёў і 91 капейку. Ліквідуюць прадпрыемства, якое працавала з 1935 года і вырабляла шырокавядомыя піяніна «Беларусь».
  • У некалькі дзясяткаў тысяч рублёў ацанілі Барысаўскую швейную фабрыку, Слуцкі піваварны завод, «Баранавічыдрэў», «Гомельгазбуд», Наваградскі грузавы аўтамабільны парк, Бабруйскі завод напояў…
  • У стадыі ліквідацыі завод «Сукно», які называў сябе найбуйнейшым у Беларусі вытворцам тэкстылю. Старыя памяшканні заводу – тая руіна блізу менскай плошчы Незалежнасці.
  • Ліквідуюць таксама Асіповіцкі вагонабудаўнічы завод, Барысаўскі кансервавы завод і Барысаўскі крышталёвы завод імя Дзяржынскага, «Дываны Брэста», магілёўская швейная фабрыка «Вяснянка», Маладзечанскі завод металавырабаў, Менскі завод будаўнічых матэрыялаў, Мёрскі льнозавод…
Аналітыка
Парадокс афіцыйнай статыстыкі: колькасць працэдураў ліквідацыі прадпрыемстваў расце, а справаў аб банкрутах – змяншаецца
2021.09.08 11:14
  • «Бабруйсктранс» яшчэ не ліквідуюць, ідзе конкурсная вытворчасць (глядзяць на патрабаванні крэдытораў і маёмасць прадпрыемства). Сем гадоў таму кіроўцы «Бабруйсктранса» вазілі грузы на Каўказ і ў Сібір.
  • Кіроўную кампанію холдынгу «Забудова» спрабуюць уратаваць санацыяй. Комплексны будаўнічы камбінат з чатырох заводаў – у ліку найбуйнейшых у Беларусі, на рынку быў 30 гадоў. Цяпер маёмасць кіроўнай кампаніі холдынгу ацэньваюць у 53 млн рублёў.
  • На стадыі санацыі таксама Быхаўскі кансервава-агароднінасушыльны завод, Гомельскі і Пінскі вінаробчыя заводы, Гомельскі тлушчавы камбінат, Маладзечанскі завод металаканструкцыяў, магілёўскі завод «Строммашына», Менскі завод ацяпляльнага абсталявання,
  • Шматпакутнае «Мотавела» ліквідуюць, маёмасці ў яго на 48,8 млн рублёў. У 1990-х гадах «Мотавела» выкупіў канадскі інвестар, а ў 2004-м – хацеў набыць італьянскі вытворца скутараў «Каджыва». Але профільнаму заходняму інвестару Лукашэнка пастанавіў прадпрыемства не прадаваць. Замест гэтага – спачатку нацыяналізаваў завод і арыштаваў уладальніка (яго асудзілі на 11 гадоў турмы), потым аддаў яго афшорнай аўстрыйскай кампаніі, а затым зноў забраў назад. Банкрутам «Мотавела» прызналі яшчэ ў 2018-м. На месцы заводу ўлады ўяўляюць «тэхнапарк».
Аб’ектыў
Як нацыяналізоўвалі беларускія прадпрыемствы
2020.06.16 00:34

АА belsat.eu

Стужка навінаў