Прадстаўніца Пераходнага кабінету: «Прызнанне Алеся Бяляцкага стварае велізарны ціск на Лукашэнку»


Прадстаўніца Аб’яднанага пераходнага кабінету па нацыянальным адраджэнні Аліна Коўшык выказалася пра ўручэнне Нобэлеўскай прэміі міра беларускаму праваабаронцу Алесю Бяляцкаму. У спецыяльным эфіры «Белсату» яна распавяла, што Аляксандру Лукашэнка прыйдзецца ўлічваць гэты факт і што цяпер самы час, каб на новым узроўні ўзняць пытанне беларускіх палітычных вязняў.

На думку Аліны Коўшык, такое сусветнае прызнанне Алеся Бяляцкага стварае велізарны ціск на Аляксандра Лукашэнку, «ён не можа цяпер казаць і рабіць выгляд, што нічога не адбываецца з нашымі палітвязнямі».

Улічваючы той факт, што Алесь Бяляцкі быў названы асабіста, побач з іншымі арганізацыямі – расейскай праваабарончай арганізацыяй «Мемарыял» і Цэнтрам грамадзянскіх свабодаў з Украіны, гэта дае вельмі шмат моцы голасу беларусам, бо зараз вельмі складана прабівацца праз павестку вайны, падкрэсліла Коўшык.

Цяпер, па словах прадстаўніцы Пераходнага кабінету, у гэтым кантэксце тэма палітвязняў прагучыць нашмат гучней і трэба выкарыстаць гэты момант для моцнага ціску на Аляксандра Лукашэнку і вымусіць на ім звальненне палітвязняў.

«Цяпер на палітычным узроўні трэба як мага гучней казаць, выкарыстоўваючы гэты момант і ўвагу медыяў, казаць пра Алеся Бяляцкага і Беларусь у кантэксце яго праваабарончай дзейнасці. Гэта можа стаць каталізатарам пэўных падзей у нашым рэгіёне», – кажа Коўшык.

Каментар
Праваабаронца Стрыжак: Важна разумець, чаму менавіта такое рашэнне прыняў Нобэлеўскі камітэт
2022.10.07 15:29

«Беларускія праваабаронцы з 80-90-х гадоў робяць выбітную працу, ратуючы жыцці шмат якіх беларусаў. Асабліва цяпер, пасля 2020 года, гэтая праца неверагодна важная. Алесь Бяляцкі – найлепшы сімвал нашай барацьбы. […] Гэта чалавек рэнесансу нашай эпохі. Чалавек, які быў паспяховым шмат у якіх галінах, і гэта вялікі гонар, што мы маем такіх сучаснікаў зараз, побач з намі. І яшчэ больш радасці ад таго, што яго ацанілі ва ўсім свеце», – сказала Аліна Коўшык.

Праваабарончы цэнтр «Вясна», якім кіруе Бяляцкі, – лідар беларускай праваабарончай супольнасці і найбольш вядомы шырокім масам. Але, са слоў Коўшык, такіх арганізацый багата і ўсе яны выконваюць неверагодную працу ў той момант, калі рэжым рэпрэсуе ўсіх беларусаў. І, магчыма, таму прэмію далі не самой «Вясне», а менавіта Алесю Бяляцкаму, каб паказаць, што гэта прэмія ўсім беларускім праваабаронцам.

Пакуль невядома, ці ведае Алесь Бяляцкі, што атрымаў прэмію, бо знаходзіцца ў турме ў інфармацыйным вакууме.

«Спадзяюся, што ўсе палітычныя вязні даведаюцца пра гэта як мага хутчэй і гэта будзе праменьчыкам святла і надзеі ў тых цяжкіх умовах, у якіх яны знаходзяцца зараз. Я ўпэўнена, што гэта дадасць сілы для барацьбы ўсім нам. Трэба скарыстаць гэты момант, гэтую ўвагу ўсяго свету, каб яшчэ гучней казаць пра Беларусь», – кажа прадстаўніца Пераходнага кабінету.

Алесь Бяляцкі знаходзіцца ў турме больш за год і пакуль ён там, традыцыйную прамову Нобэлеўскага лаўрэата асабіста ён не зможа сказаць. Магчыма ў яго атрымаецца прынамсі напісаць і перадаць яе на волю, і тады ягоная жонка, якая хутчэй за ўсё паедзе на ўручэнне, зможа яе прачытаць, мяркуе Коўшык. Але да ўручэння прэміі ёсць яшчэ час і можа быць спадар Алесь Бяляцкі яшчэ апынецца на свабодзе.

Артыкулы
Алесь Бяляцкі атрымаў Нобэлеўскую прэмію міру
2022.10.07 13:14

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў