Палітолаг Казакевіч: Нобэль Бяляцкаму паказвае, што лёс беларускіх палітвязняў не абыякавы міжнароднай супольнасці


Нобэлеўская прэмія беларускаму праваабаронцу і адначасова палітвязню Алесю Бяляцкаму – гэта вельмі важны сігнал усім беларусам, якія застаюцца за кратамі. Пра гэта ў каментары «Белсату» распавёў палітолаг Андрэй Казакевіч.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Акцыя салідарнасьці з затрыманымі праваабаронцамі «Вясны» адбылася ў Кіеве. 17 верасня 2021 года.
Фота: Белсат

«Гэта вельмі важна, гэта вельмі паказальна ў тым кантэксце, што сам Алесь ужо другі раз за кратамі. Як і шмат якія іншыя беларускія праваабаронцы, актывісты і журналісты. Такое рашэнне – падтрыманне ўсіх, хто цяпер за кратамі. Яно паказвае, што іхны лёс не абыякавы міжнароднай супольнасці», – адзначыў палітолаг.

Пры гэтым, на ягоную думку, дзейныя ўлады ў Беларусі будуць спрабаваць ігнараваць інфармацыю пра ўручэнне Нобэлеўскай прэміі Алесю Бяляцкаму.

«Скажуць, што гэтыя прэміі цяпер нічога не значаць. Што Нобэлеўская прэмія, прынамсі міру і літаратуры, палітызаваная. Таму на іх можна не звяртаць увагі», – мяркуе Андрэй Казакевіч.

Артыкулы
Алесь Бяляцкі атрымаў Нобэлеўскую прэмію міру
2022.10.07 13:14

Кіраўнік праваабарончага цэнтру «Вясна» Алесь Бяляцкі цяпер застаецца за кратамі. Яго затрымалі 14 ліпеня 2021 года ў межах маштабнай атакі спецслужбаў на праваабарончую супольнасць Беларусі. Спачатку яму выставілі абвінавачанне паводле арт. 342 КК РБ («Арганізацыя і рыхтаванне дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак, або актыўны ўдзел у іх») і арт. 243 («Ухіленне ад выплаты падаткаў»), але цяпер яму выстаўленыя іншыя абвінавачанні паводле арт. 228 КК («Кантрабанда») і ч. 2 арт. 342 КК («Фінансаванне групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак»). Бяляцкага дагэтуль яшчэ не судзілі, а толькі працягвалі тэрмін утрымання пад вартаю. Праваабаронцы прызналі яго палітычным зняволеным.

7 кастрычніка стала вядома, што ён атрымае Нобэлеўскую прэмію міру ў 2022 годзе. Таксама ўзнагароду дадуць расейскай праваабарончай арганізацыі «Мемарыял» і Цэнтру грамадзянскіх свабодаў з Украіны.

«Лаўрэаты прэміі міру прадстаўляюць грамадзянскую супольнасць у сваіх краінах. Яны на працягу многіх гадоў прасоўвалі права на крытыку ўлады і абароны асноўных правоў грамадзянаў. У іх ёсць выдатныя намаганні для дакументавання ваенных злачынстваў, парушэнняў правоў чалавека і злоўжыванняў уладай. Разам яны дэманструюць значэнне грамадзянскай супольнасці для міру і дэмакратыі», – паведамляе Нобэлеўскі камітэт.

Макар Мыш belsat.eu

Стужка навінаў