Пагадненню аб пазбяганні падвойнага падаткаабкладання з Украінаю хутка канец. Што яшчэ ў чарзе


Беларусь можа скасаваць дамовы аб пазбяганні падвойнага падаткаабкладання з краінамі, якія лічыць «недружалюбнымі». Працэс ужо пачаўся. Праўда, пакуль не з ініцыятывы нашай дзяржавы. Адмяніць дзеянне адпаведнага пагаднення мае намер Украіна.  «Белсат» пацікавіўся ў экспертаў, чым гэта можа пагражаць беларусам.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Olya Kobruseva / Pixels

Кабінет міністраў Украіны 4 кастрычніка ўхваліў законапраект аб прыпыненні дзейнага з 1995 года пагаднення з урадам Беларусі аб уніканні двайнога падаткаабкладання і перадухіленні нявыплаты падаткаў у дачыненні падаткаў на прыбытак і маёмасць. Каб дакумент пачаў дзеяць, праект закону павінна яшчэ разгледзець і прыняць Вярхоўная Рада.

Як паведамляе прэс-служба ўраду Украіны, пагадненне прыпыняюць, каб паскорыць згортванне «эканамічных і фінансавых сувязяў з РБ як дзяржаваю – саюзнікам краіны-агрэсара ў поўнамаштабнай вайне супраць Украіны».

На думку аўтараў законапраекту, дзякуючы гэтаму бюджэт Беларусі не будзе папаўняцца за кошт падаткаў беларусаў, якія вядуць на ільготных умовах дзейнасць ва Украіне. Пры гэтым для іх ва Украіне не будзе ільготнага падаткаабкладання, а з усіх атрыманых там прыбыткаў давядзецца заплаціць падатак паводле агульнай стаўкі – 15 %.

Між тым украінскі бюджэт не будзе губляць грошай, якіх недаатрымліваў, калі рэзідэнты Украіны, якія дзеялі ў Беларусі, плацілі падаткі ў беларускі скарб, лічаць у Кабінеце міністраў. Таксама Украіна пазбавіцца ад абавязковага абмену інфармацыяй з Беларуссю пра падатковыя пытанні.

«Наш адказ Чэймбэрлену»

Пагадненне аб пазбяганні двайнога падаткаабкладання ў Беларусі заключылі з 70 краінамі. Азнаёміцца з поўным спісам можна на сайце Міністэрства падаткаў і збораў Беларусі.

Крыніцы «Белсату» кажуць, што неўзабаве гэты спіс можа істотна зменшыцца. Прычым з ініцыятывы ўладаў у Менску. Нашыя суразмоўцы спасылаюцца на нормы ўказу № 93 «Аб дадатковых захадах для забеспячэння стабільнага функцыянавання эканомікі». Яго Аляксандр Лукашэнка падпісаў яшчэ 14 сакавіка. Згодна з указам, Савет Міністраў можа прыпыніць дамову аб пазбяганні двайнога падаткаабкладання з «недружалюбнымі» краінамі ў якасці адказу на ўведзеныя імі санкцыі.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Людзі стаяць у чарзе да банкамата ў Менску, Беларусь.
Фота: Белсат

Спіс «недружалюбных» краінаў прыведзены ў пастанове ўраду № 209 ад 6 красавіка. Да іх адносяцца Аўстралія, Албанія, Вялікая Брытанія, дзяржавы Еўразвязу, Ісландыя, Канада, Конга, Новая Зеландыя, Нарвегія, Паўночная Македонія, ЗША, Харватыя і Швейцарыя. З шмат якімі ў Беларусі ёсць дамова аб пазбяганні двайнога падаткаабкладання.

Паводле крыніцы «Белсату», пакуль у беларускага Савету Міністраў «рукі не дайшлі» да таго, каб адмяніць пагадненні аб падвойным падаткаабкладанні з «недружалюбнымі» краінамі, але такія планы разглядаюцца.

Утойваць падаткі або пазбавіцца грошай

Мы пацікавіліся ў экспертаў, чым пагражае насельніцтву і прадпрыемствам адмена пагадненняў аб пазбяганні падвойнага падаткаабкладання.

У каментары «Белсату» старэйшы навуковы працаўнік даследчага цэнтру BEROC Настасся Лузгіна адзначыла, што сярод фізічных асобаў гэтыя змены закрануць найперш тых, хто мае якія-небудзь прыбыткі (атрымлівае дывідэнды ад валодання каштоўнымі паперамі, адсоткі, заробак ці ўзнагароджанне) за мяжою.

«Напрыклад, чалавек выязджае на сезонныя працы трускаўкі збіраць. На тры месяцы яму афармляюць кантракт, грошы пераводзяцца, падаткі ён аплочвае. Але калі пагаднення аб пазбяганні падвойнага падаткаабкладання няма, то ў наступным годзе беларуская падатковая прымусіць яго плаціць падаткі з тых жа прыбыткаў, з якіх ён ужо іх заплаціў», – распавяла эканамістка.

Экспертка адзначыла, што цяпер звесткі пра выплачаныя рэзідэнтамі за мяжою падаткі ўлічваюцца айчыннымі падатковымі органамі ў межах названых пагадненняў. Адпаведна, у Беларусі ўжо не плоціцца ніякіх падаткаў, калі яны роўныя або большыя за сумы падатковага плацяжу ў РБ. Аднак пасля адмены або прыпынення дзеяння пагадненняў усё гэта знікне.

«У выніку чалавек можа сутыкнуцца з праблемаю падвойнага падаткаабкладання, што, вядома, няправільна. А падаткі ў шмат якіх краінах немаленькія. Уявім: у чалавека за мяжою вылічылі ў кошт падаткаў 30–37 % ягонага заробку, а ў Беларусі ён павінен заплаціць яшчэ 13 % падаходнага падатку. Гэта значыць, да 40–50 % заробку сыдзе ў падатковыя некалькіх дзяржаваў», – тлумачыць Настасся Лузгіна.

Некаторыя асобы, якія плацяць падаткі ў іншай краіне, могуць пачаць развязваць пытанні так, каб атрыманыя за мяжою грошы не былі бачныя ў Беларусі. Аднак у такой сітуацыі ў падатковай усё роўна могуць узнікнуць пытанні: напрыклад, у выпадку ажыццяўлення буйных набыткаў і жыцця «не паводле сродках». У любым выпадку адсутнасць абмену падатковай інфармацыяй негатыўна адаб’ецца і на якасці барацьбы з ухіленнем ад выплаты падаткаў, мяркуе эксперт.ка

Каб унікнуць падвойнага падаткаабкладання, можна даць пацверджанне з падатковых органаў пра выплату ўсіх падаткаў, аднак атрымаць такі дакумент таксама можа быць цяжка. Згодна з Падатковым кодэксам Беларусі, можна даць копіі падатковай дэкларацыі ды копіі плацежнага дакументу аб выплаце падаткаў.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Аліса Ганчар / Белсат

«У міжнароднай практыцы існуе механізм аўтаматычнага абмену фінансавай інфармацыяй (Common Reporting Standards). Гэта сучасная ініцыятыва, якая дазваляе абменьвацца фінансавымі звесткамі падатковым з больш як ста краінаў. Аднак Беларусь да гэтай ініцыятывы дасюль не далучылася. Таксама існуюць канвенцыі аб пазбяганні падвойнага падаткаабкладання і перадухілення нявыплаты падаткаў, двухбаковыя пагадненні аб пазбяганні падвойнага падаткаабкладання. Якраз апошні від узаемадзеяння ў падатковай сферы і будзе прыпынены паміж Беларуссю і Украінай», – адзначае эканамістка.

Такім чынам, заключае Настасся Лузгіна, з аднаго боку, непразрыстая падатковая прастора можа стварыць прэтэндэнты ў павелічэнні долі ценявой эканомікі, а з другога – добрасумленныя рэзідэнты Беларусі, якія атрымліваюць прыбытак ва Украіне, могуць сутыкнуцца з праблемаю доказу аплаты падаткаў у іншай дзяржаве. Адсутнасць узаемадзеяння падатковых органаў вымусіць іх плаціць падаткі ў падвойным памеры.

Удар па інвестыцыях

Грамадзяне – не адзіная катэгорыя, якую можа закрануць скасаванне пагадненняў аб пазбяганні падвойнага падаткаабкладання, адзначыў у каментары «Белсату» на ўмовах ананімнасці адмысловец у сферы падаткаабкладання. Паводле яго, нават ва ўмовах вайны ў Беларусі ёсць кампаніі з украінскімі ўласнікамі, і «іх, здаецца, пакуль нямала».

«Вось ім падаткі з дывідэндаў цяпер не залічаць. Гэта значыць, рэальна для іх гэта і будзе падвойнае падаткаабкладанне. Тое сама будзе з беларускімі кампаніямі ва Украіне. Пасля адмены такіх пагадненняў замежным інвестарам трэба будзе плаціць падатак з дывідэндаў і ў сябе ў краіне, і ў Беларусі. Гэта значна павялічыць падатковую нагрузку на іх. У гэтым выпадку ў іх істотна знізіцца зацікаўленасць у развіцці свайго бізнесу і далейшых інвестыцыях», – растлумачыў наш суразмоўца.

Адмена такіх пагадненняў беспасярэдне ўдарыць па замежных інвестарах у Беларусі, як і па беларускіх у «недружалюбных» краінах. Эксперт нагадаў, што яшчэ зусім нядаўна ўлады Беларусі, наадварот, імкнуліся павялічваць колькасць такіх пагадненняў, каб рос прыток замежнага капіталу.

Аналітыка
«Спроба сілаю схіліць да кахання». Забарона інвестарам прадаваць свае акцыі – што гэта дасць Беларусі?
2022.07.05 18:35

Макар Мыш / Авер belsat.eu

Стужка навінаў