Алесь Бяляцкі больш за год не бачыў жонку з сынам і не размаўляў з імі


Юрыст праваабарончага цэнтру «Вясна» Павел Сапелка пракаментаваў «Белсату» ўганараванне Нобэлеўскай прэміяй кіраўніка цэнтру, палітвязня Алеся Бяляцкага.

Алесь Бяляцкі.
Фота: spring96.org

«Для нас Нобэлеўская прэмія, якую прысудзілі Алесю і дзвюм праваабарончым арганізацыям, – гэта яскравая і заслужаная адзнака Алесю як праваабаронцу, як змагару за нацыянальную ідэю, за дэмакратычныя каштоўнасці. Гэта яшчэ адзін напамін пра тое, што Алесь застаецца ў турме. Як і яшчэ пяць чальцоў праваабарончага цэнтру «Вясна». Гэта напамін пра тое, што ў турмах і калоніях Беларусі застаюцца больш як 1300 палітвязняў і дзясяткі тысяча асобаў прайшлі праз затрыманні, праз арышты», – распавёў Павел Сапелка.

Паводле яго, атрыманне Нобэлеўскай прэміі робіць яшчэ больш пазнавальнай працу і змаганне «Вясны», а з другога боку – «яшчэ больш павышае адказнасць за яе эфектыўнасць».

Павел Сапелка адзначыў, што ад Алеся Бяляцкага вельмі мала вестак – літаральна кароткія паштоўкі, якія ён дасылае людзям і якія перад гэтым праходзяць цэнзуру.

«Алесь не бачыўся са сваёй жонкай і са сваім сынам ужо больш за год. Яны нават не маглі паразмаўляць па тэлефоне. Толькі перапіска. Да таго ж не вельмі надзейная», – адзначыў юрыст «Вясны».

Тым не менш, на ягоную думку, атрыманне прэміі «нараджае асцярожную надзею на тое, што прынамсі палітвязні могуць быць вызваленыя». І, магчыма, улады ўспрымуць гэта як сігнал вызваляць палітвязняў, спадзяецца праваабаронца.

«Тое, што ўзнагарода прызначаная арганізацыям з трох краінаў, – таксама сімвалічны жэст. Прызнанне таго, што супраць Украіны ваююць таталітарныя рэжымы. Што грамадзянская супольнасць як Расеі, гэтак і Беларусі падтрымлівае намаганні Украіны ў змаганні з агрэсарам», – кажа Павел Сапелка.

Праваабаронцы будуць прасіць, каб на атрыманне ўзнагароды паехала жонка Алеся Бяляцкага.

«Калі яна зможа, то гэта будзе вельмі правільным у адсутнасць Алеся. Але, канечне, нашая мара, каб паехаў сам Алесь», – кажа прадстаўнік «Вясны».

Кіраўнік праваабарончага цэнтру «Вясна» Алесь Бяляцкі цяпер застаецца за кратамі. Яго затрымалі 14 ліпеня 2021 года ў межах маштабнай атакі спецслужбаў на праваабарончую супольнасць Беларусі. Спачатку яму выставілі абвінавачанне паводле арт. 342 КК РБ («Арганізацыя і рыхтаванне дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак, або актыўны ўдзел у іх») і арт. 243 («Ухіленне ад выплаты падаткаў»), але цяпер яго вінавацяць у фінансаванні пратэстаў і кантрабандзе. Бяляцкага дагэтуль так і не судзілі, а толькі працягвалі тэрмін утрымання пад вартаю. Праваабаронцы прызналі яго палітычным зняволеным.

Hавiны
«Арміі прамаўляюць, бо праваабаронцаў не чулі». Украінскі Цэнтр грамадзянскіх свабодаў пра свой і не толькі Нобэль
2022.10.07 17:08

Макар Мыш belsat.eu

Стужка навінаў