«Алесь Бяляцкі – гонар беларусаў». Ціханоўская павіншавала праваабаронцу з атрыманнем Нобэлеўскай прэміі


Кіраўнік беларускай праваабарончай арганізацыі «Вясна» Алесь Бяляцкі, якога больш за год трымаюць за кратамі, атрымаў Нобэлеўскую прэмію міру. Прадстаўніца дэмакратычных сілаў Беларусі ​Святлана Ціханоўская павіншавала праваабаронцу з атрыманнем прэміі такога высокага ўзроўню.

Святлана Ціханоўская і Алесь Бяляцкі на ўручэнні прэміі Сахарава «За свабоду думкі».
Фота: «Вясна»

«Гэта выдатная навіна! Алесь Бяляцкі – гонар беларусаў. Цяпер пра гэта ведаюць ва ўсім свеце. Цяпер у Беларусі ёсць яшчэ адзін нобэлеўскі лаўрэат – які супрацьстаіць дыктатуры і вайне», – напісана ў тэлеграм-канале Святланы Ціханоўскай.

Таксама Ціханоўская павіншавала ягоных родных з гэтай узнагародай і кожнага, хто выбраў справаю жыцця праваабарончую дзейнасць: «Я ўпэўненая, што для сям’і гэта вельмі важны знак падтрымкі. Але гэтая ўзнагарода – яшчэ і прызнанне ўнёску ўсіх беларускіх праваабаронцаў у забеспячэнне міру і правоў чалавека. Таму я віншую кожнага, хто абраў гэта справаю свайго жыцця.

Аднак Ціханоўская падкрэсліла, што Алесь Бяляцкі даведаецца пра сваю ўзнагароду крыху пазней і не зможа асабіста яе атрымаць, бо застаецца за кратамі:

«На жаль, пра ўручэнне Нобэлеўскай прэміі Алесь не даведаўся імгненна разам з намі. Ён не прыедзе ў Осла з нобэлеўскай прамовай, бо Алесь Бяляцкі, як і тысячы беларусаў, застаецца за кратамі з палітычных прычынаў. Ужо другі раз яго прызналі палітзняволеным. І гэта сведчыць пра тое, што рэжым ёсць пагрозай міру і свабодзе беларускага народу».

Таксама Ціханоўская сказала, што гэтая ўзнагарода – нагода ўсёй Беларусі ганарыцца нобэлеўскім лаўрэатам: «Гэта далёка не першы выпадак, калі прэмію міру атрымлівае чалавек, які застаецца за кратамі праз палітычныя прычыны. Але гэта першы выпадак, калі ўся Беларусь ганарыцца нобэлеўскім лаўрэатам у турме».

Святлана Ціханоўская выказала надзею, што тыя, хто ўчыніў рэпрэсіі супраць праваабаронца і тысячаў невінаватых людзей, хутка застануцца ў невядомым мінулым. А ў гісторыю ўвойдуць менавіта такія героі, як Алесь Бяляцкі.

Артыкулы
Алесь Бяляцкі атрымаў Нобэлеўскую прэмію міру
2022.10.07 13:14

Алесь Бяляцкі стаў другім лаўрэатам Нобэлеўскай прэміі за ўсю гісторыю незалежнай Беларусі – у 2015 годзе Святлана Алексіевіч была ўганараваная Нобэлеўскай прэміяй у галіне літаратуры. Таксама Нобэлеўскую прэмію міра за 2022 год атрымала расейская праваабарончая арганізацыя «Мемарыял» і Цэнтр грамадзянскіх свабодаў з Украіны.

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў